Чествование победителей на Лепельщине

0a5a2141Ушанаванне пераможцаў у нашым раёне стала ўжо добрай традыцыяй. Шасцёра школьнікаў, дзякуючы выдатнай падрыхтоўцы і імкненню да ведаў, сталі пераможцамі ў трэцім (абласным) этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах у 2018/2019 навучальным годзе.

настасія Піскунова заваявала дыплом I ступені па беларускай мове і літаратуры. Насця вучыцца ў дзясятым класе Слабадской ясляў-сада-сярэдняй школы Лепельскага раёна (настаўнік Вольга Бабаед). Дар’я Марчанка атрымала дыплом II ступені па беларускай мове і літаратуры, вучыцца ў дзясятым класе Стайскай сярэдняй школы (настаўнік Алена Маціеўская). Ян Крывец заваяваў дыплом II ступені па біялогіі, вучыцца ў 11 класе сярэдняй школы №1 г. Лепеля (настаўнік Алена Сільвановіч). Даніла Лях, навучэнец 11 класа сярэдняй школы №3 г. Лепеля, атрымаў дыплом II ступені па фізічнай культуры і здароўі, займаецца ў настаўніка Аляксандра Зайцава. Сяргей Лапёнак заваяваў дыплом ІІІ ступені па біялогіі, вучыцца ў дзявятым класе гімназіі імя І.М. Ерашова г. Лепеля (настаўнік Кацярына Шарко). Стэфанія Пазняк, навучэнка адзінаццатага класа гімназіі імя І.М. Ерашова г. Лепеля, заваявала дыплом III ступені па нямецкай мове, займаецца ў настаўніцы Ларысы Докіш.
Лепшых з лепшых, а таксама бацькоў і выкладчыкаў, якія іх прывялі да поспеху, цёпла прывіталі дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь (Лепельская выбарчая акруга №23), член Пастаяннай камісіі па нацыянальнай бяспецы Ігар Мартынаў, намеснік старшыні райвыканкама Віктар Азаронак, начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Анатоль Карпіцкі, а таксама кіраўнікі ўстаноў адукацыі Лепельскага раёна і іх намеснікі па вучэбнай рабоце.
Звяртаючыся да навучэнцаў, якіх па праве можна лічыць гонарам раёна, Віктар Азаронак адзначыў, што вельмі прыемна ўдзельнічаць у такіх мерапрыемствах і ўсведамляць, што ўвага і клопат да маладога пакалення прыносяць адчувальны вынік.
Перад прысутнымі са словамі віншавання выступіў Ігар Феліксавіч:
— Справа, якую робіце вы, і ў першую чаргу педагогі, у плане адукацыі і выхавання вельмі вялікая. Дзеці — наша будучыня. Краіне патрэбны адукаваныя, энергічныя людзі, якія ўмеюць прымаць рашэнні. Ад маладога пакалення залежыць наша ўпэўненая будучыня. У Беларусі шмат робіцца, каб моладзь мела магчымасць развівацца і ўдасканальвацца. Вялікая ўвага таксама ўдзяляецца інфармацыйным тэхналогіям і бяспецы. Дзякуючы зладжанай агульнай працы вы дасягнулі такіх высокіх вынікаў. Віншую з заслужанай перамогай! Упэўнены, што вопыт удзелу ў гэтай алімпіядзе вас шмат чаму навучыў. Ніколі не спыняйцеся на дасягнутым, вучыцеся, пазнавайце новае, развівайцеся.
Ігар Мартынаў пажадаў дзецям правільна вызначыцца ў жыцці, мэтанакіравана ісці да сваіх мэтаў і не пасаваць перад складанасцямі. Усім пераможцам алімпіяд былі ўручаны падзячныя лісты ад старшыні райвыканкама і грашовыя прэміі.
