Ціхая прыстань у лепельскай Глінніцы

423 Узбоч нешырокай асфальтаванай дарогі, што вядзе з Гарадчэвічаў у Горкі, у хмызняку схаваўся дарожны ўказальнік  “Глінніца”. Вёсачка сямі ці васьмі хат, трынаццаці жыхароў, уключна з дачнікамі. У адной з глінішчанскіх хат жывуць Раіса і Фёдар Трубекі.

Ці тутэйшыя яны, а ці не — як тут скажаш? Як быццам бы і не мясцовыя. Яна ўвогуле з Паволжа, а ён з суседніх Горак. Аднак і назваць іх чужымі не выпадае, бо жывуць тут паўвека ўжо, з таго самага часу, як у шэсцьдзясят пятым прыехалі з Поўначы, купілі ў Іканках хату і перавезлі, паставілі ў Глінніцы. Была магчымасць стаць гарадскімі, акурат у той час пачаў будавацца Новалукомль. Фёдару, які па спецыяльнасці энергетык, прапаноў­валі працу. Аднак заўпарціўся, палічыў, што лепей ім будзе ў Глінніцы.

Ці лепей было б, ці горш — ім меркаваць. Было з чым параў­ноўваць, бо маладымі наездзі­ліся па свеце, набачыліся розных мясцін. А сустрэліся на Поў­начы, куды абодва з’ехалі на заробкі. Фёдар падчас вайсковай службы ў Крыме, відаць, крыху “перапёкся” на паўднёвым сонцы — на Поўнач пацягнула. Жартую, вядома. Насамрэч паехаў туды, дзе была магчымасць падзарабіць. Быў ужо дагэтуль тры гады на Цаліне, хлеб сеяў. На Поўнач паехаў да дзядзькі, год вучыўся ва Ухце на дызеліста.

Раіса таксама з’ехала з галоднага Паволжа на больш самадастатковую Поўнач. Сустрэлі­ся ў адной з экспедыцый, пажаніліся. На Поўначы заставацца больш не было сэнсу, трэба было шукаць больш лагодны клімат, заводзіць сям’ю, падымаць на ногі дзяцей.

На нейкі час паехалі ў Татарыю да яе бацькоў, аднак там быў не мёд. Фёдар расказвае, што нават транспарт не хадзіў,  з горада Буінск у вёску за сорак кіламетраў іншы раз хадзілі пешшу. Вырашылі паспрабаваць шчасця ў Беларусі. Балазе на той час дачушцы споўніў­ся ўжо год і сем месяцаў.

З працаю тут праблем не было. У яго ўжо столькі прафесій! І электрык, і трактарыст, і слесар, і токар. Пайшоў у калгас, дзе яго працоўныя рукі былі запатрабаванымі. Яна таксама без працы не засталася, у кацельнай працавала. Зразумела, завялі немалую гаспадарку. У лепшыя часіны, калі ўжо гэта дазволілі, трымалі і па дзве каровы, свіней.

Свінні і зараз рохкаюць у іх у хляве, хоць самім гаспадарам пад восемдзесят. Яшчэ з год таму трымалі каля паўсотні трусоў, ды нешта перавяліся. Ну і, вядома, куры. Як без іх!

Падыходзіш да хаты, дзе жывуць Трубекі, — і любуешся. У кветніку кусцік да кусціка, кветачка да кветачкі: вяргіні, астры розных гатункаў, гладыёлусы… І ўсё акультурана, выгаблевана, падвязана. Як у аранжарэі батанічнага саду! Вялізны ядловец упрыгожвае фасад будынка, а дворык пераплецены дэкаратыўным хмелем, які гаспадыня чамусьці называе ляшчыннікам. Проста дзіву даешся, як паспяваюць гэта ўсё даглядаць і акультурваць васьмідзесяцігадовыя людзі. А яшчэ ж агарод вялізны: і бульба, і зерне, і капуста, і клубніцы, і памідорнае царства ў парніках. Аднаго паліву хапіла б у сёлетні засушлівы год.

Тым не менш паспяваюць, і робяць гэта з душою, энтузіязмам, у ахвоту.

— Падымаешся рана, — кажа гаспадыня, — і адразу за працу. А як жа іначай! А што тады рабіць, калі не працаваць. І дзецям трэба даць, і самім не лішняе.

У Трубекаў двое дзяцей і двое ўнукаў. Міша ў Лепелі жыве, Оля — у Заслонаве. Не ведаю, ці ім, гарадскім, надта патрэбна бацькоўская гаспадарка. А вось праўнучцы Ксюшы, якой два з паловай годзікі, — дакладна. Любіць дзяўчынка пабегаць па багатым на садавіну і гародніну дзядулевым падворку. Яблыкі сёлета ўрадзілі ў Глінніцы — не ведаюць, куды дзець.

Ці патрэбна дзецям, унукам, праўнукам, але ж гэта найперш трэба ім самім. Падымацца штодня і працаваць — вялікае шчасце. Аказваецца, не перавяліся людзі, для якіх шчасце — працаваць. І пакуль гэтых людзей будзе шмат, можна не баяцца ні голаду, ні  іншых катаклізмаў. Пакуль ёсць на свеце працавітыя — будзем жыць.

Уладзімір МІХНО.

 На здымку: Раіса Пятроўна і Фёдар Яфімавіч Трубекі.

 Фота аўтара.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.