«Дэль мар» в Лепельском районе

img_0290З новым прыватным прадпрыемствам пазнаёміўся выпадкова. Праязджаючы па адной з вуліц Баброва, заўважыў шыльду з надпісам “Прыватнае ўнітарнае сэрвіснае прадпрыемства “Дэль мар”. Адразу ўзнік шэраг пытанняў: што за прадпрыемства, чым займаецца, адкуль, чаму менавіта ў Баброве? Дырэктарам прадпрыемства аказаўся Яраслаў Манцэвіч, малады мужчына, які ахвотна распавёў пра сваю справу.

Асабіста я перакананы, што для заняткаў бізнесам, для вядзення сваёй справы чалавек павінен валодаць шэрагам якасцяў, якія ўласцівыя далёка не ўсім. Многія сацыёлагі даводзяць, што яны ёсць не больш як у дзесяці працэнтаў насельніцтва. У першую чаргу гэта смеласць, рашучасць. На працягу трох пакаленняў нас прывучалі, што дзяржава, адміністрацыя паклапоціцца пра людзей, ім трэба толькі ўладкавацца на працу, выконваць норму і ўсё, пра астатняе думаць не трэба. Таму многім бывае страшнавата зрабіць крок у самастойную справу. Другой важнай якасцю лічу высокую самадысцыпліну. Спакушае магчымасць адкласці справы на потым, паленавацца, не спяшацца, аднак такое стаўленне часам можа стаць прычынай зрыву выканання працы. Як жа мой суразмоўца адказаў для сябе на гэтыя два важнейшыя пытанні?
Як аказалася, даволі проста. Справа ў тым, што ён вырас у сям’і прадпрымальніцкай. Мама Надзея Мікалаеўна ў 1990-х гадах пасля звальнення з фабрыкі “КІМ”, каб хоць неяк пракарміць сям’ю, пачала гандляваць на базары. Так і пайшла свая справа. Прыклад яе стаў для Яраслава паказальным. А калі сам падрос, пачаў таксама паступова займацца спачатку дробным гандлем, а потым прыняў для сябе рашэнне рухаць вытворчасць.
— Ну а як з самадысцыплінай?
— Я вам так адкажу. Адной з прычын займацца сваёй справай, весці свой бізнес заўсёды было гультайства. Па крайняй меры ў дачыненні мяне. Так-так, не ўсміхайцеся. Кожны, хто пачынае сваю справу, разлічвае, а дзесьці і марыць, прыкладаючы мінімум намаганняў, атрымаць максімальны вынік. Так і я. Аднак калі пад тваім кіраўніцтвам працуюць людзі, калі яны давяраюць табе, міжволі даводзіцца мабілізавацца, каб не падвесці, каб наладжваць вытворчы і бізнес-працэс, каб справа ішла і рэгулярна паступаў даход.
На сёння ў прыватным прадпрыемстве “Дэль мар” працуюць шэсць чалавек. Яраслаў, натуральна, кіруе ўсім працэсам. Хаця пры патрэбе і сам становіцца на лінію, працуе нароўні з астатнімі работнікамі. Жонка Галіна вядзе ці не самы адказны ўчастак — рэалізацыю прадукцыі: на ёй ляжыць адказнасць за перамовы з аптовымі пакупнікамі, пасрэднікамі.
— Гэта пры сацыялізме прыярытэтам была вытворчасць, — разважае малады прадпрымальнік. — Зараз капіталізм, у цяперашніх умовах наладзіць вытворчасць няцяжка, нашмат складаней рэалізаваць з прыбыткам тое, што ты вырабляеш.
На вытворчай лініі працуюць Наталля Дзёмка, Вольга Петухоўская і Ірына Грушкавік. Дзяўчаты жывуць тут жа, у Баброве. Ёсць яшчэ і качагар, ён жа рабочы па абслугоўванні будынка, але на момант прыходу карэспандэнта мужчына адлучыўся, таму ў кадр не патрапіў.