Ад імя ўсіх вучняў падзякаваў настаўнікам Даніла Лях:
— Каб дасягнуць такіх вынікаў, трэба было папрацаваць як разумова, так і фізічна, асабліва ў маім выпадку. Разам з намі ішлі да пастаўленай мэты і хваляваліся нашы педагогі. Дзякуючы супольнай працы мы дасягнулі такога поспеху. Цёплыя словы хочацца таксама сказаць нашым бацькам, якія падтрымлівалі нас і хваляваліся не менш за нас. Пастараемся і далей паказваць добрыя вынікі.
Віктар Уладзіміравіч Азаронак сказаў цёплыя словы і ў адрас настаўнікаў, адзначыўшы іх плённую працу:
— Хочацца выказаць вялікую падзяку, што з дня ў дзень вы кожнаму са сваіх вучняў дорыце часцінку сябе, даяце веды, дзеліцеся сваім вопытам. Вы дапамагаеце не толькі пазнаваць нешта новае і важнае, а ўсяляеце моцную веру і светлую надзею, заўсёды можаце даць параду і падтрымаць добрым словам. Дзякуй за вашы прафесіяналізм, асаблівы падыход да кожнага дзіцяці, цярпенне і адказнасць. Жадаю вам доўгіх гадоў паспяховай дзейнасці, дабрабыту ў жыцці і здароўя.
Усім настаўнікам, якія рыхтавалі пераможцаў, былі ўручаны падзячныя лісты і грашовыя прэміі.
Вольга Бабаед, настаўніца беларускай мовы і літаратуры Слабадской ясляў-сада-сярэдняй школы Лепельскага раёна, ад імя настаўнікаў выступіла перад прысутнымі:
— Хочацца падзякаваць вучням, педагогам, аднак асаблівых слоў заслугоўваюць бацькі. Яны з самага ранняга дзяцінства прывівалі любоў да школы, выхавалі такіх здольных дзяцей. У школьным калектыве працягваецца гэтая вялікая праца. Асноўнае ў падрыхтоўцы да алімпіяды – гэта матывацыя. Трэба, каб дзеці ўсвядомілі, што, пазнаючы сутнасць прадмета, яны атрымаюць асалоду. Чалавеку хочацца ісці наперад, калі штосьці становіцца зразумелым.
Вольга Бабаед нагадала, што наша родная мова лічыцца адной з самых мілагучных у свеце, на беларускай мове напісаны першы статут Вялікага княства Літоўскага. Нам ёсць чым ганарыцца, і мы не павінны аб гэтым забываць. Слухаючы яе, адчуваеш, што настаўніца захапляецца роднай мовай і гэтае захапленне перадае сваім навучэнцам.
Асаблівыя словы Віктар Уладзіміравіч выказаў бацькам. Поспех чалавека — безумоўна, заслуга самых блізкіх людзей. Іх цярпенне і адказнасць, чуласць і спагадлівасць, а таксама вялікая праца ў выхаванні з’яўляюцца надзейным стартам на шляху да будучых поспехаў. Бацькі разам з дзіцяці не стамляюцца пазнаваць штосьці новае, пераадольваць перашкоды, быць надзейнай апорай.
— Перамога не можа быць лёгкай. Гэта вынік вялікай працы. І хоць ваш шлях быў няпросты, вы яго адолелі, перакрочыўшы праз страхі і перашкоды. Вы маладыя і актыўныя, наперадзе — вялікая дарога. Хочацца пажадаць, каб вы і далей дамагаліся вялікіх перамог, — такімі словамі павіншавала пераможцаў прадстаўнік Лепельскай раённай арганізацыі Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Белая Русь” Вольга Каралёва і ўручыла ўзнагароды.
Яны не баяліся цяжкасцяў і ўпэўнена ішлі да перамогі. Акрамя гэтага, кожны са школьнікаў знаходзіць час на
захапленне спортам, інтэлектуальнымі гульнямі, музыкай, танцамі і  іншымі заняткамі па душы, пацвярджаючы, што таленавіты чалавек таленавіты ва ўсім.
Наталля
ХРАПАВІЦКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.