Бурштынавая падвеска, альбо Аповед пра тое, як лепельскія школьнікі знайшлі ўнікальны артэфакт

1На Лепельшчыне ад мінулых часоў захавалася мноства помнікаў далёкай гісторыі: ад стаянак першабытных людзей, да сярэдневяковых гарадзішчаў і курганоў. Слабадскі край, мясцовасць, дзе мы жывем, таксама мае багатую і даўнюю гісторыю. Разам з вучнямі Слабадской школы вывучаем мінулае не толькі па падручніках і музейных экспанатах, але і штогод удзельнічаем у археалагічных раскопках. У нас шмат сяброў з іншых навучальных устаноў раёна, якія цікавяцца археалогіяй. Напрыклад, шмат год запар у раскопках бяруць удзел вучні і настаўнікі гімназіі імя І.Ерашова. Сумесна з навукоўцамі гартаем невядомыя старонкі гістарычных эпох, звесткі пра якія губляюцца за смугой тысячагоддзяў. Таямніцы нашай мясцовасці дапамагае разгадваць старшы навуковы супрацоўнік, загадчык сектара неаліту і бронзавага стагоддзя Інстытута гісторыі НАН Беларусі Максім Чарняўскі, які даследуе помнікі археалогіі на тэрыторыі Слабадскога сельсавета, межах мікрарэгіёна Бярэшча, з 2007 года. Палявы сезон 2019 года запомніўся шматлікімі цікавымі і сенсацыйнымі знаходкамі. Аднак проста ўнікальнай стала бурштынавая падвеска.

3Як усё
пачыналася
Да жыцця ў палатках прызвычаіліся вельмі хутка. Зранку, паснедаўшы смачнай кашай, выправіліся ў паўтаракіламетровы шлях. Патрапіць на месца раскопак можна толькі праз нізкую балотную імшарыну, парослую чэзлым сасняком.
На левым беразе ракі Бярэшча, за некалькі дзясяткаў метраў ад пераправы, і пачынаецца ўрочышча Дубавец — невялікі кавалак сушы сярод шматгадовых балотных адкладанняў. Некалькі тысяч гадоў таму гэтае месца для стаянкі аблюбавалі тагачасныя жыхары. У той час урочышча Дубавец уяўляла выспу пасярод вялікага азёрнага вадаёма, што размяшчаўся паміж сучаснымі вёскамі Окана і Верабкі.
З той далёкай пары мінула шмат часу. Некалі вялікае возера здрабнела і амаль цалкам ператварылася ў балота. Ад былога вадаёма засталіся толькі асобныя ўчасткі — сучасныя азёры Окана і Бярэшча. Не захавалася ніякага знаку і ад старадаўняга паселішча, як і ўзгадванняў пра яго ў легендах і паданнях.
Каб не лепельскі краязнаўца Васіль Хацкевіч, які цікавіцца мінулым, мы ніколі не даведаліся б, што ў Дубаўцы тысячы гадоў таму жылі людзі. У 2005 годзе ён разам з сябрамі быў у чарговай краязнаўчай вандроўцы і неспадзявана адкрыў для навукі новы помнік археалогіі. Ужо ў наступным годзе Максім Чарняўскі заклаў разведачны шурф, а ў 2007 годзе правёў першыя грунтоўныя даследаванні. Сярод іншых дапамагалі яму і слабадскія школьнікі. Матэрыялы, атрыманыя навукоўцам падчас раскопак, сталі яркім доказам унікальнасці помніка — у грунце добра захоўваюцца вырабы з косткі. Таму ў планах было надалей даследаваць гэтае месца. І вось мы, даследчыкі мінулага са Слабадской сярэдняй школы школы, ужо ў іншым складзе вярнуліся на Дубавец, каб разам з Максімам Чарняўскім рабіць далейшыя археалагічныя адкрыцці.

