Быть матерью — главная миссия женщины

14 кастрычніка мы адзначаем адно са светлых святаў — Дзень маці, калі ўсе дзеці віншуюць сваіх самых дарагіх і любімых матуль. Мацярынства — адна з самых складаных работ у свеце. Толькі ўявіце сабе: вырасціць і выхаваць аднаго дзіцяці складана, а дваіх, траіх, чацвярых!..

Ужо шмат гадоў у нашым раёне дзяцей-сіротаў не накіроўваюць у інтэрнаты. Яны знаходзяць любоў і клопат у прыёмных і апякунскіх сем’ях, дамах сямейнага тыпу.

Напярэдадні свята, каб даведацца пра рэцэпт шчасця шматдзетнай сям’і, накіроўваемся ў дом сямейнага тыпу, дзе «працуюць мамай і татам» Наталля і Уладзімір Міхайлавы. На дадзены момант яны выхоўваюць 5 дзяцей ад 6 да 14 гадоў, а яшчэ пару месяцаў таму было 7 — двое паступілі. І гэта нямнога – было і 12. Усяго ж дапамаглі больш як 26 непаўналетнім, якія засталіся без апекі бацькоў. Хочацца адразу адзначыць, што ўсе дзеці, якія трапілі да іх, сталі ў гэтым доме роднымі і любімымі.

Наталля Мікалаеўна нас сустрэла цёплай усмешкай і шырока расчыніла дзверы свайго прасторнага дома. Яна заўсёды гатовая прымаць гасцей, бо клопаты, па яе словах, напаўняюць жыццё сэнсам. А галоўныя ўзнагароды ў жыцці для жанчыны – дзеці Васіліса, Кірыл, Дзіяна, Паліна і Косця.

— Дом, канечне, у вас вялікі, аднак для такой колькасці членаў сям’і, можа, ужо і цесны?

— Месца ўсім тут хапае, кожны мае свой куток і заўсёды можа пабыць сам-насам з сабой, — кажа жанчына. — Я ніколі не разумела значэння слоў «жыць для сябе». Не бачу ў гэтым ніякага сэнсу і не атрымліваю ад гэтага задавальнення. Душэўнай гармоніі можна дасягнуць толькі тады, калі пра кагосьці клапоцішся. Асабліва калі побач ёсць аднадумец, такі, як мой муж.

Наваселле сям’я Міхайлавых адсвяткавала ў 2011 годзе. Прасторныя пакоі жылля пабудаваны па прэзідэнцкай праграме «Дзеці Беларусі» падпраграмы «Дзеці-сіроты».

Наталля Мікалаеўна і Уладзімір Аляксандравіч не ўтойваюць, што жадалі мець шмат дзяцей. І іх мара спраўдзілася!

Усім непаўналетнім членам сваёй вялікай сям’і бацькі падарылі цяпло ўтульнага дома, шчаслівае дзяцінства, дабрыню, навучылі жыць дружна.

Адметна тое, што чым больш станавілася сям’я, тым лягчэй было спраўляцца з праблемамі і цяжкасцямі, таму што з кожным годам з’яўляўся вопыт, ды і пераадольваліся складанасці разам. Прыёмных хлопчыкаў і дзяўчынак мама і тата навучылі паважаць адзін аднаго, працаваць, многім дапамаглі знайсці любімы занятак і вызначыцца з будучай прафесіяй. Многія ўжо працуюць па спецыяльнасцях настаўніка, ветурача, вадзіцеля і іншых.

Цяжка падабраць словы, каб апісаць тую атмасферу, якая пануе ў гэтым доме: усё вельмі душэўна, цёпла, дзеці дапамагаюць не толькі бацькам, але і адзін аднаму, што не паўсюдна ўбачыш у звычайных сем’ях. Многім варта было б павучыцца ў іх!

— З каго пачалася ваша прыёмная сям’я?

— Першай у нас з’явілася Дзіяна. Узялі яе ў чатырохгадовым узросце. Тады і пачалося маё шчасце як маці. Так склалася, што на той момант у нас не было родных дзяцей, усю любоў аддавала прыёмным. А праз 15 гадоў нарадзіла дачку Васілісу.

Для мяне гэта сапраўдная ўзнагарода. Ніколі не дзялілі з мужам дзяцей на сваіх і прыёмных — усе для нас родныя.

