Человеку всегда чего-то не хватает, и это нормально, ведь такова человеческая сущность

img_4899Так жывуць многія. Магчыма, нават так жыве большасць звычайных працавітых людзей, якія не шукаюць лёгкага ці незвычайнага шчасця, а задаволеныя тым, якое маюць. Шчасце бывае рознае, а магчыма, проста яно рознае ў нашых уяўленнях. Чалавеку заўсёды чагосьці не хапае, і гэта нармальна, бо такая чалавечая сутнасць. У імкненні да лепшага — рухавік прагрэсу. Калі б людзі ні да чаго не імкнуліся, яны б спыніліся на месцы і павольна паміралі.
Праца, дом, сям’я — вось яна, жыццёвая прастора сумленнага чалавека. У такіх людзей, як правіла, простыя біяграфіі, якія можна змясціць у некалькіх абзацах. Аднак жа менавіта на такіх людзях з някідкімі біяграфіямі, як на трох кітах, трымаецца зямля. І хочацца пакланіцца такім людзям нізка ў пояс за іх высакароднасць, за іх працалюбства, проста за тое, што яны ёсць…
Напэўна, не змог бы шаснаццаць гадоў збіраць дакументацыю для пашпартнага стала. А вось Святлана Журба, якая працуе пашпартысткай у разліковым цэнтры г. Лепеля, сваю работу не лічыць зануднай і манатоннай, наадварот, кажа, што працуе з людзьмі і мусіць нават часам быць псіхолагам.
Магчыма, яе праўда. Людзі, асабліва пажылыя, ідуць да пашпартысткі не толькі з дакументамі, але і з прагай быць выслуханымі і пачутымі. Нясуць свае праблемы, клопаты, боль душэўны. Імкнуцца зняць стрэс. Яны нават і не задумваюцца, што, аддаючы, забіраюць часам энергію ў чалавека, якому давяраюць свой душэўны неспакой. Ды гэта дробязі, гэта, як кажуць, рабочыя моманты.
Лепяльчанка Света Казлова, выпускніца СШ №3, паехала паступаць у Полацкае педвучылішча. Недабрала некалькі балаў і, як гэта часта бывае, трапілася на вудачку выпадковых агітатараў. У нашым жыцці часта здараюцца выпадковасці. І яны таксама для чагосьці нам пасланы, бо проста так нічога не бывае. Святлана даверылася агітатарам, якія расхвальвалі Вялікалуцкі будаўнічы тэхнікум і павезла туды дакументы. Урэшце паступіла на тэхніка-тэхнолага жалезабетонных канструкцый. Бацькі таксама былі не супраць. Прынамсі, тата — зваршчык па прафесіі. Зрабіў сабе кар’еру — стаў майстрам, начальнікам цэха. Нічога кепскага не бачыў у тым, што дачка будзе будаўніком.
Пасля тэхнікума Святлана маладым спецыялістам вярнулася на Радзіму, аднак будаўніком не стала, уладкавалася на завод жалезабетонных вырабаў кантралёрам і лабарантам кацельні.
Цікава, што дзяўчына з’ездзіла ў Расію, аднак хлопца-расіяніна знайшла не там, а тут, у Лепелі. У дзевяноста другім зладзілі вяселле, а праз год нарадзілася Каця. Пасля дэкрэтнага Святлана выходзіць на працу кладаўшчыком. У дзевяноста восьмым нарадзіла Віктара. І пасля другога дэкрэтнага ўжо стала пашпартысткай у разліковым цэнтры. Спачатку прадпрыемства адносілася да сферы жыллёва-камунальнай гаспадаркі, адпаведна і абслугоўвалі камунальны жылфонд. Цяпер разліковы цэнтр выдзеліўся ў асобную структуру і наўпрост падпарадкоўваецца Віцебску. І на абслугоўванні пашпартыстаў — іх тут двое — увесь прыватны сектар горада. Збіраюць неабходную дакументацыю, сістэматызуюць і перадаюць непасрэдна ў пашпартны стол.
Праца, вядома ж, займае значную частку, але яна — яшчэ не ўсё жыццё. Прыемна ўвечары акунуцца ў атмасферу сям’і, пабачыцца з роднымі, блізкімі людзьмі. Прыватны дом, невялікая гаспадарка, аснова якой — агарод. Праўда, там болей завіхаецца муж, ён аматар розных эксперыментаў на прысядзібным участку: пасадзіў малады сад, сам дрэўцы прывівае. Растуць нават абрыкосы з персікамі. Заморская садавіна, праўда, крышачку не паспявае даспець, малавата цукровасці, а так — як і звычайная: сакаўная, прыгожая на выгляд.
Аўчарка Рой — мужава захапленне, а па яе часці — кот Мурзік і кухонныя клопаты: каму мяса прыгатаваць, каму дранікі. Доўгімі зімовымі вечарамі Святлана можа і пра клубкі з пруткамі ўспомніць. Раней жа і вязала, і вышывала — гэта ўсё спадчына маці і бабулі, ад маці і сама навучылася. Свае дзеці ўжо дарослыя. Дачка — менеджар у Барысаве, сын заканчвае каледж, будзе механікам. Любяць з бацькам гайкі пакруціць, падабаецца тэхніка, і кожны мае сваё аўто.
Мець сваю тэхніку, як цяпер кажуць, не раскоша, а жыццёвая неабходнасць. Ці мала куды з’ездзіць трэба. Ды і ў Крыме вунь сям’ёю заўсёды адпачывалі, пакуль тыя неціхоты…
Неад’емнай часткай жыцця стала і раённая газета, якую сям’я выпісвала і выпісвае заўсёды. Святлана прывыкла да “раёнкі”, трэба ж ведаць мясцовыя навіны, пачытаць пра знаёмых, пра іх жыцці і лёсы — то падобныя, то не падобныя да свайго.
Уладзімір МІХНО.
На здымку: Святлана Журба.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.