Чем удивила очередная международная специализированная выставка «Белагро-2022»?

У індустрыяльным парку Вялікі Камень адбылася чарговая выстава “БелАгра-2022”, якую і наведаў аўтар. Спачатку, як і раней, я звяртаў увагу на тэхніку і тэхналогіі, накіраваныя на актыўнае выкарыстанне ў асабістых прысядзібных і невялікіх фермерскіх гаспадарках. Каб чытачы мелі ўяўленне, адзначу, што згодна з заканадаўствам у рамках асабістай прысядзібнай гаспадаркі можна мець да 1 гектара зямлі ў пажыццёвым спадчынным уладанні і яшчэ да 3 гектараў можна арандаваць. Калі хтосьці збіраецца апрацоўваць большую плошчу, трэба стварыць сялянскую фермерскую гаспадарку.

Для бязворыўнага земляробства

Знаёмячыся з экспазіцыямі, навінкамі, зрабіў для сябе адкрыццё — у Беларусі пачынаецца прапаганда і паступовае прасоўванне тэхналогій безворыўнага земляробства, або, як яго часта называюць, No-Till-тэхналогія. Сутнасць яе ў наступным. Прапануецца зусім адмовіцца ад ворыва і ўвогуле ад перадпасяўной апрацоўкі глебы. Тэма вялікая, абёмная, No-Till-тэхналогія мае шмат станоўчага. Каб больш разабрацца ў тэме, найбольш цікаўным людзям парэкамендую зайсці ў інтэрнэт. На YouTube размешчана мноства відэаролікаў, дзе вяскоўцы, фермеры і работнікі аграхолдынгаў дзеляцца ўласным вопытам, паказваюць хто і як працуе, прыводзяць свае агрументы за і супраць No-Till, а таксама класічных тэхналогій земляробства.

А вось як працэс апісвае прадстаўнік адной з фірмаў Бранскай вобласці Расіі, які прывёз на выставу No-Till-сеялку:

— Пад час уборкі збожжавых — пшаніцы, ячменю і падобнага — салома не ўбіраецца, а, здробненая, раскідваецца па полі. Такім чынам у глебе застаецца арганіка. Затым гліфасатамі знішчаецца пустазелле. Праз 10-15 дзён, калі яно загіне, пускаюцца сеялкі — і зноў засяваюцца палі. Тым самым адбываецца эканомія на перадпасяўной апрацоўцы глебы.

— А калі мы жадаем засеяць поле, на якім 5 гадоў раслі травы, быў выпас жывёлы? Там жа зямля спрасаваная, карэнне травы, дзірваны…

— Усё робім такім жа чынам: уносяцца гліфасаты, а затым выкарыстоўваецца наша сеялка. У ёй сашнікі зроблены з загартаванай сталі, імпартныя, турэцкія (адзіны элемент, які мы не выпускаем самі, а вымушаны набываць за мяжой). Сеялка ж зроблена на масіўнай стальной раме, таму сваёй масай яна праразае любы грунт і падае зерне ў глебу. Для таго ж, каб пазбегнуць ушчыльнення глебы, для вывазу зерня з поля выкарыстоўваюцца перагрузчыкі. Гэта значыць, зерне выгружаецца з бункераў камбайнаў не напрамую ў кузавы аўтамабіляў, а ў спецыяльныя трактарныя прычэпы. Аўтамабілі стаяць на дарозе, ля ўскрайку поля. Трактар падвозіць прычэп, які за 1-2 хвіліны перагружаецца ў кузаў аўтамашыны, якая і вядзе намалот на збожжаток. Такім чынам, мы не пускаем аўтамабіль на поле, бо яго колы найбольш ушчыльняюць глебу ў параўнанні з коламі трактара і прычэпа.

— Атрымліваецца, што ў дадатак гаспадарцы разам з No-Тill-сеялкай трэба набываць яшчэ і перагрузчыкі…

— Не абавязкова, але вельмі пажадана.

— Якой магутнасці павінен быць трактар для такой сеялкі?

— Не менш, як 200 конскіх сіл.

Што ж, мой суразмоўца быў прадаўцом. Вядома, яму вельмі хацелася пахваліць свой тавар так, каб у наведвальніка выставы зявілася жаданне набыць яго.

