Чэмпіянат па шахматах

OLYMPUS DIGITAL CAMERAВось ужо пятнаццаць год у нашым горадзе дзейнічае шахматна-шашачны клуб. Захапленне няпростымі гульнямі аб’яднала людзей розных узростаў і прафесій, якія любяць цікава і з карысцю правесці свой вольны час. Зараз у клубе займаецца 21 чалавек, сярод якіх не толькі лепяльчане, а і жыхары раёна. З дня адкрыцця клуба да цяперашняга часу кіраўніком з’яўляецца Іван Бараноўскі. Іван Іванавіч не адзін дзясятак год адпрацаваў на Лепельскім экскаватарна-рамонтным заводзе (зараз ААТ “Лепельскі рамонтна-механічны завод”). Гульнёй у шахматы захапляецца на працягу жыцця. Навыкамі ён ахвотна дзеліцца са сваімі сябрамі і калегамі. Калі ж пайшоў на заслужаны адпачынак, стаў прысвячаць любімай гульні больш часу і змог аб’яднаць вакол сябе такіх жа здольных, апантаных людзей.
— Гульня ў шахматы — гэта не толькі магчымасць цікава правесці свой вольны час, а і паглыбіць лагічную думку, павысіць свой інтэлектуальны ўзровень, — адзначае Іван Іванавіч. — Сярод удзельнікаў нашага клуба — людзі тэхнічных і гуманітарных спецыяльнасцей. Вельмі прыемна, што на змену вопытным ігракам прыходзяць і юныя інтэлектуалы — вучні школ.
Свае інтэлектуальныя здольнасці ўдзельнікі шахматна-шашачнага клуба штогод праяўляюць у шэрагу мерапрыемстваў. Не так даўно яны паспяхова прынялі ўдзел у XV чэмпіянаце раёна па шахматах “Асабістае першынство”. Удзельнікамі чэмпіянату сталі шаснаццаць чалавек. У час гульні кожнаму іграку на партыю адводзілася адна гадзіна.
Першае месца на чэмпіянаце заняў Віктар Прохараў, рабочы па адгрузцы сухога малака ААТ “Лепельскі МКК”, другое месца прысуджана Вінгеру Багаўтдзінаву, пенсіянеру, а трэцяе месца заняў Аляксандр Прыцкер, настаўнік фізкультуры гімназіі імя І. Ерашова.
Выдатна выступілі на чэмпіянаце таксама юныя інтэлектуалы. Арцём Ганжураў прыняў удзел у чэмпіянаце ўпершыню і змог абысці даволі вопытных ігракоў, заняўшы дзявятае месца.
— У выдатных шахматыстаў расце дастойная змена, якіх наперадзе чакае шмат новых перамог і вышынь, — адзначае Іван Бараноўскі. — Спадзяюся, што колькасць удзельнікаў нашага клуба толькі ўзрасце, а мы з задавальненнем перададзім ім свае навыкі і вопыт, атрыманы ў гульнях.
С. МАКСІМАВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.