Человек, который заряжает позитивом других, сам идет по жизни с оптимизмом

img_4658Што патрэбна для таго, каб падарыць людзям свята? Творчы запал, артыстызм, уменне заваражыць гледачоў і падарыць ім шмат незабыўных хвілін. Чалавек, які зараджае пазітывам іншых, сам ідзе па жыцці з аптымізмам і ўмее аб’яднаць вакол сябе такіх жа шчырых, адкрытых і апантаных творчасцю людзей. Менавіта так можна сказаць пра дырэктараў сельскіх клубных устаноў, якія сталі ўдзельнікамі раённага конкурсу “Магістр культуры”. Пад першым нумарам на сцэну быў запрошаны Кірыл Сільвановіч, дырэктар Бароўскага Цэнтра культуры і вольнага часу, пад другім нумарам — Таццяна Паранок, кіраўнік Баброўскага СДК. “Таццяна Мікалаеўна — дырэктар з мінімальным бюджэтам, але затое валодае вялікім творчым аўтарытэтам”, — прадставілі канкурсантку вядучыя. “Анжэла Пятрышча, дырэктар Каменскага СДК, любіць у сваёй рабоце ўсё, асабліва на сцэне выступаць, мы жадаем ёй і далей так трымаць!” — прагучала шчырае пажаданне. Чацвёртая ўдзельніца конкурсу Ганна Белаглазава “ўмее вышываць і сцэнарыі цудоўныя пісаць, а яшчэ яна змагла дзяцей цудоўных выхаваць”. Анастасія Братухіна, якая кіруе Чарэйшчынскім СДК, — “спецыяліст яшчэ вельмі малады, але ўпэўнена, што ў хуткім часе стане зоркай”. А вось Наталля Быкава, дырэктар Стайскага сельскага Дома культуры, “паспявае ўсюды і ва ўсім. І дома, і на рабоце ў яе заўсёды творчы пад’ём”. Не пашкадавалі гледачы цёплых апладысментаў і ў адрас дырэктара Слабадскога Цэнтра культуры і вольнага часу Інэсы Лябік, якая “валодае бліскучым талентам вакальным, усіх сваіх удзельнікаў вучыць спяваць геніяльна”.
“Давайце пазнаёмімся!” — першы этап конкурсу, дзе кожны з удзельнікаў павінен быў прадставіць сваю візітную картку. Вельмі арыгінальным атрымаўся відэаролік Кірыла Сільвановіча, дзе ён расказаў аб пачатку свайго творчага шляху, любімай прафесіі і сям’і. Кірыл захапляецца лозапляценнем, вырабам мэблі і музыкай.
img_4659 img_4705Уразіла гледачоў таксама і відэапрадстаўленне дырэктара Баброўскага сельскага Дома культуры Таццяны Паранок. Сярод самадзейных артыстаў аграгарадка шмат дзяцей, і Таццяна не перастае захапляцца іх шчырасцю, адкрытасцю і любоўю да мастацтва.
Не менш цікавым было знаёмства і з дырэктарам Каменскага СДК Анжэлай Пятрышча. Разам з калегамі Анжэлы Вітальеўны гледачы на некаторы момант вярнуліся ў далёкі ўкраінскі горад Жмерынка Вінніцкай вобласці, дзе прайшлі гады яе дзяцінства. У 1994 годзе жыццёвыя шляхі-дарогі прывялі Анжэлу на Лепельшчыну, у аграгарадок Камень. Скончыла Віцебскае вучылішча мастацтваў па спецыяльнасці “Рэжысёр народных святаў і абрадаў”.
Узняў настрой гледачам і кароткаметражны фільм “Цётка Аня” аб творчых буднях дырэктара Старалядненскага СДК Ганны Белаглазавай. Не першы год Ганна Яўгенаўна кіруе жаночым клубам, дзе праводзяць заняткі па фітнэсе. Па яе ж ініцыятыве ў СДК быў створаны вакальна-інструментальны ансамбль. Яго запамінальныя выступленні можна пабачыць на рэтра-дыскатэках, якія праводзяцца напярэдадні Дня Перамогі ў Старалядненскім СДК.
Вельмі цікавым было відэапрадстаўленне дырэктара Чарэйшчынскага СДК Анастасіі Братухінай. На яркіх фотаздымках былі адлюстраваны насычаныя студэнцкія будні маладога кіраўніка, а таксама яркія моманты мерапрыемстваў, якія праводзяцца ў Доме культуры.