Чым жа займаецца прадпрыемства “Дэль мар”? Яно выпускае зерневыя хлябцы і арахісавую пасту. Свой выбар Яраслаў Манцэвіч тлумачыць так:
— Я першапачаткова, яшчэ з 2004 года, як індывідуальны прадпрымальнік, займаўся гандлем. Але паступова прыходзіў да пераканання, што трэба развівацца, займацца вытворчасцю. Але што вырабляць? Для сябе адназначна адказаў — прадукты харчавання. Але ў галіне выпуску кандытарскіх вырабаў шмат іншых буйных вытворцаў, пануе жорсткая канкурэнцыя. Чаго варты такія гульцы на рынку, як прадпрыемствы “Віцьба”, “Камунарка”, “Спартак”. Дробныя вытворцы павінны шукаць маленькія, вузкія нішы, якія не надта цікавыя вытворцам буйным. Нам такой нішай бачылася вытворчасць здаровага харчавання. І, здаецца, не прагадалі. Канечне, абароты і прыбыткі не такія вялікія, на якія разлічвалі, калі толькі пачыналі сваю справу, але… Па першым часе мы нават былі адзінымі вытворцамі такой прадукцыі ва ўсёй Беларусі.
— Ці ахвотна людзі набываюць вашу прадукцыю?
— На сёння маем дамовы з усімі гандлёвымі сеткамі Віцебска, Полацка, прадаём аптоваму пакупніку, так бы мовіць, рэспубліканскага маштабу. Аднак хацелася б, каб ахвотней людзі звярталі ўвагу на здаровае харчаванне.
Забягаючы наперад, скажу, што пасля гэтай размовы, праходзячы па харчовых крамах Лепеля, прыглядаўся, шукаючы прадукцыю з лагатыпам прадпрыемства “Дэль мар”, аднак не знайшоў. Чаму лепельскія прадпрымальнікі ігнаруюць вытворцаў, якія працуюць літаральна пад бокам, незразумела. Можа проста не ведаюць?
— А якім ветрам прадпрымальніка з Віцебска занесла ў лепельскае Баброва?
— Спадарожным, — адказаў Яраслаў, усміхнуўшыся. — Гадоў дзесяць таму, шукаючы падыходзячае памяшканне, натрапілі на аб’яву Лепельскага райвыканкама аб продажы будынка былога Баброўскага дзіцячага сада. Прыехалі, агледзелі, прыйшлі да высновы, што ён нам падыходзіць, падалі заяўку. Будынак набылі з аўкцыёна. Не сказаць, каб цана была маленькая, не сказаць, каб і вялікая — прымальная. Некалькі гадоў займаліся рамонтам, набыццём тэхналагічнага абсталявання.
— Якія былі самыя галоўныя цяжкасці ў працы?
— Цяжкасць адна — недахоп грошай. Як кажуць, колькі грошай ні давай, але ад дадатковых не адмовіўся б. Хацелася б, напрыклад, заробак большы выплачваць дзяўчатам, але пакуль што ва ўмовах канкурэнцыі не можам павысіць адпускную цану. Да таго ж трэба думаць пра расшырэнне асартыменту, бо калі не рухаешся наперад, цябе абыходзяць. Шмат сродкаў уклалі ў рамонт будынка, у стварэнне камфортных умоў працы. У першую чаргу замянілі ўсе вокны, зманціравалі новую сістэму ацяплення, абсталявалі бытавы пакой, паставілі пральную машыну і шмат чаго іншага. Нават бясплатны інтэрнэт маем! Хачу звярнуць увагу на яшчэ адзін бок. Часта можна пачуць пра цяжкія ўмовы для вядзення бізнесу ў Беларусі. На сваім досведзе магу сказаць, што ў нас з мясцовымі ўладамі склаліся нармальныя ўзаемаадносіны. Нам ніхто не замінаў, не чыніў перашкод.
Бліжэйшым часам прыватнае ўнітарнае сэрвіснае прадпрыемства “Дэль мар” плануе расшырацца, асвойваць новыя віды прадукцыі.
— Дарэчы, а адкуль такая экзатычная назва?
— У юнацтве я быў прыхільнікам творчасці праекта “Cafе del Mar”, таму і пазычыў, так бы мовіць, іх назву. Пакуль што і нам шчасціць.
Васіль МАТЫРКА.
На здымку: дружны калектыў прадпрыемства “Дэль мар”.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.