Да падарожжа ў Валосавічы, што на Лепельшчыне, падштурхнуў гістарычны дакумент XVІІ стагоддзя

img_0008 Да падарожжа ў Валосавічы падштурхнуў гістарычны дакумент XVІІ стагоддзя. Гэта інвентар за 1633 год Чашніцкага маёнтка, да якога ў шэрагу іншых былі прыпісаны і Валосавічы — самы ранні, вядомы на сённяшні дзень, успамін пра паселішча. Пад назвай Валосавічы згадваецца сяло, мястэчка і слабада. Напісаны дакумент на польскай мове, ужыванне якой у той час было пашырана ў справаводстве. У ім падаецца падрабязнае размяшчэнне і назвы вуліц Валосавічаў. Прыводзяцца прозвішчы жыхароў і колькасць зямлі, якой яны валодаюць. У дакуменце згадваюцца святар Восіп Кажурэжыц, дзяк Павел Халімановіч, войт Сямён Капінец, пастух Одзіс Яско, каваль Мацвей Мордас. Называюцца імёны валосавіцкіх землеўладальнікаў: Аўраам Сідаровіч, Іван Мікіціч, Ціхан Барадзевіч, Мацей і Сямён Пілюшчыцы і цэлы шэраг беларускіх прозвішчаў, пераважная большасць якіх заканчваецца на “іч”.
Прывяду невялікі ўрывак: “Валосавічы — мястэчка Чашніцкай воласці. У ім рынак, на рынку царква Святога Міхаіла, млын, вуліцы Барысаўская, Свядская, Латыгольская, Баравая, Чашніцкая. Рынак пры вуліцы Барысаўскай. Каля рынку жыве святар Осіп Кожурэжыц. На рынку закладзена царква Святога Міхаіла, пры той царкве званіца з трыма званамі. Месцаў крамных дзесяць… За рынкавай плошчай знаходзяцца царкоўныя надзелы. За тымі надзеламі млын на двух колах з высокім надвершам на рацэ Букавіца”.
З надыходам восеньскіх канікулаў мы адправіліся ў краязнаўчыя пошукі. У вызначаным месцы нас ужо чакалі лепельскія краязнаўцы Уладзімір Шушкевіч і Васіль Шкіндзер.
Пачынаем даследаванні ад прыдарожнага крыжа, які ўсталяваны на ўездзе ў вёску Стайск. Бачна, што гэтае месца раней вельмі шанавалі вяскоўцы, збіраліся тут на святы. З цягам часу драўляны каталіцкі крыж з распяццем страціў сваю былую веліч, пахіліўся. Няма каму ўжо спраўляць рэлігійныя абрады. Апусцеў Стайск, толькі ўлетку ажываюць некалькі хат, прыязджаюць з зімовых кватэр тры бабулькі. Стайск, таксама як і Весялова, у 1930-я гады ўтвораны з хутароў, якія на пачатку ХХ стагоддзя заснавалі перасяленцы з Польшчы. Таму жыхары вёскі па этнічным складзе пераважна палякі, у асяродку якіх былі моцныя традыцыі каталіцызму.
katalicki-kryzh-kalya-stajskaСа скрыжавання Стайск — Весялова кіруемся бойкай жвіроўкай у Новыя Валосавічы. Весялова застаецца праваруч. На фоне поля добра бачны дахі хат, прыцярушаныя першым сняжком, які з самага ранку павольна кружыў у небе.
Ад’ехаўшы з кіламетр ад скрыжавання, спыняемся. Краязнавец Васіль Шкіндзер звяртае нашу ўвагу на крушню камення. Сярод бясформенных глыб заўважаем два невялікія каменныя крыжы. У кожнага — адбітыя перакрыжжы.