У гумарыстычнай форме выявіла сябе кіраўнік Стайскага сельскага Дома культуры Наталля Быкава. У відэавізітцы былі паказаны дзіцячыя фотаздымкі Наташы, якая ўжо тады імкнулася да свабоды, галоснасці і раўнапраўя. Наталля Яўгенаўна шчыра прызналася, што магла б стаць выдатным поварам ці цырульнікам, работнікам медыцыны, але ўсё ж самай блізкай і дарагой для яе стала работа ў культуры. Менавіта ў любімай прафесіі жанчына можа праявіць свае шматлікія здольнасці.
Сваім артыстызмам і цудоўным вакалам захапіла гасцей дырэктар Слабадскога Цэнтра культуры і вольнага часу Інэса Лябік, якая расказала аб любімай рабоце і калектыве ўстановы бадзёрымі частушкамі.
Аднак дырэктары сельскіх клубных устаноў — не толькі выдатныя артысты, а і мадэльеры, майстры дэкаратыўна-прыкладной творчасці. У гэтым гледачы пераканаліся ў час другога этапу конкурсу — дэфіле дырэктараў “Модны прыгавор”.
Калейдаскоп незабыўных выступленняў быў прадстаўлены ў заключным этапе конкурсу “Талент-шоу”. Выдатнымі здольнасцямі ў выяўленчым мастацтве ўсіх уразіў Кірыл Сільвановіч, які за некалькі хвілін стварыў партрэт начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ігара Урбана. Таццяна Паранок прапанавала гледачам пазнаёміцца з талентамі Баброўскага СДК. Цудоўны раманс выканала мастацкі кіраўнік Баброўскага СДК Кацярына Рымарава. Уразіў сваімі спевамі гледачоў і Міхаіл Паўлоўскі, студэнт Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь. Раней Міхаіл спяваў пад гітару толькі для сваіх сяброў, а на гэты раз адбыўся яго дэбют, і вельмі ўдала. Музычны падарунак падрыхтавала для гледачоў таксама і дырэктар Баброўскага СДК Таццяна Паранок. Шмат станоўчых эмоцый падарыла гледачам жартоўная мініяцюра артыстаў аграгарадка Камень. Да сцэнічнай дзеі далучылі гледачоў Ліса Аліса і Кот Базіліо, Бураціна і строгі міліцыянер. Яркім жа дапаўненнем мініяцюры стала выступленне Анжэлы Пятрышча.
Рассмяшыла ўсіх выступленне артыстаў Старалядненскага СДК — мастацкіх кіраўнікоў Ніны Хрычэнка, Людмілы Усовік, Таццяны Кукліной, Надзеі Аўсянікавай, работніцы дзіцячага сада, і бібліятэкара Аксаны Урбановіч. Арганічна дапоўнілі выступленні вясковых артыстаў песня ў выкананні Наталлі Федарцовай і вершаваная байка, прачытаная Людмілай Усовік. Вельмі арыгінальна выглядала выступленне артыстаў Чарэйшчынскага СДК, якія прадставілі ўрывак з кінакамедыі “Вяселле ў Малінаўцы”. Ролі папулярных герояў — Гарпіны Дармідонтаўны і Яшкі-артылерыста — выканалі Алеся Гайсёнак і Анастасія Братухіна. А вось дырэктара Стайскага СДК падтрымала Анастасія Стродава, якая сустрэла гледачоў мілагучнымі спевамі. Алена Памалейка выканала цудоўны твор на скрыпцы. Зарад энергіі і весялосці падарылі ўсім артысты Слабадскога Цэнтра культуры і вольнага часу. Юныя артысты дзіцячага танцавальнага калектыву “Амелі” выканалі стылізаваны танец “Рамонак”, а ўдзельнікі вакальнай групы “Бліскавіца” захапілі гледачоў песняй “Святочная”.
Надышоў хвалюючы момант падвядзення вынікаў конкурсу. Дыпломамі аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама за актыўны ўдзел у конкурсе сярод дырэктараў сельскіх клубных устаноў “Магістр культуры” ўзнагароджаны дырэктар Бароўскага Цэнтра культуры і вольнага часу Кірыл Сільвановіч, кіраўнік Старалядненскага СДК Ганна Белаглазава, Анастасія Братухіна (Чарэйшчынскі СДК) і Наталля Быкава, якая кіруе Стайскім сельскім Домам культуры. Дыпломам III ступені ўзнагароджана дырэктар Баброўскага СДК Таццяна Паранок. Інэса Лябік, дырэктар Слабадскога Цэнтра культуры і вольнага часу, атрымала Дыплом II ступені. Пераможцай жа конкурсу “Магістр культуры” стала Анжэла Пятрышча, кіраўнік Каменскага сельскага Дома культуры.
Святлана ВАЗНЯК.
На здымках: моманты конкурсу.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.