Цацкі дзіцячыя — праблемы дарослыя

Дзіцячыя цацкі — тыя самыя плюшавыя мя­дзведзікі, вясёлыя сабачкі, гаварлівыя качаняты — толькі на першы погляд бяскрыўдныя істоты. Насамрэч гэтыя забаўныя звяркі ды птушачкі бываюць ворагамі нашых дзяцей. Размаўляем на гэту тэму з памочнікам урача-гігіеніста ДУ “Лепельскі раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі” Ганнай Доўнар.
— Ганна Васільеўна, нядаўна праводзіўся рэйд па праверцы якасці і правілаў продажу дзіцячага асартыменту. Раскажыце падрабязней.
— Згодна з пастановаю галоўнага ўрача дзяржаўнай установы “Віцебскі абласны цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя” ад 13.10.2014г. праводзіцца пазапланавая праверка суб’ектаў гандлю, звязаных з абаротам тавараў для дзяцей, гульняў і цацак. Правяраем прыватныя і дзяржаўныя ўстановы. Гэтым разам праводзілі рэйд па гарадскім рынку ў прысутнасці яго дырэктара.
— Што менавіта правяралі?
— Наяўнасць допуску на тавары, транспартныя накладныя, сертыфікаты якасці, пасведчанні аб дзяржаўнай рэгістрацыі, якія выдае рэспубліканскі цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя і г.д. Правяралі таксама адпаведнасць маркіроўкі на цацках і ў дакументах да іх.
— Колькі прадпрымальнікаў гандлююць на рынку падобнай прадукцыяй?
— Сямнаццаць.
— Колькі парушэнняў выяўлена?
— У чатырнаццаці суб’ектаў гандлю выяўлены два факты парушэнняў. Гэта рэалізацыя цацак без індывідуальных упаковак.
— Чаму менавіта важна, каб цацка прадавалася ва ўпакоўцы, і ў якой?
— Дастаткова поліэтыленавага пакета. Важна, бо цацкі ж не апрацуеш, і калі яны прадаюцца на вуліцы, пад адкрытым небам, дзе пыл, бруд і г.д., то ёсць небяспека для здароўя дзяцей.
— Якія меры прынятыя да парушальнікаў?
— Да аднаго з іх прыменены штраф у памеры чатырох базавых велічынь — гэта шэсцьсот тысяч рублёў. У дачыненні да другога вядзецца адміністрацыйны працэс.
— Ці выяўлены факты гандлю няякаснай дзіцячай прадукцыяй?
— Пакуль казаць рана. У ходзе рэйда мы ўзялі ўзоры вопраткі, абутак, цацкі, якія адправілі на экспертызу ў Віцебск. Вынікі экспертызы паведамім дадаткова.
— На прадмет чаго праводзіцца экспертыза?
— На наяўнасць шкодных хімічных рэчываў — фармальдэгідаў, дзібуцілфталата і дзіакцілфталата. Вопратку і абутак правяраем на гідраскапічнасць.
— Ці ўзаемадзейнічаеце з калегамі з іншых рэгіёнаў?
— Так. Абменьваемся інфармацыяй. Нам прыходзяць паведамленні з цэнтраў па ўсёй рэспубліцы. Вось, напрыклад, з Маскоўскага раёна г. Мінска паведамілі аб фактах паступлення ў продаж нестандартнай прадукцыі — электронна-развіццёвай цацкі “Вясёлы сабачка”, вырабленай у Кітаі, і паграмушкі “Тэлефончык”, таксама кітайскай вытворчасці, якая не адпавядае стандартам па ўзроўню гуку. З Заводскага раёна сталіцы таксама паступіў сігнал, што ўзроўню гуку не адпавядае дзіцячая цацка-гітара “Качаня”. Галоўны санітарны ўрач з г.Бешанковічы прыслаў інфармацыю аб наяўнасці таксічных рэчываў у дзіцячых ляльках, якія ў жніўні паступілі на рэалізацыю з УП “Белкаапзнешгандаль Белкаапсаюза”. Будзем адсочваць, каб названыя цацкі не паступілі ў наш гандаль.
— Праверка скончылася?
— Не, працягваецца, бліжэйшым часам будзем правяраць дзяржаўны гандаль.
Гутарыў Міхась ВАЛОХА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.