День рождения Надежды, либо Подарки от Деда Мороза

img_3544 У сацыяльна-педагагічным цэнтры яшчэ задоўга да навагодніх ранішнікаў заззяла ёлка. Невялікая, спрытная, прыгожая. Яна хораша аздобіла хол і любому, хто сюды заходзіць, тут жа ўздымае настрой. Што тут ужо казаць пра саміх маленькіх часовых “жыхароў” дзіцячага прытулку. У той дзень, калі я сюды завітаў, іх было васьмёра. Чакалі прыезду яшчэ двух.
Дырэктар СПЦ Міхаіл Часнакоў, здавалася б, чалавек бывалы. Колькі папрацаваў у міліцыі і, прынамсі, у інспекцыі па справах непаўналетніх, бачыў розных падлеткаў і ўсялякіх бацькоў. А ўсё роўна расказвае пра сваіх гадаванцаў з лёгкай дрыготкаю ў голасе.
Яны тут стараюцца адзначаць дні нараджэння. Накупляюць прысмакаў розных, зробяць стол салодкі. Падарункі дораць імяніннікам. Імкнуцца дзяцей развесяліць-падбадзёрыць. Толькі не заўсёды гэта атрымліваецца.
Міхаіл Іванавіч прыгадвае: быў дзень нараджэння ў Надзейкі. Стол, падарункі — усё як належыць, а дзеці сумныя сядзяць. Раптам дзяўчынка кажа:
— Ай, няма ніякага Дзеда Мароза.
— Чаму ты так думаеш, Надзя?..
Аказваецца, ёй дагэтуль усяго адзін раз толькі на дзень нараджэння падарунак дарылі. А дзяўчынцы ўжо трынаццаць гадоў. А яе равеснік Паша пры гэтым увогуле маўчаў. Дзіва што, у таго бацькі п’юць, якія тут падарункі…
Усё ж яны на ўсялякі выпадак напісалі лісты Дзядулю Марозу, бо не можа ж быць, каб так ужо ўсё было фатальна. Вунь летась жа ён выканаў просьбы, чаго б дзеці ні пажадалі. Адной дзяўчынцы нават мабільнік падарыў, няхай сабе не такі ўжо круты, не айфон-сямёрку, а ўсё ж…
Лісты даверылі дырэктару. А ўжо Часнакоў, паверце, Дзеда Мароза адшукае, яму не ўпершыню.
Міхаіл Іванавіч паведаміў мне па сакрэце, што ў ролі добрага чараўніка згадзіліся быць вайскоўцы. Сярод добрых чараўнікоў і пансіянат ЛАДЭ, і сувязісты, і ПМК-75, і артбаза… Летась аграпрамбанк дыван падарыў у прыхожую. Вайскоўцы з Заслонава ды Бароўкі скінуліся на мяккі куток, пазаведамасная ахова прыпаднесла чайны сервіз… Вось толькі не знаходзіцца пакуль такога чараўніка, які падарыў бы на Новы год гэтым дзецям… тату і маму — сваіх, родных, любімых.
Супрацоўнікі СПЦ робяць усё магчымае, а часам і немагчымае, каб вярнуць дзецям іх бацькоў, толькі, зноў жа, не заўсёды гэта атрымліваецца. Ды што там казаць, сёння ў цэнтры працуюць большасцю маладыя спецыялісты, маладзенькія дзяўчаткі. І сіл бракуе, і вопыту малавата. З шасці спецыялістаў СПЦ толькі адзін мае першую катэгорыю. І вось гэтыя маладыя дзяўчаткі рэгулярна наведваюць праблемныя сем’і, дзеці з якіх апынуліся ў сацыяльна небяспечным становішчы. Праца, прама скажам, звязаная з пэўнай рызыкай, бо хто яго ведае, як сустрэнуць там, дзе цябе лічаць няпрошаным госцем, які ўварваўся ў сферу сямейных узаемаадносін, кантралёрам, што разглядвае парадак па вуглах, адкрывае халадзільнік, цікавіцца, чым кормяць гадавалых дзяцей і немаўлят.
На ўліку ў СПЦ пятнаццаць дзяцей з дванаццаці сем’яў дашкольнага ўзросту, за якіх, акрамя цэнтра, няма каму адказваць. А таксама сто пяцьдзясят восем дзяцей з васьмідзесяці шасці так званых “праблемных” сем’яў, у якіх дзеці ў сацыяльнай небяспецы.
Рэагуюць на сігналы з самых розных крыніц — суда, бальніцы, пажарнай аховы, сельскіх Саветаў. Запыты штогод шлюць у бальніцу, просяць даць звесткі пра дзяцей, якія нарадзіліся. І калі ў бацькоў не створана элементарная база, каб дзяцей даглядаць-расціць па першым часе, няма прадуктаў, пялёнак, каляскі і іншых неабходных рэчаў, іх проста не аддадуць з бальніцы.
Працуюць і па ананімных сігналах ад насельніцтва. І сігналяць, на жаль, не заўсёды прыстойныя людзі. Вось паступіў такі сігнал з Лепеля, маўляў, маці салодкай вадзічкай немаўля корміць. Выехалі, праверылі. Няпраўда: у хаце парадак, у халадзільніку поўна ежы. Звязаліся з педыятрам — у таго таксама пытанняў не ўзнікла. Знайсці б таго ананімшчыка ды зірнуць яму ў вочы. Ды дзе знойдзеш?!
На шчасце, такіх прыкладаў няшмат. На жаль, горшае пацвярджаецца. Паступіла паведамленне са Стараселля. Прыехалі, пагутарылі з суседзямі, пабывалі ў хаце. Усюды бруд, святла няма. Бацьку, які працаваў на ферме, выгналі з працы. Дзіцяці два гады, сям’я жыве фактычна на дзіцячыя выплаты. Трэба прымаць меры.
У СПЦ працуе клуб, які называецца “Пад адным дахам”. Тут збіраюцца ўсе, хто знаходзіцца на ўліку. Запрашаюць спецыялістаў з міліцыі, камісіі па справах непаўналетніх, урачы нарколаг, псіхіятр, педыятр і г.д. Праводзяць гутаркі, даюць неабходныя парады. Вядома, гэта не клуб добрых сустрэч і цікавых знаёмстваў, і бацькі з праблемных сем’яў не спяшаюцца сюды бегчы на злом галавы.
Кагосьці даводзіцца ўгаворваць, кагосьці — ставіць у жорсткія межы закона. Многія ўсё ж не хочуць страціць дзяцей і прымаюць руку дапамогі. У сацыяльны прытулак дзеці трапляюць толькі ў крайнім выпадку, калі па-іншаму нельга. Прыехалі вось аднойчы ў Лядна, а там у літаральным сэнсе “пакаці гарохам”. Акрамя паўкіло гароху нічога ў хаце няма. Маці-адзіночка з суседзямі стасункі папсавала. Абяцае, што пойдзе ў магазін і купіць прадуктаў “на вексель”. Як тут было не адрэагаваць!.. Пачала хадзіць у клуб у СПЦ — нейкае ўяўленне займела, як дзіця гадаваць.
Новы год на парозе. Хай жа прыйдзе разам з ім шчасце для абяздоленых дзетак, у якіх пакуль адзін прытулак у жыцці — сацыяльны.
Уладзімір МІХНО.
На змымку: у сацыяльна-педагагічным цэнтры.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.