Як мы знайшлі бурштын
Першыя два дні надвор’е спрыяла нашым даследаванням. Мы, кіруючыся строга вызначанымі правіламі, шчыравалі кожны на сваім участку раскопа.
Праца паступова пасоўвалася. Максім быў задаволены знаходкамі. Яго прагнозы наконт захаванасці ў дубавецкім грунце костак спраўдзіліся. Неўзабаве ў адным з квадратаў выявілі вялікую колькасць касцей, над якімі шчыравалі старэйшыя дзяўчаты з хірургічнымі інструментамі. На наступны дзень стала зразумела, што гэта парэшткі чалавека, які быў складзены вельмі дзіўным чынам. Ужо ўвечары навіна пра сенсацыйную знаходку рэшткаў старажытнага чалавека разнеслася па сусветнай павуціне. Над імі дзяўчаты працавалі да самага апошняга дня раскопак, імкнучыся як мага лепш расчысціць касцяк для яго фіксацыі.
Наша археалагічная каманда была даволі вялікай па колькасці ўдзельнікаў, таму Максім запланаваў закласці ў розных частках урочышча яшчэ некалькі невялікіх шурфоў. Адзін з іх размецілі насупраць асноўнага раскопа на памежжы берагавой лініі з дном старадаўняга возера.
Гэты шурф давялося даследаваць невялікай камандзе: Яраславу Тухту, Анастасіі Піскуновай, Сцяпану Дзямко, Вікторыі Кузуры, Анастасіі Стэльмах і Юліі Судак. Перспектывы штосьці знайсці ў гэтым шурфе былі зусім мінімальныя. Першая знаходка — зуб траваяднай жывёлы. Трапляліся дробныя кавалкі ляпной неарнаментаванай керамікі, а таксама косткі жывёл. Знаходак было мала, таму на сваім участку археалагічных работ падлеткі сумавалі іх і з зайздрасцю назіралі за сваімі таварышамі, якія час ад часу клікалі да сябе археолага і паказвалі чарговы артэфакт.
Самай стараннай у гэтай камандзе была Анастасія Стэльмах. Дзяўчынка яна спрактыкаваная, ужо трэці год запар удзельнічае ў раскопках. Насця вельмі ўважліва і старанна перабірала грунт, які час ад часу рыдлёўкай падкідваў Сцяпан. Перабіраючы чарговую груду размоклага ад дажджу торфу, дзяўчынка намацала каменьчык. Выкідваць адразу не стала, старанна абцерла і ўбачыла, што ў ім прасвідравана адтуліна. Паказала самаму дасведчанаму — Яраславу. Той у сваю чаргу панёс незвычайную знаходку археолагу. Ён адразу, як толькі Ярык працягнуў на выцягнутай далоні бляклы каменьчык, здагадаўся, што гэта бурштын. Не выказваючы эмоцый, паціснуў руку хлопцу, а потым ужо гучна прамовіў, што знайшлі бурштынавую падвеску.
У гэты самы час Анастасія сціпла стаяла ўбаку і назірала за радаснай эйфарыряй, якая распачалася сярод удзельнікаў раскопак. Дзяўчынка нават і не здагадвалася, наколькі вялікае значэнне для археалагічнай навукі мае гэты кавалачак бурштыну. Цяпер і наша Лепельшчына ў шэрагу тых нешматлікіх месцаў, дзе былі знойдзены бурштынавыя вырабы.
***
Максім Чарняўскі распавядае, што цяперашнюю экспедыцыю можна назваць вельмі плённай:
— Да сенсацыйных знаходак можна, несумненна, аднесці бурштынавую падвеску. Гэта чыста балтыйскі бурштын. Прышэльцы з Балтыкі прынеслі яго сюды як прадмет абмену ў першай палове трэцяга тысячагоддзя да нашай эры. Той перыяд адносіцца да Усвяцкай культуры плямёнаў сярэдняга неаліту. Тагачасны бурштын лёгка адрозніць, бо тады выкарыстоўваліся прыродныя кавалачкі скамянелай смалы, якую знаходзілі на беразе Балтыйскага мора, і свідравалі ў іх адтуліны. Апрацоўваць бурштын, надаючы яму розныя геаметрычныя формы ці выявы прылад працы, пачалі значна пазней. Дубавец — пятае месца ў Беларусі, дзе знойдзены балтыйскі бурштын пяцітысячагадовай даўніны. Другая сенсацыйная знаходка — складзены чалавечы касцяк. Пакуль не магу сказаць, пахаванне гэта ці пэўны рытуал. Парэшткаў чалавека на поўначы Беларусі знойдзена вельмі і вельмі мала. Адзінкі. У асноўным захаваліся яны ў тарфяніках.
Вось так мы і супрацоўнічаем ужо шмат гадоў. Дзеці з карысцю для сябе праводзяць летнія канікулы (тут, акрамя забаўляльных мерапрыемстваў, нават праходзяць майстар-класы па эксперыментальнай археалогіі) і такім чынам вучацца шанаваць гісторыю. А навукоўцы атрымліваюць новыя факты для сваіх далейшых даследаванняў. Мясцовыя нетры хаваюць яшчэ шмат каштоўных артэфактаў, якія чакаюць свайго часу, таму ў планах працягнуць раскопкі ў мікрарэгіёне Бярэшча. А дапамагаць навукоўцам, як заўсёды, будуць школьнікі — аматары даўніны, вельмі дапытлівыя і неабыякавыя падлеткі.
Валерый ТУХТА, краязнаўца.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.