Ці шмат трэба чалавеку для шчасця?

501 Ці шмат чалавеку трэба для шчасця? Каб ты разумеў іншых, каб цябе разумелі. Кажуць, што шчасце — гэта калі раніцай хочацца ісці на працу, а вечарам з задавальненнем вяртаешся дадому. Калі так, то Зоя Ушакова трапляе пад катэгорыю шчаслівых. Праца ёй прыносіць радасць. Бо калі было б па-іншаму, не вярнулася б яна зноў у лясгас, на гэты раз часова, на час дэкрэтнага водпуску.

Адпрацаваўшы тут дваццаць апошніх гадоў, жанчына пайшла на пенсію. Ды што рабіць у пажыццёвым адпачынку такому дзейснаму чалавеку, як яна? Слова ж якое фатальнае — пажыццёвы адпачынак! Рашучая, ініцыятыўная, шустрая, але разам з тым уседлівая, кампетэнтная ў сваёй справе. Такімі спецыя­лістамі не раскідваюцца. Яшчэ б! Вопыту назапашана нямала, ды і ўмее Зоя Фёдараўна з людзьмі ладзіць, што немалаважна на пасадзе інжынера па падрыхтоўцы кадраў.

Такая яна на працы. А дома? Гаспадыня. Раненька па прывычцы падымаецца. Хуценька, ­увішна сняданак гатуе. Дапамагае, праўда, тэхні­ка, якой у яе на кухні цэлы набор. Ні бульбіну, ні бурак, ні моркаўку не трэба ўручную наразаць, усё зробяць за цябе разумныя машыны. Ну ды і без тэхнікі ўсё ў яе руках гарыць. За лічаныя хвіліны і дранікі спячэ, і амлет згатуе.

У вольны час — на агарод на дачу. А ў выхадны — у лес за грыбамі ці ягадамі. Не любіць яна заседжвацца падоўгу ля тэлевізара. І нават спякотным летам, калі днём на градкі проста не выйсці было, прызнаецца, у хаце сядзела як на іголках. Штосьці яе падштурхоўвала, не давала спакойна адпачыць. Дзейсны яна чалавек.

Хоць на Лепельшчыне даўно, аднак чалавек яна нетутэйшы. Нара­дзілася ў вёсачцы пад Бягомлем. Бацькі былі звычайнымі сялянамі. Маці ў саўгасе рабіла, бацька нейкі час нават узначальваў гаспадарку. Гадавалі чатырох дачок.

У Лепель выйшла замуж, працавала ў гандлі, у калгасе “Па­літаддзелец”, у лясгас прыйшла ў дзевяноста пятым і затрымалася тут не на адно дзесяцігоддзе.

У самой дзве дачкі. Марына — педагог, Аксана — у дзяржказначэйстве, абедзве ў Лепелі. Ды што там казаць, калі ўжо старэйшая з яе чатырох унукаў універсітэт заканчвае. Гады ляцяць. Мо таму і ляцяць імкліва, што Зоя Фёдараўна іх не лічыць — часу няма. Час жыццёвы дадзены чалавеку дзеля таго, каб жыць паўнавартасна, рашуча, дзейсна, каб след на зямлі яркі застаўся…

 Уладзімір

МІХНО.

На здымку: Зоя Фёдараўна Ушакова. 

 Фота аўтара.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.