Цмок на беразе лепельскага возера

OLYMPUS DIGITAL CAMERAПершым пра незвычайных істот, якія жылі калісьці ў глыбінях Лепельскага возера, напісаў Уладзімір Караткевіч у сваім рамане “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”. Пісьменнік распавядае, як за тры ночы выдахлі ўсе цмокі Лепельскага возера. “За адну ноч на водмелях тых яшчураў, тых цмокаў знайшлі сорак, ды палова таго хісталася на хвалях, як плаваючыя выспы. Ды другой раніцай знайшлі яшчэ трохі менш паловы таго, што выдахла ў першую ноч. А яшчэ праз ноч усплыў самы вялікі. Адзін.”


Нават падрабязнае апісанне іх прыведзена ніжэй. “Выглядам той цмок быў як звер цюлень, такі самы льсняны, у складках, толькі без поўсці. І шэры, як цюлень. Але даўжэйшы за яго куды. Бо даўжыні ў ім было сем з паловай лагойскіх сажняў (каля 14 метраў). Тулава мелі тыя цмокі шырокае і трохі пляскатае, і мелі яны плаўнікі — не такія, як у рыбы, а такія, як у цюленя, таўстамясыя, шырокія, але не дужа доўгія. Шыю мелі, па тулаву, дык тонкую і надта доўгую. А на шыі сядзела галава, адначасова падобная і на галаву змяі, і на галаву лані. І, дальбог, смяялася тая галава”.
Мясцовыя краязнаўцы зацікавіліся ідэяй, хай сабе і сімвалічна, вярнуць цмокаў на Лепельшчыну, хаця б аднаго. Галоўным завадатарам выступіў колішні карэспандэнт нашай газеты Уладзімір Шушкевіч. На дапамогу былі прызваны ўсе магчымыя рэсурсы, у тым ліку і інтэрнэт. Неаднаразова на яго прасторах то бурапеніла, то пераходзіла ў больш спакойнае рэчышча палеміка на тэму, ці патрэбен Цмок на Лепельшчыне, а калі і патрэбен, то якім яму быць. Рэдка якая тэма знаходзіла такі шырокі грамадскі водгук.
Аднак адна справа ўхваліць ідэю, зусім іншая — дасягнуць яе канчатковай рэалізацыі. На гэта патрэбны ўмелыя рукі і, вядома, грошы. Да стварэння вобраза Цмока Лепельскага падключыліся нашы мастакі, у іх уяўленні ён паўставаў то падобным на чорта, то на кітайскага дракона, то, увогуле, на незразумелую пачвару. Канчатковы ж варыянт прапанаваў скульптар Леў Аганаў, ён жа ўзяўся і за выраб.
Са Львом Аганавым Лепель звязваюць дзве творчыя работы — помнік Льву Сапегу і скульптурная кампазіцыя Пятачок на плошчы Свабоды. Мастак пачуваецца ў нас далёка не госцем.
* * *
Урачыстае адкрыццё скульптуры Цмока стала значнай падзеяй для жыхароў раёна. Святочную афарбоўку мерапрыемства зрабілі ўдзельнікі студэнцкага этнаграфічнага таварыства, народнага фальклорнага клуба “Кругаверць” раённага Дома культуры. Пад меладычныя гукі дуды і скрыпкі сама¬дзейныя артысты выканалі беларускі народны танец.
Старшыня райвыканкама Барыс Яфрэмаў ад душы падзякаваў аўтару ідэі стварэння скульптуры Уладзіміру Шушкевічу, скульптару Льву Аганаву, адміністрацыі ААТ “Тэхналіт-Полацк”, якое займалася адлі¬вам скульптуры, за актыўную сумесную работу. Скульптура Цмока стане мясцовай адметнасцю, якая прывабіць не толькі мясцовых жыхароў, а і шматлікіх турыстаў — выказаў упэўненасць старшыня райвыканкама.
Урачыста павіншаваў лепяльчан са знамянальнай падзеяй і скульптар Леў Аганаў. Аб тым, як нарадзі¬лася ідэя стварэння скульптуры Цмока, расказаў гасцям краязнавец Уладзімір Шушкевіч. Ініцыятыву стварэння скульптурнай кампазіцыі падтрымаў намеснік старшыні райвыканкама Мікалай Нікіцін. Менеджар праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі “Вада, прырода і людзі ў знікаючым ландшафце. Развіццё ўстойлівага сельскага турызму ў Расіі і Беларусі” з боку Беларусі Вольга Маханенка ў свой час прапанавала ўдзельнічаць у міжнародным конкурсе прыватных ініцыятыў. Працаваць над скульптурай пагадзіўся Леў Аганаў. Хутка ён прывёз у Лепель пластылінавы макет, у якім увасобіў сваё бачанне міфічнай істоты. Затым быў аб’яўлены конкурс сярод лепельскіх мастакоў на лепшы эскіз скульптуры. Майстар выцінанкі Галіна Жураўлёва ўяўляла страшнага Цмока зусім добрым. Некалькі варыянтаў скульптуры зрабіў мастак Іван Будзіч, Леанід Саўчанка выразаў Цмока з дрэва.
На ажыццяўленне праекта быў вы¬дзелены грант у памеры 2900 еўра. Значны ўклад унёс райвыканкам. У прыватнасці, за грошы раённага бюджэту праведзена добраўпарадкаванне прылеглай да скульптуры тэрыторыі, зроблены невялікі пастамент. Аднак усе прадстаўленыя эскізы мала былі падобныя на Цмока з Лепельскага возера, як яго апісаў пісьменнік Уладзімір Караткевіч. І тады дызайнер Святлана Маханенка-Крэс склала эскіз, максімальна блізкі да апісання ў рамане “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”. Ён і быў прыняты за аснову. Леў Аганаў зрабіў новы макет з пластыліну. Абласны мастацкі савет адобрыў, зацвердзіў макет скульптуры і эскіз яе ўстаноўкі. Скульптар у майстэрні зрабіў гліняны макет у поўную велічыню.
Ліццём скульптуры займалася ААТ “Тэхналіт-Полацк”.
У выніку атрымалася цудоўная выява, у якой выразна ўвасобіліся задума аўтара і выканаўчае рашэнне: добра падабраны колер, форма і г.д.
На ўрачыстым адкрыцці скульптуры выступіў таксама рэдактар рэспубліканскага сайта “Краіна цмокаў” Глеб Лабадзенка. На памяць аб урачыстым адкрыцці скульптуры Глеб уручыў памятныя падарункі разам са шчырымі словамі ўдзячнасці за ажыццяўленне цікавых задум прадстаўнікам райвыканкама, аўтару праекта Уладзіміру Шушкевічу.
І вось наступае ўрачысты момант. Старшыня райвыканкама Барыс Яфрэмаў, скульптар Леў Аганаў і краязнавец Уладзімір Шушкевіч здымаюць тканіну са скульптуры. І дзеці, і дарослыя з асаблівай цікавасцю падыходзілі да Цмока, фатаграфаваліся на памяць.
Што ж, няхай новая скульптура, устаноўленая ў адным з самых жыва¬пісных месцаў нашага раёна, вабіць вока гараджан і прыцягвае турыстаў, каб наш мілы, жывапісны Лепель набываў усё большую вядомасць як у нашай краіне, так і за яе межамі.
Наш кар.
На здымку: скульптура Цмока прываблівае гасцей.

 

 

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.