Что под нашими ногами? Деревенская цивилизация Лепельщины

Што пад нашымі нагамі? Здавалася, дзіўнае пытанне, калі ідзеш па разаранаму полю. Мы прызвычаіліся глядзець па баках, бачыць хаты, дрэвы, фермы, аднак рэдка думаем пра тое, што там, дзе зараз пустэча і пожня, некалі былі паселішчы, сярэднявечныя вёскі… Пасля нашага “гарадскога” мыслення, калі шматпавярховікі тыкаюць там-сям, дзе зямлю далі пад будоўлю, складана ўявіць, што людзі сяліліся выключна ў зручных умовах, прыстасаваных для жыццядзейнасці, не на суглінках, а на пясочку, не ў полі, а каля ракі ці возера. Я заўважыў, што там, дзе ў старажытнасці жылі людзі, месцы вельмі прыгожыя, да вады добра спусціцца, ад ветра абаранялі лагчыны і лясы… Рака або возера былі крыніцай не толькі вады, але і паступлення дадатковай ежы – рыбы.

Таму на гістарычны лёс Лепельшчыны водныя крыніцы аказалі істотнае значэнне. Значная колькасць азёраў і рэк спрыяла змяшчэнню істотнай колькасці вясковых паселішчаў каля вадаёмаў, найперш па берагах азёраў. Прычым каля азёраў былыя вёскі мелі звычайна два варыянты размяшчэння: селішчы, якія размешчаны непасрэдна на беразе возера (варыянт 1) і мысавы (варыянт 2).

Да прыкладаў варыянта 1 адносілася селішча каля вёскі Завідзічы, выяўленае за 10-40 м ад берагавой лініі возера Лепельскае, на паўднёвым беразе, які разворваецца. Падобнае размяшчэнне мела і селішча, размешчанае на ўскраіне вёскі Занькі, на паўночным беразе возера Лепельскае.

Мысавы варыянт добра бачны на прыкладзе аднаго з паселішча ў вёсцы Камень. Гэта паселішча ў вёсцы змяшчалася паміж ручаінай і возерам і датавалася ХІ–ХІІІ стагоддзямі.

Шэраг селішчаў размяшчаўся па берагах рэк, і гэта заканамерна.

Памеры селішчаў не раўназначныя і іх варыятыўнасць тлумачыцца дзеяннем шматлікіх фактараў. У гэтай сувязі характэрна тэндэнцыя, якая добра прасочваецца на прыкладзе селішчаў у вёсцы Камень. Адно з іх якое, як указвалася вышэй, датуецца ў межах ХІ—ХІІІ стагоддзяў і мела плошчу каля 0,8 га. Значная плошча дадзенага селішча тлумачыцца тым, што развівалася яно побач з гарадзішчам, якое выступала ў якасці мікрарэгіянальнага цэнтра, накшталт сучаснага “пасялковага савета”, на што ўскосна ўказвае яго месцапалажэнне і перыядычнасць засялення, з 2-й паловы І тыс. н.э. да ХІІ ст. Сама назва “Камень” адпавядае межавому значэнню, а менавіта, выкарыстанне не вядомага для нас каменя першапачаткова з межавымі функцыямі. Не выключана, што гарадзішча і селішча мелі адносіны да функцый пагоста, дзе некалі сядзелі дружыннікі полацкага князя і збіралі даніну з мясцовага насельніцтва. Другое селішча ў в. Камень, на якім сустрэты фрагменты керамічных гаршкоў XV–XIX стст. мае плошчу 1,1 га і на адным з апошніх этапаў свайго існавання на яго тэрыторыі змяшчалася панская сядзіба, таму велічыня плошчы не павінна здзіўляць.

