Деревня с «радостным» названием на Лепельщине

img_7180Гістарычная крыніца
Працягваючы вандроўку па вёсках Лепельшчыны, завітаў у Радунь. Адразу прыцягнула ўвагу незвычайная назва вёскі. Паглядзеў на карту раёна: ёсць пяць Слабодак, два Забалацці, двое Слядневічаў, а Радунь — адна. З цікавасці, перагледзеў карты суседніх раёнаў, населеных пунктаў з такой радаснай назвай — і не пабачыў.
Апісанне пачну з гістарычнай даведкі з кнігі “Памяць. Лепельскі раён”. “Радунь, вёска ў складзе саўгаса “Баброва” Баброўскага сельсавета. Размешчана за 30 кіламетраў на паўночны ўсход ад горада Лепеля. Па пісьмовых крыніцах, паселішча вядомае ў ХІХ-пачатку ХХ стагоддзяў як вёска Радунь Несінскай воласці Лепельскага павета. На 1906 год у Радуні было 34 двары, 328 жыхароў. Паблізу ад вёскі размяшчаліся маёнтак Радунь, дзве гаспадаркі і чатыры жыхары. Маёнтак з’яўляўся ўласнасцю Рэутаў. У 1910 годзе тут было адкрыта земскае народнае вучылішча, якое ў 1918-м было пераўтворана ў працоўную школу 1-й ступені. У 1924 годзе ў вёсцы налічвалася 324 жыхары, а ў школе — 47 вучняў. На 1940 год у Радуні мелася 35 гаспадарак і 175 жыхароў. У ліпені 1943 года нямецка-фашысцкія акупанты спалілі 26 двароў і загубілі шасцёра жыхароў вёскі. У 1997 годзе тут налічвалася шаснаццаць падвор’яў і 27 жыхароў”.
Што гэта за паны Рэуты, якія валодалі маёнткам? Спіс землеўладальнікаў Лепельскага павета за 1878 год дае два прозвішчы. Казімір Іосіф Рэут меў 32 дзесяціны зямлі ў в. Завалотніччы. Такая вёска існавала раней на другім ускрайку Лепельшчыны, за цяперашняй в. Савін Дуб, на самай мяжы з Докшыцкім раёнам. Станіслаў Рамуальдавіч Рэут меў 103 дзесяціны зямлі ў вёсцы Тадуліна — таксама далекавата ад Радуні. Паколькі прозвішча Рэут даволі пашыранае цяпер на Лепельшчыне (больш за дзесяць абанентаў з такім прозвішчам у тэлефонным даведніку), можна з высокай доляй верагоднасці меркаваць, што і 120-150 гадоў таму прыведзеныя ў спісе Рэуты былі не адны.
Заязджаем у Радунь з боку вёскі Фатынь. За сярэдняга стану жвіроўкай пачынаецца асфальт, пакладзены ў апошнія гады існавання Савецкага Саюза. Асфальтавае пакрыццё яшчэ дастаткова трывалае. Бачна, што тут мала рухалася цяжкой колавай тэхнікі, а тым больш — гусенічных трактароў. Паўсюдна — балацявіны, меліярацыйныя каналы, дзе здалёк бачныя сляды жыццядзейнасці баброў — пагрызеныя асіны, вольхі, бярозы і лаза. На самым ускрайку вёскі, злева перад крайняй хатай, размясцілася сянажная траншэя. Дыхтоўная, са сценамі і падлогай, выкладзенымі бетоннымі плітамі. Аднак відавочна, што ў ёй ужо даўно не закладваліся кармы. Няма паблізу фермы, каб карміць жывёлу. У філіяле “Баброва-Агра” буйная рагатая жывёла не гадуецца, таму кармы непатрэбныя.