Прыблізна падобны падыход праявіў таксама прадстаўнік вытворцы сельгасабсталявання з Варонежскай вобласці Расіі, які дэманстраваў апараты для каранёвай падкормкі раслін. Ён адзначыў:

— Канструкцыя наступная. На раме змяшчаецца бочка, куды наліты вадкія ўгнаенні: КАС, разведзены ў вадзе карбамід, селітра ці іншае, што патрэбна раслінам. На 6-метровых крылах стаяць стальныя дыскі, якія праразаюць глебу на патрэбную глыбіню. Да дыскаў падведзены трубкі, па якіх напорам падаецца раствор. Норму падачы можна рэгуляваць некалькімі спосабамі. Рама робіцца са стальных канструкцый, цяжкая, каб агрэгат мог працаваць на любых, нават самых цяжкіх глебах, у тым ліку і па тэхналогіі No-Тill.

— З якім трактарам трэба агрэгатаваць вашу тэхніку і на якіх плошчах яна пачынае быць рэнтабельнай?

— Тут патрэбен трактар кшталту МТЗ-1221, на 120 конскіх сіл, але яшчэ лепш — каля 150 сіл, каб мець некаторы запас магутнасці. Прымяненне гэтага агрэгата становіцца рэнтабельным пры выкарыстанні яго на плошчах ад 300-350 гектараў і больш. На палетках меншай плошчы значна ўзрастаюць спадарожныя расходы, у першую чаргу на паліва, амартызацыю і абслугоўванне.

Як бачна, у Расійскай Федэрацыі, у асноўным у паўднёвых рэгіёнах, на Стаўраполлі, Кубані і ніжняй Волзе, фермеры і аграхолдынгі праяўляюць цікавасць да No-Тill-тэхналогій. Аднак там і прыродна-кліматычныя ўмовы істотна адрозніваюцца ад умоў Беларусі, тым больш — паўночных рэгіёнаў рэспублікі. Што ўжо казаць пра нізкі бал ворыўных глебаў і засмечанасць нашых палёў камянямі! У любым выпадку, як падаецца, канчатковыя адказы на ўсе пытанні павінна даць практыка.

Для сялян і фермераў

Пры агульнай скіраванасці выставы на патрэбы вялікіх аграхолдынгаў знайшлося месца і тэхніцы для асабістых прысядзібных, а таксама сялянскіх фермерскіх гаспадарак. У першую чаргу апішам прадукцыю беларускіх вытворцаў — Смаргонскага агрэгатнага завода і Бабруйскага завода трактарных дэталяў і агрэгатаў. Прадстаўнікі г. Бабруйска прадставілі на выставе тую ж самую наменклатуру прадукцыі, якая выпускаецца амаль 20 гадоў. У прыватнасці, былі паказаны 4 мадэлі: “Беларус-311”, “Беларус-320.4”, “Беларус-422” і “Беларус-622”. Іх асаблівасць заключаецца ў тым, што тэхналогія вытворчасці за дзесяцігоддзі добра адпрацавана, няма праблем з набыццём запчастак і расходных матэрыялаў. Земляробы і жывёлаводы добра ведаюць гэтую тэхніку, а “Беларус-320.4” зяўляецца жаданым набыткам многіх прыватных гаспадароў, як калісьці Т-25.

А вось жыхары Смаргоні паставілі перад сабой мэту паказаць навінкі. Летась гэта быў, напрыклад, міні-трактар “МТЗ-132МТ” з дызельным рухавіком — шмат разоў вяскоўцы цікавіліся менавіта такой тэхнікай. Мы бачым, як год за годам наш рынак напаўняецца кітайскімі мотаблокамі з дызельнымі рухавікамі. Цяпер прадставілі дзве свае мадэлі і ў Смаргоні. Па сутнасці гэта прывычныя нам, зарэкамендаваныя на працягу дзесяцігоддзяў працы мотаблокі “МТЗ-05” з дызельнымі рухавікамі Lifan. Яны адрозніваюцца паміж сабой наяўнасцю электрастарцера. Пры гэтым прывезеныя мадэлі пакуль што выставачныя, не запушчаныя ў серыйную вытворчасць.