І як жа археолагі ўсё гэта знаходзяць, спытаеце вы? Адказ напачатку нашай размовы – археолагі глядзяць пад ногі, звяртаюць увагу на кавалкі керамічнага посуду, які некалі рабілі тут з гліны і пяску і абпальвалі на вогнішчы. Пазней гэты посуд біўся ці трушчыўся захопнікамі, паселішчы выміралі ці спальваліся, а кавалкі гаршкоў траплялі ў глебу ў якасці сталых сведкаў мінуўшчыны.

Чаму ж вы іх не бачыце, тыя кавалкі посуду, дарагія чытачы? Адказ таксама на паверхні. Вы іх бачыце і кожны нават дзень, асабліва, калі робіце праполку градак або бульбы, ды толькі думаеце, што гэтым кавалкам гадоў сто, мо яшчэ калі першы калгас пачаўся ці Вялікая Айчынная вайна выбухнула… А археолагі Вам скажуць – не, даражэнькія, ім па 300-400 гадоў… І я не раз чуў, як мясцовыя жыхары казалі, ды ну, выдумляеш дзядзька. Гэта ад спаленай хаты бабы Насты ці дзеда Яўхіма… І тут пераканаць цяжка суразмоўцу ў тым, што ёсць такая навука “Археалогія”, якая і вызначае ўзрост таго бітага посуду. Толькі аднаго не можа наша навука пакуль, гэта сказаць пабіты гаршкоў гліняны выпадкова ці аб галаву мужыка ці жонкі падчас гарачай сваркі! А вы думаеце, раней не сварыліся?

А гаршкі тыя і іх фрагменты глядзіце сябры ў мясцовым раёным краязнаўчым музеі, яны там ёсць і самі здзівіцеся, што такія ў вас на агародзе бачылі!

Няўжо толькі археалогія “пад нагамі” нам дазваляе нешта сказаць аб старажытных вёсках? Адказ просты, сярэднявечныя паселішчы, калі гэта не ўмацаваныя пункты ці гарады зрэдку траплялі на старонкі летапісаў ці іншых дакументаў. Нават у дакументах XVI cт. згадваецца толькі некалькі населеных пунктаў адносна Лепельшчыны, у  сучасных адміністрацыйных межах Лепельскага раёна, такія як: Бабча, Бораўна, Грыгаравічы, Домжарыцы, Завідзічы, Зерчаніцы, Камень, Ладасна, Межыца, Несіна, Паляны, Пахомлевічы, Пышна, Суша, Таронкавічы. Таму як я жартую адносна ўказаных пунктаў, у мясцовых жыхароў заўсёды ёсць нагода мець яшчэ адзін застольны тост – за 500-годдзе Радзімы… Часам на сярэднявечных паселішчах трапляўся і больш старажытны керамічны посуд, а таксама крамянёвыя прылады працы, у такім выпадку і тост рабіўся “больш старажытным” гадоў на тысячу!

На жаль, дакументы амаль не даюць магчымасці дакладна сказаць, дзе былі вышэй указаныя вёскі і тут зноўку дапамагае пошук на развораным полі старажытных кавалкаў гаршкоў… Але трэба мець на ўвазе, што часам вёскі з сучаснымі назвамі знаходзіліся не на тым самым месцы што і старажытныя. Так заўважым, да прыкладу, аддаленне вёскі Бабча ад возера Бабча, дзе была пакінута толькі назва Двор-Бабча.

Таму шаноўныя чытачы, калі на вашых агародах знаходзяцца нейкія дзіўныя кавалкі керамічнага посуду без бляску, з нейкім пяском усярэдзіне, прыносьце іх у Лепельскі раённы краязнаўчы музей і як некалі казалі ў Лепелі “і будзе вам шчасце”, а для навукі, магчыма, менавіта вы, зробіце важнае адкрыццё, бо там дзе вы зараз жывяце, некалі была свая драўляная цывілізацыя, і яна не ў Грэцыі, а пад вашымі нагамі…

Марат Клімаў, кандыдат гістарычных навук, старшы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН Беларусі.

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.