Будзённыя клопаты ААТ “Лепельскі райаграсэрвіс”

У канцы мінулага тыдня прыехаў на галоўную базу ААТ “Лепельскі райаграсэрвіс”, якая складаецца з цэлага комплексу будынкаў рознага прызначэння: акрамя канторы і рамонтнага цэха тут ёсць некалькі складоў.

Каля аднаго з іх якраз завіхаліся рабочыя, наводзілі парадак. Прадставіліся: Юрый Ігнатовіч, Сяргей Герцык, Леанід Карбоўскі, Анатоль Скавародка, Мікалай Дальчанін. Работамі кіраваў загадчык майстэрні Ігар Бузо. Мужчыны спачатку ў памяшканні склада падрыхтавалі некалькі месцаў, а потым прыцягнулі на іх электрарухавікі ды два барабаны для камбайнаў.
img_0879— Ад якой тэхнікі? — пытаюся ў Ігара Бузо.
— Барабаны — ад камбайна КЗС-7. Яны былі першымі ў лінейцы збожжаўборачных камбайнаў вытворчага прадпрыемства “Гомсельмаш”, зараз такія не выпускаюцца. Захаваліся адзінкавыя экзэмпляры ў камунальных прадпрыемствах пры сельсаветах. А электраматоры — з былога льнозавода, які нядаўна стаў філіялам аграсэрвіса. Яны хоць і старыя, аднак цалкам спраўныя. Памесцім у склад, няхай ляжаць, магчыма, калі-небудзь спатрэбяцца. Потым будзем далей наводзіць парадак, падмятаць. Неўзабаве наступіць зіма, трэба да гэтага часу прыбраць усё смецце, ламачча з тэрыторыі. Спраў яшчэ досыць, а часу — не паспееш і азірнуцца, як снег завее.
У цяперашні час у земляробаў аграсэрвіса шмат працы на палях. Па-першае, трэба да канца ўбраць кукурузу на сілас, закласці зялёную масу ў траншэі. У гэтай справе работнікі сёлета пастараліся, да канца верасня ўбралі больш за палову вырашчанага. Затрымка ў працы можа адбыцца толькі па дзвюх прычынах: з-за недахопу паліва або пры неспрыяльных умовах надвор’я, калі пасля дажджоў тэхніка не можа заехаць на палеткі.
Другая важная справа — ворыва глебы пад будучую веснавую сяўбу. Вядома, што калі зямля будзе пераарана з восені, то да вясны яна адпачне, а ў пасяўную пару дастаткова толькі апрацаваць культыватарам — і можна пускаць сеялкі.
На дзень прыезду карэспандэнта ў сельгасарганізацыі наслаіліся адна на адну дзве праблемы. З раніцы паліваў дробны дожджык, дадаючы ў і без таго пераўвільготненыя палі яшчэ і яшчэ дадатковыя порцыі вады. Да таго ж дызельнага паліва было няшмат, толькі на выкананне неабходных бягучых работ. Таму, зранку размеркаваўшы план, дырэктар аграсэрвіса выехаў на аб’екты, каб пракантраляваць асабіста.
На тэрыторыі рамонтна-механічнай майстэрні праца ішла сваёй хадой. Напярэдадні быў завершаны абмалот канюшыны, насенне травы было звезена ў склад, падрыхтавана для прасушвання. Для гэтай мэты ў прадпрыемстве дзейнічае падлогавая сушылка, дзе ў якасці паліва выкарыстоўваюцца дровы. Дзень-два — і чарговая партыя насення будзе гатова для адгрузкі на склад. А пакуль што Анатоль Скавародка і Леанід Карбоўскі распальвалі агонь у топцы, загружалі секцыю насеннем.
Калі немагчыма працаваць на полі, трэба гэты час выкарыстаць з максімальнай эфектыўнасцю ў майстэрні. Так лічыць галоўны інжынер ААТ “Лепельскі райаграсэрвіс” Ігар Борак.
— Сёння на сезоннае зімовае захоўванне будзем ставіць зерневыя пасяўныя агрэгаты Lemken, іх у аграсэрвісе два. Першы ўжо зачапілі і пацягнулі на базу мінеральных угнаенняў. Там з іх будуць вымываць вадой усю зямлю, бруд. Потым выставім на калодкі, рабочыя элементы прамажам змазкай на аснове бітуму і бензіну.
— А ці не можна было б проста адпрацаваным машынным маслам?
— Машыннае масла праз тыдзень-два дажджом змываецца, а бітум трымацца будзе да вясны. Тую тэхніку, дзе ёсць пнеўматычныя колы, трэба будзе абавязкова выставіць на калодкі, каб разгрузіць пакрышкі і пабяліць іх. У прынцыпе, працэдура знаёмая, не першы год механізатары яе робяць.
— А далей…
— Рамонт тэхнікі. Вунь перад рамонтнай майстэрняй стаяць два культыватары. Будзем іх аглядаць, адзін, верагодна, будзе спісвацца ў металалом, а другі — рамантавацца.
У гэты ж час механізатар Уладзімір Віткоўскі завяршаў рамонт свайго кормаўборачнага комплексу КВК-800. Напярэдадні ён закончыў уборку на корм жывёле апошніх палёў з канюшынай. Цяпер, каб убіраць кукурузу, ён мяняў жняярку. На дапамогу падключыўся Мікалай Дальчанін, удвух праца пайшла спарней.
Васіль МАТЫРКА.
На здымку: Мікалай Дальчанін і Уладзімір Віткоўскі рэгулююць кукурузную жняярку.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.