Цэх па перапрацоўцы круглых лесаматэрыялаў хваёвых лясных парод робіць важкі ўклад у скарбонку ДЛГУ “Лепельскі лясгас”

12-verasnya-009Цэх па перапрацоўцы круглых лесаматэрыялаў хваёвых лясных парод робіць важкі ўклад у скарбонку ДЛГУ “Лепельскі лясгас”. Мяркуйце самі: штомесяц цэх вырабляе прадукцыі прыкладна на паўтара мільярда недэнамінаваных рублёў, а гэта складае каля дваццаці двух працэнтаў даходаў усяго прадпрыемства.
Кіруе цэхам Сяргей Правада. У падпарадкаванні ў майстра больш за сорак чалавек, абсалютная большасць з іх непасрэдна занята на вытворчасці. Працуюць у дзве змены. Варта адзначыць, што тут занятыя добрыя спецыялісты, як, напрыклад, станочнікі Андрэй Манькоўскі, Віталь Фамін, Дзмітрый Гузянок, Віталь Тухта і іншыя.
Яшчэ ў мінулым годзе ў цэху распачалі мадэрнізацыю, якая працягваецца і зараз. Пра тое, што зроблена і што яшчэ належыць зрабіць, мы даведаліся ад галоўнага інжынера прадпрыемства Аляксандра Курто.
— Аляксандр Іванавіч, чым была выклікана неабходнасць мадэрнізацыі?
— Ведаеце, трэба ісці ў нагу з часам, нарошчваць аб’ёмы вытворчасці, паляпшаць якасць. На старых плошчах і пры тым тэхнічным аснашчэнні гэта зрабіць было цяжка. Мадэрнізацыя, відавочна, наспела.
— І што зроблена?
12-verasnya-003— Памянялі практычна ўсе станкі. Набылі брусочны шматпільны круглапільны двухвальны станок ТТ 5/600/4005, круглапільны шматпільны станок для распілоўкі бруса на абразныя піламатэрыялы WP-200, станок VR-800 для прадольнай распілоўкі неабразных матэрыялаў, тарцовачны станок PF-PF 6/6000 для папярэчнага раскрою абразных матэрыялаў на кратныя па даўжыні нарыхтоўкі, сячкарную машыну 500 ЕВ/2 для здрабнення кавалкавых адходаў на трэскі. Усярэдзіне будынка цэха заліта бетонная сцяжка. Акрамя таго, дабудавалі дзве павеці з металаканструкцый, пад якімі змешчана абсталяванне цэха, і ўстанавілі лесапільную лінію для перапрацоўкі бярвення на абразныя піламатэрыялы.
— Хто паставіў абсталяванне?
— Польская фірма BRODPOL.
— На гэтым мадэрнізацыя завяршаецца?
— Не, плануем яшчэ пабудаваць павець для захоўвання піламатэрыялаў. Прадукцыя, якую выпускаем, павінна знаходзіцца пад дахам, што рэгламентавана правіламі захоўвання.
— І калі мяркуеце завяршыць работы?
— Думаю, да канца кастрычніка справімся. Гатовыя металаканструкцыі ўжо завезены. Устаноўкай займаецца фірма “Энергазахад”. Гэта мінская фірма, з якой заключана дамова.
— А якая магутнасць пераапрацоўчага цэха?
— Цэх можа выпускаць штомесяц не менш як тысячу кубаметраў абразной пілапрадукцыі. І трэба сказаць, што мы ўжо блізкія да гэтага паказчыка.
— А колькі выпускаеце трэсак?
— Каля чатырох з паловай тысяч кубаметраў штомесячна.
Уладзімір МІХНО.
На здымках: станочнік Андрэй Манькоўскі на мадэрнізаванай лесапільнай лініі; пагружана гатовая прадукцыя ля новай павеці для абсталявання.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.