Карацейшы шлях да Новых Валосавічаў лясной дарогай, якая збочвае ўправа. Месцамі бачны яе штучны насып. Хутка лес саступае месца калгаснаму полю, з якога адкрываецца панарама на вёску. Справа зелянеюць старыя сосны, пад якімі хаваюцца могілкі. Нас больш цікавяць старыя пахаванні, сярод якіх трапляюцца каменныя крыжы. Пераважная большасць — звычайныя камяні прамавугольнай формы. На некаторых выбіты крыжы, дзе-нідзе можна прачытаць надпісы на лацінскай мове. Дзеля таго, каб гэта зрабіць, трэба прыкласці пэўныя намаганні і мець мінімальны набор прыстасаванняў. Таму чытаем тое, што можна разабраць без асаблівых цяжкасцяў. Лёгка паддаюцца расшыфроўцы эпітафіі на двух гранітных плітах, надпісы на іх зроблены кірыліцай і датуюцца пачаткам ХХ стагоддзя. Крыху воддаль — яшчэ адна гранітная надмагільная пліта, якая ад часу павалілася з пастамента, што знаходзіцца побач. Зроблены па-польску не датаваны надпіс сведчыць пра пахаванне Вінцэнта Півінскага і яго сына Леанарда.
На ўскрайку старых могілак у снежні 1942 года знайшлі апошні прытулак дванаццаць партызанаў брыгады “Чэкіст”, якія загінулі пры штурме нямецкага гарнізона. З цягам часу пра пахаванне забыліся. У 2009 годзе, дзякуючы архіўным звесткам, сталі вядомыя імёны загінулых партызанаў. А праз год ва ўрачыстай абстаноўцы на магіле быў пастаўлены памятны знак.
na-mogilkax-%d1%9e-novyx-valosavichaxКіруемся ў цэнтр вёскі, дзе знаходзілася калісьці рыначная плошча. Пры дапамозе апісання 1633 года накідваем у сшытку план Валосавічаў. Згодна з ім вуліцы разыходзяцца ад плошчы радыяльна. У заходнім накірунку ідзе вуліца Свядская, цяпер частка вуліцы Савецкай, у супрацьлеглым — вуліца Чашніцкая,  працяг вуліцы Савецкай. На поўночны ўсход, у бок Лепеля, бяжыць звілістая стужка вуліцы Баравой, цяпер Лясная. На паўднёвы захад ад плошчы да моста праз рэчку Букавіцу, на цяперашніх картах яна пазначана як Уцесвярдзінка, вядзе вуліца Барысаўская,  цяпер частка Цэнтральнай. За мостам пачынаецца дарога Латыгольская. Супаставіўшы сучасны план Новых Валосавічаў са зробленай схемай паводле гістарычных крыніц, прыйшлі да высновы, што планіроўка вёскі на працягу стагоддзяў амаль не змянілася.
У апісанні ёсць згадкі пра стаў, маецца на ўвазе азярко, якое ўтворана плацінай праз раку Уцесвярдзінку — Букавіцу. Сёння вадаём падзяляе Валосавічы на дзве часткі. Забудова левабярэжнай часткі вёскі пачалася значна пазней, дзесьці ў ХVІІІ — ХІХ стагоддзях.
На рыначнай плошчы, згодна з апісаннем, калісьці знаходзілася царква. Па сведчанні мясцовых жыхароў, яе будынак спалілі ў Другую сусветную вайну. Зараз на тым месцы і знаку ніякага не засталося.
Да цяперашняга часу існуюць некаторыя паселішчы, якія ў гістарычным дакуменце згадваюцца як засценкі ці слабоды. Напрыклад, Забаенне — вёска ў Чашніцкім раёне. Засценак Красная Лука — цяперашняя вёска Красналучка, размешчаная недалёка ад Новых Валосавічаў. Клінамі цяпер называецца кавалак лесу паміж Старымі і Новымі Валосавічамі. Дзякуючы тапоніму Бор, якім названы лясны масіў, што цягнецца ад Новых Валосавічаў у бок Зялёнага Вострава, стала магчымым вызначыць месцазнаходжанне адной з валосавіцкіх вуліц.
Некаторыя цікавыя звесткі пра Валосавічы і навакольныя мясціны захоўваюцца ў мясцовай школе, дзе калісьці быў створаны музейны куток. Тут можна пабачыць не толькі старыя фотаздымкі, але і патрымаць у руках прылады працы нашых продкаў.
Валерый Тухта.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.