Чаму адбыўся рост цэн?

— У апошні час павялічыліся рознічныя цэны на цукар, хлеб і малочныя прадукты ў гандлёвых кропках спажывецкай кааперацыі. З чым гэта звязана?

Тамара Фралова,

лепяльчанка.

Рознічныя цэны ў магазінах і іншых гандлёвых аб’ектах спажывецкай кааперацыі фарміруюцца на падставе дзяржаўных нарматыўна-прававых актаў, якімі прадугледжана агульнае суміраванне цаны пастаўшчыка, гандлёвай надбаўкі і падатку на дабаўлены кошт.

Згодна з Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 26 студзеня 2015 года №6 устаноўлены гранічныя, максімальна магчымыя гандлёвыя надбаўкі на самыя розныя тавары, якія забаронена перавышаць. Лепельскае раённае спажывецкае таварыства строга выконвае гэтае патрабаванне, а на некаторыя віды рэалізуемай прадукцыі, улічваючы, што мы працуем ва ўмовах жорсткай канкурэнцыі з іншымі гандлёвымі сеткамі, прыватнымі прадпрымальнікамі і на сённяшні дзень кантралюем толькі 39 працэнтаў агульнага тавараабароту ў раёне, вымушаны нават зніжаць гандлёвую надбаўку, каб мець магчымасць прадаць тавары, асабліва што тычыцца прадуктаў харчавання. Дарэчы, па-ранейшаму застаецца нязменным і памер падатку на дабаўлены кошт.

Аднак з 19 лістапада 2015 года пастаўшчыкі цукру — цукровыя заводы “Гарадзея” Мінскай вобласці і “Скідзель” Гродзенскай вобласці — павысілі адпускную цану сваёй прадукцыі, памер якой перад гэтым узгаднілі з Міністэрствам эканомікі Рэспублікі Беларусь. Спасылаючыся на рост цэн на сыравіну, энерганосьбіты, павелічэнне іншых вытворчых выдаткаў і ў мэтах забеспячэння бясстратнай дзейнасці павысілі кошт пастаўляемых у гандаль вырабаў таксама ААТ “Лепельскі МКК” і філіял Лепельскі хлебазавод ААТ “Віцебскхлебпрам”.

Алена ЖАРНАСЕК,

начальнік аддзела арганізацыі рознічнага гандлю раённага спажывецкага таварыства.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.