Чарговы стакватэрнік

526Здадзены ў эксплуатацыю новы 100-кватэрны жылы дом па вуліцы Школьнай.
З гэтай нагоды на добраўпарадкаванай, заасфальтаванай пляцоўцы перад самім уваходам у пяціпавярховік прайшло ўрачыстае мера­прыемства. На ім прысутнічалі кіраўнікі райвыканкама, аддзелаў і службаў, будаўнікі ПМК-75, шчаслівыя навасёлы. Многія былі з дзецьмі. Было бачна, што пераважная большасць кватэр узведзена менавіта для маладых сем’яў, якія атрымалі надзейны жыллёвы прычал — трывалую аснову, на якой можна паспяхова ладзіць жыццёвы дабрабыт і асабістае шчасце.
З прывітальным словам да прысутных звярнуўся старшыня райвыканкама Барыс Яфрэмаў. Ён расказаў аб шматграннай і мэтанакіраванай рабоце мясцовай улады для вырашэння жыллёвай праблемы, іншых сацыяльна-экана­мічных пытанняў, што турбуюць людзей.
Дырэктар ПМК-75 Яўген Дзівін падзяліўся сваімі меркаваннямі наконт жыллёвага будаў­ніцтва, адзначыў, што прыемна дарыць радасць людзям, абуладкоў­ваць іх жыццё, рабіць паўся­дзённы быт больш заможным і шчаслівым. Зараз у Лепелі актыўна ўзво­дзіцца яшчэ адзін жылы сарака­кватэрнік, які будзе здадзены ў эксплуатацыю неўзабаве. Пад апладысменты прысутных ён уручыў сімваліч­ны ключ ад 100-кватэрнага дома старшыні жыллёва-будаўнічага кааператыва Ігару Місніку.
Са словамі шчырай ­удзячнасці будаўнікам за своечасовае ўзвядзенне вельмі патрэбнага людзям сацыяльнага ­аб’екта ад імя шчаслівых навасёлаў выступіла Таццяна Козел.
Узняла настрой сцэнка, падрыхтаваная мясцовымі артыстамі, у якой займальна распавядалася пра хатняга ката, якога прынята ў народзе першым пускаць у новую кватэру.
І вось настаў самы ўрачысты момант, калі старшыня райвыканкама Барыс Яфрэмаў, дырэктар ПМК-75 Яўген Дзівін і старшыня жыллёва-будаўнічага кааператыва Ігар Міснік перарэзалі сімвалічную чырвоную стужку.
Да месца аказалася пасля аптымістычная песня, якую бадзёра выканала пад ухвальныя воклічы прысутных вядомая мясцовая спявачка Наталля Мацюш.
Разам са шчаслівымі навасёламі зайшоў у адзін з бліжэйшых пад’ездаў. Падняўся на другі паверх у кватэру №46. Тут аглядала сваё новае жыллё Наталля Шарстук разам з сынам Дані­лам, іншымі роднымі і блізкімі людзьмі.527
— Кватэра двухпакаёвая, прасторная, пачынаецца з вялікай прыхожай, — адзначыла гаспадыня. — Праўда, хацелася б, каб была крыху большая па памерах кухня. Аднак усе патрэбныя рэчы тут змесцяцца, таму можна будзе зручна гатаваць, ды і належным чынам размясціць абе­дзенны стол. Вельмі добра тое, што вокны кватэры выходзяць на заходні бок, а гэта значыць, што ўвесь час у іх бу­дзе свяціць сонейка.
— Шмат чаго яшчэ давя­дзецца зрабіць па аддзелцы кватэры, — адзначыў бацька гаспадыні кватэры Леанід Гардзюк. — Аднак з гэтым паступова справімся, падстаўлю дачцэ сваё плячо, акажу дапамогу. Галоўнае, што ўжо ёсць дах над галавой.
Мікалай ГАРБАЧОЎ.
На здымках: сімвалічную чырвоную стужку пераразаюць (справа налева) дырэктар ПМК-75 Яўген Дзівін, старшыня райвыканкама Барыс Яфрэмаў і старшыня жыллёва-будаўнічага кааператыва Ігар Міснік; асабліва радаваліся ў сувязі з узвядзеннем ста­кватэрніка дзеці.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.