Цель — выполнить стандарты качественно

polyachenkoАдбылося чарговае пасяджэнне прэзідыума Лепельскага раённага Савета дэпутатаў. Асноўным пытаннем, якое было разгледжана на ім, стала выкананне нарматываў дзяржаўных сацыяльных стандартаў па абслугоўванні насельніцтва нашага раёна.
З дакладам па гэтай тэме выступіла Святлана Палячэнка, начальнік аддзела эканомікі райвыканкама.
Сістэма дзяржаўных стандартаў прынятая пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 30 мая 2003 года №724 “Аб мерах па ўкараненні сістэмы дзяржаўных стандартаў па абслугоўванні насельніцтва рэспублікі” выкарыстоўваецца з 2003 года.За перыяд яе дзеяння неаднаразова ўносіліся змяненні з улікам патрабаванняў часу.
Кожны год рашэннем Віцебскага аблвыканкама на чарговы каляндарны год устанаўліваюцца нарматывы сацыяльных стандартаў у грашовым выражэнні.
Па стане на першае студзеня і першае ліпеня кожнага каляндарнага года распрацоўваюцца і зацвярджаюцца пашпарты ўкаранення сістэмы дзяржаўных сацыяльных стандартаў па абслугоўванні насельніцтва раёна і на першае студзеня — кожнага сельсавета.
На першае студзеня 2020 года ў раёне былі выкарыстаны і дзейнічаюць 39 нарматываў дзяржаўных сацыяльных стандартаў у дзевяці галінах дзейнасці.
У сферы жыллёва-камунальнай гаспадаркі існуе дзесяць дзяржаўных сацыяльных стандартаў. Так, напрыклад, грамадзяне, якія пражываюць у жылых дамах, абсталяваных цэнтральным водазабеспячэннем і каналізацыяй, забяспечаны вадой у аб’ёме не менш за 295 літраў у суткі на аднаго чалавека, у тым ліку не менш за 152 літры ў суткі гарачай вады пры нарматыве 140 і 70 літраў адпаведна. Для грамадзян, якія пражываюць у аграгарадках, наяўнасць сістэмы цэнтралізаванага водазабеспячэння пітной вадой складае 81,5 працэнта (нарматыў — 50 працэнтаў).
Забеспячэнне грамадзян вадой з водаразборных калонак складае 50 літраў за суткі на аднаго чалавека пры нарматыве не менш за 35 літраў.
Паўсюдна створана тэхнічная магчымасць і забяспечваюцца нарматывы ацяплення жылых памяшканняў не менш за 18 градусаў, тэмпература гарачай вады — не менш за 50 градусаў, якая падаецца штодзённа.
У галіне адукацыі ўстаноўлена дзесяць сацыяльных стандартаў. Трэба адзначыць, што ў нашым раёне створаны неабходныя ўмовы для якаснай адукацыі. Усе нарматывы па бюджэтнай забяспечанасці выдаткаў на адукацыю выконваюцца.
Нарматыў ахопленасці дзяцей дашкольнага ўзросту месцамі ва ўстановах дашкольнай адукацыі пры нарматыве 85 працэнтаў склаў па раёне 98,1 працэнта. Усе дзеці пяцігадовага ўзросту маюць магчымасць падрыхтавацца да школы.
Адпавядае нарматывам колькасць і якасць будынкаў спартыўнага прызначэння, спартыўных плоскасцевых збудаванняў і персанальных камп’ютараў. У цяперашні час ва ўстановах адукацыі раёна ўстаноўлена 254 адзінкі камп’ютарнай тэхнікі, ёсць 13 камп’ютарных класаў.
Набыты тэхналагічнае абсталяванне для харчблокаў, школьныя аўтобусы для падвозу навучэнцаў, спецыяльная машына для падвозу дзяцей-інвалідаў у Цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі, навучальнае і гульнявое абсталяванне. Таксама набыты адзін спецыяльны аўтамабіль для падвозу прадуктаў. Добраўпарадкоўваюцца тэрыторыі ўстаноў адукацыі.
