Чаму вырасла цана ў лазні?

У лепяльчан выклікала заклапочанасць цана адной памыўкі ў агульным аддзяленні гарадской лазні з парылкай — паднялася да 75 тысяч рублёў. Гутарым аб гэтым з дырэктарам КУВП ЖКГ “Лепель” Віктарам Мозавым.

— Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 11 сту­дзеня 2016 года ўнесены змены ў пералік сацыяльна-значных тавараў (паслуг), цэны (тарыфы) на якія рэгулююцца аблвыканкамамі. З гэтага пераліку былі выключаны паслугі агульных аддзяленняў лазняў і душавых, таму зніклі падставы для іх субсідзіравання з бюджэту, — паведаміў Віктар Міхайлавіч. — Каб зменшыць страты, з 1 лютага 2016 года работнікі лазні былі пераведзены на паўстаўкі. Па меры магчымасці і пры наяўнасці вакансій ім будзе прапанавана праца па сумяшчальніцтве.

Перагледжаны рэжым работы лазні ў сувязі з нізкім каэфіцыентам загружанасці (0,31). Агульнае аддзяленне зараз працуе толькі па нядзелях, душавыя — па суботах. Тарыфы на дадзеныя віды паслуг устаноўлены ў памерах, якія забяспечваюць вяртанне затрат на іх аказанне. Цана з’яўляецца эканамічна абгрунтаванай. Тым не менш разлікі паказваюць, што планавы сабекошт цаны адной памыўкі ў агульным аддзяленні гарадской лазні набліжаецца да 122 тысяч рублёў. Хаця, здаецца, робім усё магчымае, каб максімальна знізіць выдаткі. Прынамсі, нават здаём у арэнду пад цырульню два пакоі левага крыла будынка гарадской лазні.

— Што ўваходзіць у цану?

— Выдаткі на аплату працы работнікаў і адлічэнні на іх у фонд сацыяльнай абароны, спажыванне электраэнергіі, паліва, ацяпленне, плата зямельнага падатку і падатку на нерухомасць, амартызацыйныя адлічэнні і г. д.

— Ці ўключана ў цану ўстаноўка ў гарадской лазні камеры відэа­назірання?

— Згодна з пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 11 снежня 2012 года №1135 “Аб зацвярджэнні Палажэння аб прымяненні сістэм бяспекі і тэлевізійных сістэм відэаназірання” грамадскія, адміністрацыйныя будынкі і збудаванні, дзе магчыма адначасовае знаходжанне грамадзян у колькасці ста і больш чалавек, абсталёўваюцца сістэмамі відэаназірання з мэтай забеспячэння грамадскай бяспекі і грамадскага парадку. Кошт устаноўкі сістэмы відэаназірання не ўплывае на тарыф паслугі агульнага аддзялення гарадской лазні.

М. АЗЁРНЫ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.