История и будни железнодорожной станции «Лепель»

mamikov-i-klyashtornayaКожны лепяльчанін, і нават самы маленькі, ведае пра існаванне ў нашым горадзе чыгуначнай станцыі. Мы бачым, як грузавыя з вялікай колькасцю вагонаў і пасажырскія цягнікі перыядычна курсіруюць па “жалезцы” і здзіўляемся іх магутнасці. Нават задумалася: “Цягнік можа перавезці грузу за адзін рэйс больш за іншы від транспарту — наземны, паветраны ці водны”.

Лепель — тупіковая станцыя Мінскага аддзялення Беларускай чыгункі. Туды і накіроўваюся зімовым днём. Адразу адзначыла, як работнікі клапатліва вычышчаюць снег з тэрыторыі станцыі, ганак, увогуле, выглядае як летам.

Калі зайшла ў залу чакання, узгадала дзіцячыя гады. Вяртаючыся дадому з базару, заўсёды спыняліся тут перадыхнуць, пасядзець ва ўтульных крэслах і памарыць, як будзем у розныя гарады ездзіць на цягніку.

 

На тэрыторыі ёсць яшчэ адзін будынак — дом адпачынку лакаматыўных брыгад, назва кажа сама за сябе. Раней там яшчэ знаходзіўся цікавы музей, дзе можна было пазнаёміцца з сапраўднымі рарытэтамі. На жаль, ён ужо не існуе.

З тых часоў змянілася многае. Зала чакання стала больш утульнай, дзякуючы сучаснаму рамонту. З улікам эпідэміялагічнай сітуацыі вісіць дэзсродак, якім могуць скарыстацца пасажыры. На стэндах шмат карыснай інфармацыі — і па бяспецы, і па раскладзе руху цягнікоў, і шмат чаго іншага.

Не працуе ўжо некалькі гадоў каса. Цяпер білеты можна набыць падчас падарожжа і праз інтэрнэт — на далёкае накіраванне.

А вось і кабінет начальніка станцыі Ільі Мамікава, які расказаў пра дзень сённяшні калектыву. У штаце 5 дзяжурных, 5 камерцыйных агентаў, 4 укладальнікі цягнікоў і ўласна кіраўнік.

Кожны са спецыялістаў мае свае абавязкі згодна з інструкцыяй. Так, напрыклад, дзяжурны прымае і адпраўляе цягнікі, забяспечвае бяспеку руху і выконвае манеўровыя работы.

— У чым сутнасць манеўровых работ? — задаю пытанне Ільі Анатольевічу.

— Гэта перамяшчэнне рухомага складу ў межах станцыі, а ў асобных выпадках — і з выездам на перагон.

Пра калектыў

andrej-amosenka

Як адзначае мой суразмоўца, у калектыве працуюць добрасумленныя людзі, правераныя часам. Сярод іх ёсць і ветэраны труда, як, напрыклад, Наталля Нікіціна, якая рупіцца дзяжурным па станцыі з 1985 года.

Так склалася, што вопытныя работнікі заўсёды аказваюць падтрымку маладым супрацоўнікам, з’яўляюцца для іх настаўнікамі і дарадцамі, кансультуюць па розных пытаннях.

Ёсць такія пасады, дзе працуюць людзі толькі са спецыяльнай адукацыяй. Так, напрыклад, дзяжурны па станцыі Вікторыя Кляшторная сядзіць перад вялікім табло са шматлікімі кнопкамі і лямпачкамі, на якім паўторнікі паказанняў святлафораў або саставаў, што прыбываюць. Дзяўчына спрабуе мне растлумачыць прызначэнне асобных кнопак, але запомніць такі вялікі аб’ём інфармацыі вельмі складана. Нават не ўяўляю, як можна кіраваць усім гэтым россыпам пераключальнікаў ды яшчэ трымаць у галаве саставы, што прыбываюць, і накіроўваць іх на патрэбны шлях.

Упэўнена, любы пасажыр чыгункі хоць раз цікавіўся, як вытрымліваюцца дакладныя графікі, а саставы прыязджаюць роўна на пазначаную платформу.

Вікторыя Віктараўна пераводзіць стрэлкі, адкрывае сігналы, дае каманду, куды ехаць. Пакуль не адкрые сігнал, машыніст будзе бачыць чырвоны колер і не мае права пачаць рух.

Дык вось: каб так спрытна кіраваць рухам, патрэбна спецыяльная адукацыя, вялікая адказнасць ды яшчэ і здольнасць хутка прымаць рашэнні.

Дзяўчына скончыла Аршанскі чыгуначны тэхнікум у 2005 годзе і была размеркавана ў Лепель, які з часам палюбіла як родны. Тут знайшла і свой лёс: выйшла замуж, выхоўвае дваіх дзяцей.