У галіне культуры ўстаноўлены адзін сацыяльны стандарт — нарматыў забяспечанасці выдаткаў на культуру ў разліку на аднаго чалавека, забяспечанасць аграгарадкоў клубам, бібліятэкай ці арганізацыяй культуры змешанага тыпу, паслугамі па паказе фільмаў з выкарыстаннем стацыянарнай або перасоўнай устаноўкі. Гэты від нарматыву выконваецца ў поўным аб’ёме.
Сувязь у сучасным свеце патрабуецца паўсюдна. У гэтай сферы ўстаноўлены чатыры нарматывы, якія выконваюцца ў поўным аб’ёме. Тэрмін задавальнення заявы на ўстаноўку тэлефона складае менш за год з моманту падачы заявы. У кожным населеным пункце з насельніцтвам 300 жыхароў і больш забяспечана магчымасць аказання паслуг шырокапалоснага доступу ў сетку Інтэрнэт, тэлефанізавана сто працэнтаў устаноў аховы здароўя.
У галіне транспарту філіялам “АТП-14 г. Лепеля” ААТ “Віцебскаблаўтатранс” ажыццяўляецца выкананне шасці дзяржаўных сацыяльных стандартаў. Так, напрыклад, у раёне маюцца аўтавакзал і адна аўтакаса ў вёсцы Бароўка для абслугоўвання пасажыраў аўтобусных маршрутаў. Усе цэнтральныя сядзібы сельсаветаў, сельгасарганізацый ахоплены аўтобуснымі зносінамі не меней за 17 рэйсаў на тыдзень пры нарматыве 16 рэйсаў.
Для сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва ўстаноўлены адзін стандарт — наяўнасць аднаго цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва на адміністрацыйны раён. Укараненне яго было забяспечана ў 2001 годзе. На ўліку ў цэнтры знаходзяцца 9,3 тысячы чалавек, на надомным абслугоўванні — 504 чалавекі (55 працэнтаў складаюць грамадзяне, якія дасягнулі 80 гадоў і больш).
У сферы аховы здароўя ўстаноўлены тры нарматывы. Забяспечана даступнасць медыцынскай дапамогі, якая аказваецца ўрачамі першаснага звяна. Выкананы нарматыў па наяўнасці коек на адну тысячу жыхароў. Пры норме адна аптэка на восем тысяч жыхароў фактычнае выкананне склала 3,2 аптэкі на восем тысяч жыхароў. Дастатковая таксама і колькасць брыгад хуткай медыцынскай дапамогі.
У галіне гандлю і бытавога абслугоўвання насельніцтва выкарыстоўваюцца тры нарматывы сацыяльных стандартаў. Забяспечанасць насельніцтва гандлёвай плошчай на адну тысячу чалавек складае 641,4 квадратнага метра пры нарматыве 600 квадратных метраў. Адпавядае нормам і наяўнасць для насельніцтва месцаў у агульнадаступных аб’ектах грамадскага харчавання: на адну тысячу чалавек даводзіцца 53 месцы пры нарматыве 22.
Бытавыя паслугі ажыццяўляюцца ў 127 аб’ектах бытавога абслугоўвання.
У галіне фізічнай культуры і спорту ў поўным аб’ёме выкананы нарматывы выдаткаў бюджэту ў разліку на аднаго жыхара, а таксама забяспечанасць аграгарадкоў фізкультурна-спартыўнымі ўстановамі. Асаблівая ўвага надаецца развіццю фізічнай культуры ў працоўных калектывах. З гэтай мэтай праводзяцца спартакіяды, спаборніцтвы, турніры, спартыўныя святы і іншыя мерапрыемствы.
У цэлым па раёне дасягнута выкананне сацыяльных стандартаў. Разам з тым здараюцца выпадкі няякаснага выканання нарматываў дзяржаўных сацыяльных стандартаў па абслугоўванні насельніцтва ў галінах транспарту, сувязі і жыллёва-камунальных паслуг. Ёсць пытанні ў грамадзян і па паляпшэнні працы ў сферах аховы здароўя і бытавога абслугоўвання.
З улікам адзначаных заўваг па якасці выканання асобных стандартаў у 2020 годзе працягнецца работа па іх укараненні і далейшым удасканаленні.
Н. МІЦЬКІНА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.