У Наталлі Мікалаеўны і Уладзіміра Аляксандравіча ёсць ужо і ўнук — сын старэйшай дачкі Дзіяны. І ён таксама родненькі, хоць і не па крыві.

— Як вы паспяваеце нагатаваць, прыбраць, памыць бялізну такой вялікай колькасці членаў сям’і?

— Гатаваць люблю, на кухні праводжу шмат часу і атрымліваю ад гэтага сапраўднае задавальненне. Імкнуся, вядома, зрабіць страву з запасам, але ўсё разыходзіцца ў асноўным за дзень.

— Колькі на абед варыце макаронаў або чысціце бульбы?

— Калі гатую макароны, то адразу дзве пачкі, калі страву з бульбы — вядро. Але радуе тое, што старэйшыя дзеці, і нават хлапчукі, дапамагаюць на кухні, прыбіраюць у доме. У нашай сям’і ўсе ведаюць свае абавязкі, бо паважаюць адзін аднаго.

— Пасля паўналецця дзяцей падтрымліваеце з імі сувязь?

— За гады сумеснага пражывання ў адным доме мы з дзецьмі сталі роднымі. Нават праз гады, дасягнуўшы паўналецця і пакінуўшы нас, яны не забываюць, прыязджаюць, тэлефануюць. І мы заўсёды рады сустрэчы з імі.

Звярнула ўвагу на двор сям’і Міхайлавых. Тут усё добраўпарадкавана з клопатам пра дзяцей і з густам. Адразу адзначыла, што ў бацькоў залатыя рукі і працы яны не баяцца. Уладзімір паставіў вакол дома шмат архітэктурных формаў, дзецям — арэлі і іншыя гульнявыя зоны. Абзавяліся і жыўнасцю на падворку: дзве сабакі і кот – лепшыя сябры дзяцей.

— Як праводзіце вольны час. Хоць у вас яго і не так шмат, але ўсё ж…

— Наша дружная сям’я ніколі не сумуе. Любім разам выязджаць на прыроду, на рыбалку. Разам разбіваем кветнікі і даглядаем за імі.

Наталля Мікалаеўна і Уладзімір Аляксандравіч з упэўненасцю кажуць, што іх мэта — зрабіць шчаслівым кожнага дзіцяці.

Некалькі гадоў таму ў сям’і Міхайлавых з’явілася смачнае хобі, на якім яны яшчэ і зарабляюць грошы — выпечка смачных булачак, піражкоў, тортаў і іншых кулінарных шэдэўраў. Усю прадукцыю з вялікім задавальненнем купляюць лепяльчане і заказваюць яе загадзя.

— І на заканчэнне рэцэпт шчасця ад вашай сям’і…

— Дакладна ведаю толькі адно: дзяцей проста трэба любіць усім сэрцам. Накарміць і апрануць — гэтага мала. А яшчэ з імі трэба пастаянна размаўляць, праблемы вырашаць толькі разам, выслухоўваць іх меркаванне. Нельга забываць і казаць ім пра свае пачуцці: дзеці становяцца ўпэўненымі ў сабе, калі іх любяць і паважаюць пры любых абставінах. А яшчэ бацькі ў сваіх адносінах павінны быць ва ўсім для іх прыкладам.

***

Упэўнена, не ўсе змогуць вытрымаць бяссонныя ночы, даць сардэчнасць, клопат, цеплыню, душэўнасць і жыццёвую мудрасць прыёмным дзецям! Бо быць маці — гэта таксама прызванне!

Хочацца выказаць глыбокае пачуццё ўдзячнасці ўсім мамам і асабліва якія прынялі на сябе адказнасць і абавязак бацькоў-выхавальнікаў. Дзякуючы вам мы бачым шчаслівых дзяцей, якія калісьці засталіся без апекі біялагічных бацькоў.

Са святам вас, мілыя матулі! Дзякуй вам, родныя, за цяпло, пяшчоту, ласку і клопат, якія вы так шчыра нам аддаяце. Жадаем вам, нашы дарагія, моцнага здароўя і душэўных сіл, а таксама заўсёды і ўсюды адчуваць сябе патрэбнымі і любімымі.

Наталля Храпавіцкая.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.