Будучыню ствараюць прафесіяналы

IMG_5041У райвыканкаме адбылося сумеснае пасяджэнне прэзідыума Лепельскага раённага Савета дэпутатаў і раённага выканаўчага камітэта, на якім было разгледжана пытанне аб вылучэнні кандыдатам у дэпутаты Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання рэктара Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта ордэна Дружбы Народаў Анатоля Шчаснага.

 

Прадставіў кандыдата старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Місюра. Ён адзначыў, што Анатоль Тадэвушавіч нарадзіўся ў г. Клецку Мінскай вобласці і ўжо 37 год пражывае і паспяхова працуе на Віцебшчыне: з 1988 года — у Віцебскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце, а з сакаві­ка 2015 года  ўзначальвае адну з буйнейшых устаноў краіны, якую скончыў і сам. Гэта вельмі здольны і энергічны кіраўнік, вопытны педагог з творчай думкай, а таксама таленавіты ўрач. Анатоль Шчасны шмат часу ўдзяляе практычнай медыцыне, аказвае экстраную і планавую кансультацыйную, медыцынскую дапамогу ў арганізацыях аховы здароўя Віцебскай і Магі­лёўскай абласцей. У 2008 го­дзе па ініцыятыве вопытнага спецыяліста быў створаны абласны навукова-практычны цэнтр “Хірургія захворванняў печані і падстраўнікавай залозы”. У выніку яго дзейнасці ў 2,5 раза павялічылася колькасць пралечаных хворых з цяжкімі формамі панкрэатыту, амаль у пяць разоў — колькасць праапераваных пацыентаў. Гэта дазволіла істотна палепшыць якасць жыцця людзей з цяжкай паталогіяй. У многіх аднавілася працаздольнасць, страчаная раней. У мінулым годзе пад непасрэдным кіраўніцтвам Анатоля Шчаснага рэалізаваны праект па перасадцы ныркі пацыентам вобласці і падрыхтаваны высокакваліфікаваны калектыў хірургаў-трансплантолагаў.

Анатоль Тадэвушавіч актыўна займаецца навукова-даследчай работай, уносіць значны ўклад у развіццё айчыннай медыцыны і міжнароднага супрацоўніцтва вучоных. Ён з’яўляецца членам Еўрапейскай асацыяцыі хірургаў-панкрэатолагаў і Асацыяцыі хірургаў-гепатолагаў краін СНД. У 2015 годзе ўніверсітэт пад яго кіраўніцтвам стаў членам Еўразійскай Асацыяцыі ўніверсітэтаў, Міжнароднай Асацыяцыі медыцынскай адукацыі, Еўрапейскай Асацыяцыі фармацэўтычных факультэтаў, а таксама Асацыяцыі медыцынскіх навучальных устаноў у Еўропе. Анатоль Тадэвушавіч — доктар медыцынскіх навук, дацэнт, выдатнік аховы здароўя Рэспублікі Беларусь. Удастоены ганаровага звання “Чалавек года Віцебшчыны”.

Вялікую цікавасць у прысутных выклікала і выступленне Анатоля Шчаснага, які расказаў аб асноўных накірунках дзейнасці ВДМУ.

— Галоўная задача нашага ўніверсітэта — падрыхтоўка кадраў краіны. Сёння ва ўніверсітэце вучыцца больш за пяць тысяч студэнтаў. Прыемна адзначыць, што 90 працэнтаў выпускнікоў працуе на Віцебшчыне. Ва ўніверсітэце атрымалі адукацыю маладыя таленавітыя вучоныя, а таксама заснавальнікі навуковых школ па хірургіі, інфекцыйных захворванняў і г.д., дзе мы дасягнулі значных поспехаў не толькі ў краіне, а і за яе межамі. Актыўна займаемся таксама і лекавай дзейнасцю. Нашы супрацоўнікі пастаянна занятыя ва ўстановых аховы здароўя, выязджаюць у раёны, аказваюць кансультацыйную і практычную дапамогу. За Лепельскім раёнам, напрыклад, замацавана кафедра акушэрства, гінекалогіі і педыятрыі.

Калі гаварыць аб развіцці краіны ў цэлым, прыярытэтнымі накірункамі застаюцца адукацыя і ахова здароўя. Як справядліва заўважыў кіраўнік дзяржавы, неабходна плённа працаваць над школьнымі праграмамі, іх адпаведнасцю патрабаванням цэнтралізаванага тэставання, а таксама якасці навучання дзяцей.  Анатолю Шчаснаму было зада­дзена пытанне аб здаровым харчаванні, што з’яўляецца галоўнай часткай здаровага ладу жыцця. Рэкамендацыі тут, падкрэсліў доктар, вядомыя, іх пацвярджаюць даследаванні: трэба спажываць свае прадукты, якія растуць у рэгіёне, сачыць за экалогіяй і чысцінёй вады. Выдатны прыклад для ўсіх — нашы ветэраны, людзі, якія перажылі вайну, але часта дажываюць да 80 — 90 гадоў. Яны часцей пілі чыстую ваду, а харчаваліся прадуктамі з уласнага агарода і падвор’я.

Шляхам адкрытага галасавання члены прэзідыума раённага Савета дэпутатаў адзінагалосна падтрымалі кандыдатуру Анатоля Шчаснага для вылучэння ў дэпутаты Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання. Ад імя жыхароў раёна Мікалай Місюра павіншаваў Анатоля Тадэвушавіча з ганаровай місіяй і выказаў надзею, што сход дэпутатаў, які адбудзецца ў сталі­цы, актыўна падтрымае рашэнне жыхароў Лепельшчыны.

Святлана СІЛЬВАНОВІЧ.      

 На здымку: старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Місюра прадстаўляе кандыдата ў сенатары Анатоля Шчаснага.

Фота аўтара.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.