Рух і груз

За суткі ў Лепель прыходзіць двойчы грузавы цягнік і столькі ж — пасажырскі. Пад выгрузку з Беларусі, Украіны, Расіі прыбываюць тукі на ААТ “Лепельаграсэрвіс” і філіял “Лепельскі” ЗАТ “Віцебскаграпрадукт”. Таксама ў горад прыходзяць збожжавыя, шрот, нафтапрадукты, шчэбень і шмат чаго іншага. З Лепельскага раёна ў іншыя рэгіёны нашай краіны, а таксама за мяжу адпраўляюць у большасці сваёй лесаматэрыялы і малочную прадукцыю.

Больш ажыўлены пасажырапаток назіраецца ў выхадныя дні, калі студэнты вяртаюцца дадому і едуць на заняткі. З вясны па восень дачнікі таксама спяшаюцца на свае прысядзібныя надзелы.

Малады кіраўнік

Сам Ілья Анатольевіч родам з Чашнікаў. Скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт транспарту па спецыяльнасці “арганізацыя перавозак і кіраванне на чыгуначным транспарце”. Як аказалася, патомны чыгуначнік. Дзядуля Пётр Даніленка каля 40 гадоў аддаў працы ў гэтай сферы дзейнасці, быў дзяжурным па станцыі. Каля 10 гадоў касірам на станцыі адпрацавала і бабуля Людміла Раманаўна. У сям’і заўсёднай тэмай была чыгунка і праца на ёй, таму ўнук Ілья ведаў не пачутках пра сур’ёзнасць, адказнасць і ў той жа час карысць гэтай прафесіі.

Па размеркаванні мой суразмоўца трапіў дзяжурным на станцыю “Чашнікі”. Пасля чатырох гадоў працы, ужо вопытным спецыялістам, быў пераведзены на “Мінск-Пасажырскі” дзяжурным па парку. І вось ужо два гады рупіцца ў Лепелі.

Не забывайце пра бяспеку…

— Што лічыце самай вялікай праблемай у вашай працы?

— Бестурботныя адносіны некаторых людзей да ўласнай бяспекі. Штогод пад коламі чыгуначнага транспарту атрымліваюць цяжкія траўмы не толькі дарослыя, а і дзеці. Нямала выпадкаў траўматызму са смяротным зыходам. Чыгунка — гэта зона падвышанай небяспекі.

Самай распаўсюджанай прычынай траўматызму на чыгунцы з’яўляецца хаджэнне па пуцях і пераход іх ва неўстаноўленых месцах.

З мэтай бяспекі, згодна з нарматывамі, раз на месяц начальнік станцыі камісійна з брыгадзірам, электрамеханікам, дарожным майстрам абыходзяць усю станцыю, а раз на квартал — усе веткі неагульнага карыстання — да кожнага прадпрыемства, куды вядзе лінія.

— Якія стыхіі страшныя для чыгункі?

— Пры розных стыхіях у першую чаргу ачышчаюцца стрэлачныя пераводы, пераезды, дзе можа забівацца жолаб. Менавіта пуці ачышчае спецыяльная машына, якая прыбывае да нас з Оршы. У спёку спецыялісты правяраюць нагрэў рэек адпаведным прыборам, каб не адбылося тэмпературнага выкіду пуці. Гэта адна з сур’ёзных пагроз бяспекі руху цягнікоў.

Аднак больш за ўсё работнікі чыгункі асцерагаюцца навальніцы. Ад гэтай прыроднай стыхіі можа выйсці са строю аўтаматыка: сігналізацыя на пераездах, работа святлафораў і іншае. На такі выпадак прадугледжаны электрагенератары, праца якіх разлічана на 8 гадзін, а таксама генератары на дызельным паліве.

— А калі б за гэты перыяд не здолелі адрамантаваць сістэму?

— Нават калі знікне ўвогуле электрычнасць, мы будзем працаваць: выставім дзяжурных работнікаў, але не спынім рух цягнікоў.

А яшчэ ў апошнія гады шкоду чыгунцы прыносяць бабры, якія ў водапрапускных трубах робяць плаціну і тым самым падтапляюць пуці.

З гісторыі лепельскай чыгункі

У 1924 годзе было прынята рашэнне Саветам працы і абароны пра неадкладнае будаўніцтва лініі Орша — Лепель. У маі 1925 года ваенныя чыгуначнікі прыступілі да будаўніцтва палатна.

Усе земляныя работы вяліся ў асноўным уручную. З транспарту была толькі конная цяга і адзін экскаватар. Першы цягнік па ўсёй чыгуначнай лініі ўрачыста прайшоў 7 лістапада 1925 года.

Вы толькі ўявіце, за які кароткі перыяд была пабудавана лінія.

У вайну наша чыгунка зведала многае. Каб не ўпусціць варожае ўзбраенне, партызаны былі вымушаныя падрываць, псаваць лінію.

Аднак вельмі хутка яна ўзнаўлялася, бо была вельмі патрэбная. З упэўненасцю можна сказаць, што сёння станцыя “Лепель” —незаменная для прамысловых прадпрыемстваў горада.

Наталля ХРАПАВІЦКАЯ.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.