Деревня Боровка отметила 155-летие

Вёска Бароўка заўсёды ўражвае мясцовых жыхароў і прыцягвае ўвагу шматлікіх гасцей сваёй маляўнічасцю і незвычайнай прыгажосцю. З усіх бакоў атуленая пышнымі кронамі хвой, блакітнымі стужкамі азёр, вёска на працягу многіх год зяўляецца найлепшым месцам для адпапчынку. Не выпадкова непадалёк размешчана дзяржаўная ўстанова “Лепельскі ваенны санаторый Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь”, які на працягу многіх год не страчвае сваёй папулярнасці. Сёлетні ж год для Бароўкі значны тым, што вёсцы спаўняецца 155 год. З нагоды юбілею тут адбылося вялікае свята.

Пачатак урачыстасці быў прызначаны на 12 гадзін. Ужо з самай раніцы на вуліцы прыцягвалі ўвагу гасцей выставы творчых работ, а вайскоўцы 231-й артылерыйскай брыгады прадставілі ўвазе гледачоў узоры баявой тэхнікі. Аднак аб усім па парадку.

Да свята арганізатары падышлі з асаблівай адказнасцю. Аднак значныя і непрыемныя карэктывы ўнесла надворе: пасля працяглага перыяду цяпла і сонца неба з раніцы стала зацягваць хмарамі, падзьмуў сцюдзёны пранізлівы вецер, і, здавалася, вось-вось паліе восеньскі дождж.

— У такую непагадзь мала хто пажадае выйсці з кватэры на вуліцу, — дзялюся меркаваннем са старшынёй Бароўскага сельвыканкама Валерыем Кляшторным.

— Не пагаджуся з вамі. Спадзяюся, што, пачуўшы гукі музыкі, бараўчане ўсё ж такі наведаюць свята. Даволі часта многія не прыходзяць да самага пачатку свята, падыходзяць да разгару падзей.

— Чаму ж свята было вырашана праводзіць менавіта 18 верасня?

— У свята Бароўкі няма канкрэтна вызначанага дня. У розныя гады мерапрыемства адзначалася і ў ліпені, і ў жніўні, і ў верасні. І заўсёды да нас у госці прыходзіла шмат людзей. Кожная пара, кожны месяц маюць свае асаблівасці, вартасці. Сёлета для правядзення свята мы разглядалі некалькі магчымых дат. Была ідэя праводзіць свята летам, але ў бягучым навучальным годзе ў вайскоўцаў часцей, якія раскватараваны ў Бароўцы, на гэты час былі запланаваны вучэнні і выхады на палігоны. А якое ж свята без удзелу ваеннаслужачых? Мы жывём разам, працуем побач, і свята праводзіць павінны таксама сумесна. Як толькі ваенныя вызваліліся, мы і прынялі рашэнне праводзіць дзень Бароўкі.

Між тым свята набірала ўсё большую моц. Артысты сустрэлі гасцей цудоўнымі песнямі. У першую чаргу ў іх услаўляецца інтэрнацыянальнасць Бароўкі. У вайсковым гарадку з самага пачатку жылі афіцэры і іх семі. Па службе вайскоўцам часта даводзілася пераязджаць. У савецкія часы малады лейтэнант мог пачаць службу на Далёкім Усходзе, прадоўжыць яе ў Сярэдняй Азіі або Запалярі, пабываць у Германіі, а завяршыць службу ў званні палкоўніка або генерала ў Расіі або Беларусі. Такім чынам словазлучэнне “дружба народаў” стала для жыхароў Бароўкі вельмі блізкім паняццем.

Дзяцей на свяце вельмі цікавілі ўзоры ваеннай тэхнікі. Дарослыя часцей спыняліся каля выставы, дзе былі размешчаны ўзоры творчасці дзяцей, карціны. Самыя маленькія госці з задавальненнем бавілі час у надзіманым замку, прывезеным прадпрымальнікам з Віцебска. Побач працавала прыватная кропка гарачага харчавання, дзе можна было пакаштаваць гарачага чаю, кавы і бургераў. А вось вайскоўцы з 231-й брыгады наладзілі паходную кухню, дзе гатавалі смачную салдацкую кашу і чай.

І хоць Дзень Бароўкі наведала няшмат гасцей, кожны тут мог выдатна павесяліцца і адпачыць.

Васіль МАТЫРКА

На здымках: на паходнай кухні кашаварыць камандзір аддзялення старшы сержант Наталля Шашко; Глеб Гузянок расказвае сыну Лёву пра гармату; выступаюць бароўскія артысткі; майстрыха-рукадзельніца Марыя Хасанава (злева) прадстаўляе свае вырабы.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.