У фермераў можа выклікаць цікавасць сеялка “СПУ-3”, аснашчаная прычапнымі прыладамі, якія дазваляюць працаваць ёй з трактарамі “МТЗ-320.4” або “Т-40” (навясная мадыфікацыя патрабуе, каб трактар быў не ніжэй за “МТЗ-82”).

Даволі адметнай была кропка, прадстаўленая сеткай крамаў сельскагаспадарчай тэхнікі “Кронас”. На пляцоўцы знаходзіліся міні-трактары, прычэпы і фрэзы. Аднак я вырашыў не затрымлівацца каля яе, бо на “БелАгра” была выстаўлена, напэўна, толькі сотая частка ўсяго асартыменту “Кронаса”, падрабязна пазнаёміцца з ім лепш вырашыў праз інтэрнэт.

Размовы спецыялістаў

Гэта выстава, акрамя іншага, дае магчымасць спецыялістам, распрацоўшчыкам, інжынерам і практыкам сустрэцца і абмяняцца вопытам, выказаць свае пажаданні. На “БелАгра” ўбачыў дзве адметныя сітуацыі. У першым выпадку сустрэліся вядучы інжынер-каструктар “Гомсельмаша”, які займаецца распрацоўкай камбайнаў, і камбайнер з багатым практычным стажам. Паміж імі адбыўся наступны дыялог. Інжынер кажа:

— Прадстаўляем лінейку новых камбайнаў з традыцыйным барабанна-клавішным механізмам абмалоту, ротарным і сумяшчальным…

— Пачакайце хвілінку, — перапыніў механізатар. — Лепш скажыце мне, ці могуць гэтыя мадэлі ў чыстым полі без лафетаў зняць, а потым зноў паставіць жняярку? І колькі для гэтага спатрэбіцца часу?

— А чым абумоўлена такое пытанне?

— Такая патрэба ўзнікае рэгулярна, асабліва калі ў жняярку патрапіць камень. Я асабіста бачыў, як хутка і зручна падобная аперацыя выконваецца на імпартным камбайне, у лічаныя хвіліны і без усялякіх лафетаў.

— Мы працуем у гэтым накірунку, але пакуль што механізм зняцця і ўстаноўкі жняяркі ў нас пакуль што стары.

У далейшай размове камбайнер указаў яшчэ на шэраг праблемных пытанняў, дзе вытворцам камбайнаў яшчэ трэба добра папрацаваць.

У другім выпадку паслухаў размову каля кукурузнай сеялкі механізатара і інжынера ААТ “Лідсельмаш”. Спачатку інжынер падрабязна распавядаў пра перавагі іх тэхнікі, прыводзіў лічбы пра яе прадукцыйнасць, але ў тупік спецыяліста паставіла пытанне:

— Вы зможаце зараз адкрыць высявальны механізм?

Як аказалася, адкрыць яго было вельмі цяжка і нязручна, нават пры наяўнасці неабходнага механізма на адкрытай выставачнай пляцоўцы. Аднак жа трактарысты павінны перыядычна рабіць такую аперацыю ў палявых умовах, каб вычысціць і правесці рэгуліроўкі. А потым прагучала наступнае:

— А яшчэ ў час работы на полі гэты ж самы механізм мае схільнасць да самавольнага адкрыцця! Калі трэба — не адкрыць, а калі не трэба — адкрываецца сам…

Падобныя размовы на выставе гучалі пастаянна. Спадзяюся, што інжынеры-распрацоўшчыкі ўспрынялі іх у якасці кіраўніцтва да дзеяння.

* * *

У завяршэнні хацелася б адзначыць, што галіна земляробства пастаянна развіваецца. Тут пастаянна шукаюцца новыя спосабы, адпрацоўваюцца новыя методыкі і тэналогіі. З іншага боку, не ўсе тэхнічныя навінкі даступныя па кішэні сельгасвытворцам, як аднаасобным, так і арганізацыям. У любым выпадку наведвальнікам выставы было вельмі карысна прыехаць і пазнаёміцца з імі, пагутарыць са спецыялістамі і абмяняцца вопытам з калегамі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.