Бяспечнымі для дзяцей павінны быць восем школьных аўтобусаў, якія штодзённа раніцай дастаўляюць вучняў з вёсак Лепельшчыны

220Хутка пачнецца новы навучальны год. З гэтай нагоды дзяржаўтаінспекцыяй праводзіцца спецыяльнае комплекснае мерапрыемства “Увага — дзеці!”, у ходзе якога з 25 жніўня па 5 верасня бягучага года вадзіцелі ўсіх транспартных сродкаў павінны днём увесь час ездзіць з уключаным блізкім святлом фар.
Бяспечнымі для дзяцей павінны быць восем школьных аўтобусаў, якія штодзённа раніцай дастаўляюць вучняў з вёсак Лепельшчыны ў агульнаадукацыйныя навучальныя ўстановы, а ўвечары адвозяць іх дадому. Тым больш, што гэтыя ж аўтобусы адначасова падвозяць дзетак у дзіцячыя сады.
Напярэдадні новага навучальнага года для тэхнічнага агляду школьныя аўтобусы былі сабраны на плошчы Свабоды горада. Іх усебакова правяраў разам са спецыялістамі аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, дыягнастычнай станцыі №48, транспартнай інспекцыі маёр міліцыі Валерый Лешчанок, які часова выконвае абавязкі начальніка АДАІ Лепельскага РАУС.
— Асаблівую ўвагу звяртаю на спраўнасць сістэмы сігналізацыі, знешніх светлавых прыбораў, іншыя параметры бяспекі, — адзначыў інжынер дыягнастычнай станцыі №48 Юрый Тарноўскі. — Гэтыя аўтобусы раней ужо паспяхова прайшлі абавязковы тэхнічны агляд, уважліва правяраліся з выкарыстаннем нашага спецыяльнага тэхнічнага і камп’ютарнага абсталявання. Не пашкодзіць яшчэ раз хаця б па знешніх паказчыках, візуальных магчымасцях ацаніць іх спраўнасць.
А побач на пытанні спецыяліста першай катэгорыі па кантролі транспартнай дзейнасці транспартнай інспекцыі Міністэрства транспарту і камунікацый Рэспублікі Беларусь Канстанціна Кудаева адказваў вадзіцель аўтобуса Леанід Смажэўскі.
— У аўтобусе — 22 пасадачныя месцы, — паведаміў Леанід Іванавіч. — Умяшчальнасці салона хапае для падвозкі школьнікаў у Стайскую сярэднюю, Старалепельскую базавую, Пышнянскую пачатковую школы і выхаванцаў дзіцячых садоў у Пышна, Юркоўшчыну з Навін, Поплавак, Гарадца, Дражна, Ворані і іншых.
Усе прадстаўленыя для тэхнічнага агляду школьныя аўтобусы былі дапушчаны да эксплуатацыі.
Мікалай ГАРБАЧОЎ.
На здымку: (злева направа) гутараць вадзіцель школьнага аўтобуса Леанід Смажэўскі і спецыяліст першай катэгорыі транспартнай інспекцыі Міністэрства транспарту і камунікацый Рэспублікі Беларусь Канстанцін Кудаеў.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.