Что повлияло на низкий урожай черники в Лепельском районе?..

У Лепельскім раёне, як і ў іншых, у разгары сезон нарыхтоўкі чарніц. Звычайна ў гэты час чую ад знаёмых шмат водгукаў, у які лес лепш паехаць за ягадамі, на якіх лагчынках іх больш. Але, як адзначаюць на сёлета нарыхтоўшчыкі, ураджай гэтай лясной ягады нашмат ніжэй, чым летась.

Калі ў 2020-м сям’я знаёмых з 2-х чалавек “камбайнамі” збірала лясных дароў на 100 і больш рублёў за дзень, у ліпені гэтага года за дзень здаюць толькі на 50-60. І гэта ўлічваючы, што яны заўзятыя ягаднікі.

— Калі чарніцы квітнелі, чакалі добрага ўраджаю і такога ж заробку. Хутчэй за ўсё, паўплывалі замаразкі і сухое, гарачае надвор’е. Дзесьці з-за недахопу вільгаці апала завязь, ягада не паспела наліцца. Вельмі шмат дробнай ягады. Вось каб дожджык добры прайшоў, сітуацыя б змянілася ў лепшы бок.

Цана пытання

Вырашылі высветліць, па якой цане прымаюць лясныя дары.

Нарыхтоўшчыкі наракаюць, што чарніц не хапае, аднак і цэны да нябёс не можам падняць. На дадзены момант аптымальная сума — 7 рублёў 80 капеек за кілаграм. Акрамя гэтага, прадпрымальнікі прымаюць вішні па 2 рублі, агрэст — па такой жа цане, парэчкі чорныя, чырвоныя і белыя — па паўтара рубля. Грыбоў зусім не заўважыла ў скрынях, бо іх няма ў лесе.

Зазірнулі і на міні-базар, што знаходзіцца на трасе Мінск-Віцебск. Там чарніцы каштуюць па 10 рублёў за літр. У асноўным купляюць жыхары абласных гарадоў і сталіцы.

Як кажуць прадаўцы, раней было больш пакупнікоў. Асабліва расіяне з задавальненнем набывалі ягады па такой цане.

Далей накіроўваемся ў Лепельскі філіял Віцебскага абласнога спажывецкага таварыства. Як адзначыў Віктар Авяр’янаў, начальнік аддзела нарыхтовак, дзікарослыя ягады пачалі прымаць, аднак працэс ідзе марудна. Закупачная цана, якая фарміруецца пад уплывам прапаноў і попыту, на момант візіту карэспандэнта складала 6 рублёў за кілаграм.

Да перыяду нарыхтовак у філіяле падрыхтаваліся добра. У Лепелі працуюць тры нарыхтоўчыя пункты, аднак і ў сельскай мясцовасці прадаўцы крамаў прымаюць лясныя дары — гэта яшчэ больш за 20 пунктаў. Акрамя гэтага, з Чашніцкага раёна прывозяць у Лепель ягады, якія прымаюць там таксама ў магазінах. Пакуль прынята ад насельніцтва няшмат.

— У мінулым годзе прынялі ад насельніцтва, замарозілі і прадалі 80 тон чарніц, за што атрымалі нядрэнны прыбытак. У асноўным уся прадукцыя пайшла на экспарт, у Літву і Латвію, з гэтымі краінамі наладжана цеснае супрацоўніцтва. Каля 700 кілаграмаў чарніц набыло КУП ДРАЦ “Жамчужына”.

Сёлета халадзільныя камеры, дзе па адмысловай тэхналогіі чарніцы падвяргаюцца так званай шокавай замарозцы, пакуль прастойваюць. Трэба мець пару тон ягад, каб запусціць абсталяванне.

Невядома, што ў гэтым годзе будзе і з нарыхтоўкай яблыкаў, бо калі судзіць па садах, іх таксама мала, — кажа Віктар Іванавіч.

Таксама мой суразмоўца дадаў, што мінулы год быў ураджайны на яблыкі. У 2020-м прынята ад насельніцтва каля тысячы тон пладоў. Звычайна гэтая прадукцыя адпраўляецца на Полацкае прадпрыемства “Вінны майстар”, якое знаходзіцца пад кіраўніцтвам абласнога спажывецкага таварыства.

Дзе ёсць ягады?

Запыталіся ў людзей, якія толькі што прыехалі з лесу.

— Мы збіраем каля Чарнаручча. Любім менавіта гэтае месца, бо знаходзіцца недалёка ад Лепеля, траса побач, чутныя машыны, ніколі не заблудзішся, — кажа Таццяна. — Для хатняга бюджэту гэта добрая падтрымка. А хутка і дзяцей у школу трэба будзе збіраць. Як гаворыцца, лішняй капейка не будзе.

— А мы ездзім у бок Ізабеліна, там звычайна і здаем. У гэтым годзе зусім мала чарніц. Звычайна лепельскі край багаты на гэтыя лясныя дары. У мінулым годзе за ягады купілі сучасны дарагі тэлевізар, — адзначыла Ірына.

Традыцыйны распарадак дня летам у вёсках у многіх сем’ях такі: у 5-6 раніцы — уздым і ў лес, да 11-і звычайна вяскоўцы вяртаюцца дадому, бо становіцца горача. Некаторыя жыхары раёна спецыяльна ідуць у адпачынак у гэты перыяд альбо шукаюць пазменную працу, каб летам больш часу праводзіць у лесе.

Узгадалася і сітуацыя з пасяджэння пастаянна дзеючай раённай камісіі па каардынацыі работы па садзейнічанні занятасці насельніцтва. Аднаму мужчыне прапаноўвалі адначасова 3 ці 4 вакансіі, аднак яго не задавальняла, што на працу трэба хадзіць кожны дзень. А прычынай таму было жаданне збіраць грыбы і ягады ў лесе.

— У гэтым годзе ўвогуле сітуацыя складаная. Ягады ў такое пекла збіраць немагчыма, ды яшчэ авадні не даюць спакою.

Цяпер чарніцы салодкія, але з кожным днём становяцца ўсё мякчэй. У дадатак сухое надвор’е можа паўплываць на тое, што пачне дзейнічаць забарона на наведванне лясоў. Ападкаў пакуль не назіраецца, дождж абыходзіць бокам наш край, а слупок тэрмометра ўпэўнена трымаецца на 30 градусах і вышэй. Прамаруджання чарніца, на жаль, не любіць. Хутка можа адысці, — кажа Іван Сяргеевіч (так прадставіўся мужчына).

Наталля Храпавіцкая.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.