Что в приоритете у работников молочно-товарной фермы в д. Большой Полсвиж

Малочна-таварная ферма КУВСГП “Лепельскае” ў вёсцы Вялікі Поўсвіж бачная здалёк. Падязджаючы з боку г. Лепеля або ад вёскі Паддубе, кожны зверне ўвагу на тэнт на арачніку, дзе ўтрымліваюцца цялушкі — змена цяперашнім дойным каровам.

Непасрэдна на двары фермы звярнуў увагу, што адна з дзвюх сянажных траншэй ужо вычышчана, другая — крыху больш, як напалову, трэцюю ж яшчэ не раскрывалі. Бачна, што кармоў да выгану жывёлы ў поле павінна хапіць. Мае меркаванні пацвердзіў загадчык фермы Валерый Паус:

— Так, грубых кармоў нам хапае. У кормараздатчык штодзень закладваецца сянаж, сілас, крыху сена. Усё гэта змешваецца і высыпаецца каровам. Акрамя тых запасаў, што ёсць непасрэдна каля фермы, нам падвозяць кармы з-пад вёсак Забалацце і Паддуб’е. Фермаў там няма, а траншэі закладзены, іх таксама пакрыху расходуюць. У мінулым годзе нашы работнікі на палях добра пашчыравалі, багата назапасілі кармоў. Наколькі ведаю, КУВСГП “Лепельскае” няма патрэбы набываць тыя ці іншыя кармы. Акрамя, хіба што камбікармоў і мінеральных дабавак.

— Дарэчы, некалькі гадоў таму мы даведаліся пра тое, што на прадпрыемстве захавалі свой млын, на якім малолі збожжа, дадавалі спецыяльныя дабаўкі і атрымлівалі камбікорм. І хоць ён не такі высакаякасны і збалансаваны, як з камбіната ці спецыялізаванай фірмы, але ўсё ж…

— І ў цяперашні час такая сістэма працуе. Зерне здрабняецца, дадаюцца шроты. Праўда, не хапае ўсё ж мінеральных дабавак, таго ж фелуцэну.

— А для чаго ён патрэбны?

— Фелуцэн умацоўвае здароўе жывёлы, павялічвае здольнасць супрацьстаяць хваробам і тым самым павышае яе прадукцыйнасць, — адказвае заатэхнік-селекцыянер гаспадаркі Наталля Вайцяхоўская.

У жывёлагадоўлі пачалася вельмі важная і адказная пара — перыяд масавых ацёлаў. Пасля расцёлу карова значна аслаблена, і ёй вельмі важна атрымаць своечасовае падмацаванне. Жывёлаводы і даяркі даюць такім жывёлам больш мукі, камбікорму, каб яны хутчэй набраліся сіл і сталі даваць малако.

У бліжэйшыя 2 месяцы цялятнік будзе штодзень прымаць папаўненне, у клетках будуць зяўляцца цяляты. Праз пару месяцаў, калі яны крыху падрастуць і набяруцца сіл, іх вывезуць: бычкоў перавязуць у вёску Зялёны Востраў, а цялушак — у Малы Поўсвіж. А яшчэ праз некалькі месяцаў цялушкі вернуцца назад, тут іх будзе даглядаць жывёлавод Алена Навамейская.

У дзень прыезду карэспандэнта на ферме ўтрымліваліся 647 галоў жывёлы, з якіх 241 дойная карова. Пакуль што з фермы ўдаецца атрымаць каля 1,5 тоны малака, у асноўным прадукцыя паступае на малочнакансервавы камбінат гатункамі вышэйшым і “экстра”.

На ферме шчыруюць 15 чалавек, усе яны з нецярпеннем чакаюць пачатак пашавага перыяду, калі каровы выўдуць на зялёную траву.

— Гаспадарка мае комплекс у Горках з круглагадовым стойлавым утрыманнем. Як вы думаеце, якая форма прыносіць большы прыбытак: стойлавая ці пашавая? — пытаюся ў Наталлі Вайцяховіч.

— Думаю, што пашавая. Перавагі бачу наступныя. Пры стойлавым утрыманні трэба кожны дзень задзейнічаць тэхніку для нарыхтоўкі, падвозу і раздачы кармоў, а гэта — дадатковыя расходы. Пры пашавым жа каровы самі зядаюць траву з паверхні. Па-другое, для арганізмаў кароў, для іх здароўя больш спрыяльнае знаходжанне на вольным паветры, на зямлі, а не ў памяшканні з сырой бетоннай падлогай. Калі карова ходзіць на пашу, у яе значна менш хвароб капытоў.

Ад сябе магу дадаць, што летам, калі статкі знаходзяцца на пашах, будаўнічыя брыгады сельгасарганізацый могуць займацца рамонтам жывёлагадоўчых памяшканняў і абсталявання.

На погляд аўтара, у сельскай гаспадарцы увогуле і жывёлагадоўлі ў прыватнасці існуе шэраг праблем, а адна з галоўных — недахоп кваліфікаваных і адказных работнікаў.

— Каб былі яшчэ 2-3 добрыя рабочыя: даяркі, жывёлаводы, — кажа Валерый Паус, — удалося б закрыць многія пытанні, павысіць прадукцыйнасць…

У цэлым жа можна сказаць, што вялікапоўсвіжская ферма знаходзіцца на неблагім рахунку.

— Нядаўна філіял “Лепельскі МКК” ААТ “Віцебскі мясакамбінат” наведалі канралёры з Расіі, — кажа Наталля Вяйцяховіч. — Яны ўсё агледзелі, праверылі і зноў пацвердзілі высокія стандарты якасці лепельскай прадукцыі. Упэўнена, у гэтым выніку ёсць і наш уклад.

Тэкст і фота: Васіль МАТЫРКА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.