img_20200408_114437Сустрэча са старым знаёмым
Мінаю адну, другую закінутыя хаты, а перад трэцяй — сустракаю гаспадара. На выгляд, здаецца, знаёмы.
— Мікалай Адамавіч Ерашоў, пенсіянер, — прадстаўляецца мужчына.
І тут я ўзгадаў! Два месяцы таму мы вялі размову. Праблема, якую мы абмяркоўвалі, была разгледжана ў публікацыі “Тэхагляд і пошліна” ў №2 (11767) за 9 студзеня і “Як быць з дарожнай пошлінай?” у №13 (11778) за 14 лютага бягучага года.
— Добрага дня! Адкуль вы тут? Наколькі памятаю, вы жывяце ў Лепелі.
— Так, у нас з жонкай Святланай Васільеўнай ёсць кватэра ў Лепелі, на вуліцы Валадарскага, а ў Радуні мая бацькаўшчына — гэта сядзіба. Кожны год, з вясны і да позняй восені, мы тут жывём, ды і зімой я сюды перыядычна прыязджаю, сачу за парадкам. А сёлета мы з’ехалі раней, чым звычайна, засцерагаемся, так бы мовіць, ад каронавіруса. За штодзённымі справамі няма часу думаць пра хваробу.
Як высветлілася з нашай далейшай размовы, Мікалай Адамавіч вельмі добра памятае многія падзеі, якія адбываліся ў вёсцы ў ранейшыя часы. Прыгадаў, як у 1940-1950-х гадах існаваў калгас імя Сталіна, які, акрамя Радуні, аб’ядноўваў яшчэ бліжэйшыя вёскі Фатынь, Заружанне і Саснягі. Распавёў, як калісьці вучыўся ў мясцовай школе.
— У Радуні працяглы час дзейнічала пачатковая школа. У вёсцы, праз дзве хаты ад нас, жыве былая настаўніца Вера Ерашова.
У час размовы з Мікалаем Адамавічам я быў уражаны яго жыццёвай энергіяй. Мужчына даўно знаходзіцца на пенсіі, вядома ж, можа дазволіць сабе адпачываць у кватэры, толькі час ад часу наведваць краму і аптэку. Аднак жа ён ні хвіліны не сядзіць без справы: мае вялікі пчальнік, займаецца любімай справай ледзь не на навуковай аснове. У выкапанай сажалцы плаваюць карасі ды ліны. Аднак бяда — завяліся ратаны, якія з’ядаюць вялікую частку маладняку рыбы. Некалькі гадоў Мікалай Адамавіч апрацоўваў свой участак міні-трактарам Т-25, але потым прадаў і набыў кітайскі міні-трактар і да яго — рознае абсталяванне. Напрыклад, у гаражы ёсць ротарны плуг, які да гэтага бачыў толькі ў інтэрнэт-роліках, нядаўна набыта бульбасаджалка. З ёй, дакладней, з яе дастаўкай звязана цікавая гісторыя:
— Патэлефанавалі мне, што машына дастаўкі выехала, маўляў, чакайце, — распавядае Мікалай Адамавіч. — Чакаем мы з суседам, чакаем… Раптам мне тэлефануе экспедытар, кажа, што знайсці не можа, просіць удакладніць адрас і маршрут. Я кажу: “Вёска Радунь Лепельскага раёна Віцебскай вобласці”. А мне ў адказ: “Якога раёна? Не можа быць! Нас навігатар завёў ажно ў Валожынскі раён Мінскай вобласці!”. Я потым паглядзеў на карту — сапраўды, у Валожынскім раёне ёсць даволі вялікі пасёлак з назвай Радунь. Саджалку мне даставілі яшчэ праз некалькі дзён.
— А не баіцеся пакідаць гаспадарку зімой на некалькі месяцаў без догляду?
— А вы паглядзіце туды, — і паказаў пальцам на акно хаты, дзе на шыбе надпіс: “Дом знаходзіцца пад аховай”. — Маю сядзібу тры разы абкрадалі. Двойчы злодзеяў і ўкрадзенае знаходзілі. Адзін са злодзеяў, калі не памыляюся, яшчэ ў турме. У рэшце рэшт я звярнуўся ў гарадскі аддзел Дэпартамента аховы. Дом і ўсе пабудовы аснасцілі сігналізацыяй. Для мяне такая паслуга не дарагая, але надзвычай зручная. Потым ужо мне пераказвалі размову двух асацыяльных элементаў з Баброва. Нібыта адзін прапаноўваў зайсці і “пажывіцца”, а другі наадрэз адмаўляўся, ведаючы, што дом пад сігналізацыяй.

Настаўніца
Вера Іванаўна
Вера Ерашова — адна з пастаянных жыхароў вёскі Радунь, якія нават зімой не жадаюць ад’язджаць у гарадскія кватэры з усімі зручнасцямі. Жыве ў невялікай хатцы, у якой нават тэлевізара няма, але ёсць студня ў двары з надзвычай чыстай і смачнай вадою… Двойчы на тыдзень прыязджае аўтакрама, дзе можна набыць усё неабходнае. Часта заязджае нявестка Валянціна Міхайлаўна, якая, акрамя гэтага, двойчы на дзень тэлефануе, цікавіцца пра здароўе.
У 1955 годзе Вера Іванаўна скончыла Косцінскую сямігадовую школу і паступіла ў Лепельскае педагагічнае вучылішча, дзе атрымала прафесію настаўніка. Вось як жанчына ўспамінае гэты перыяд:
— Па ўсіх прадметах я імкнулася вучыцца толькі “на выдатна”. Хаця і цяжка было, затое жылі весела, дружна. Як звалі дырэктара, зараз не прыгадаю. Аднак жа памятаю выкладчыка Вадзіма Мікалаевіча. Ён, акрамя іншага, кіраваў ансамблем. Аднойчы сустрэў мяне, паглядзеў на мае рукі, пальцы — і прапанаваў стаць удзельніцай ансамбля. Так я і стала займацца музыкай, грала на мандаліне.
Пасля заканчэння педвучылішча Веру Іванаўну накіравалі на працу ў пачатковую школу ў вёску Радунь, дзе працавала дырэктарам Лідзія Бурлейка. Затым, калі мясцовая школа была закрыта, працавала ў Несінскай школе, а на пенсію пайшла са школы ў Матырыне. Сёлета Веру Іванаўну наведалі былыя выпускнікі Матырынскай школы — прыехалі на дзвюх аўтамабілях, прапанавалі ёй набыць тэлевізар, на што былая настаўніца цвёрда адмовілася. Былыя вучні прывезлі для любімай настаўніцы шмат памятных падарункаў.
Праходзячы па вясковай вуліцы, дзівіўся, наколькі вялікай і ажыўленай калісьці была Радунь. За закінутымі дамамі стаяць такія ж закінутыя агароды. Навакольныя палеткі ўзараныя працаўнікамі філіяла “Баброва-Агра”. А вось гароды, дзе шчыравалі вяскоўцы, на градках раслі памідоры, агурочкі, капуста, бульбачка, ужо шмат гадоў не бачылі плуга. Таксама закінуты і сады. Яблыні, грушы, слівы і вішні штогод абсыпаюць долу свае плады.
Адметна выглядаюць векавыя дубы, якія выраслі нібы знакі на мяжы, паміж участкамі суседзяў. Некаторыя вельмі тоўстыя, магчыма, яны маглі б з годнасцю скласці канкурэнцыю знакамітаму тадулінскаму дубу.

img_20200408_140435Гаспадарскі падыход
Каля дома №5 я вельмі здзівіўся — атара авечак пасвілася на вольным выгуле! Падаўся бліжэй, каб сфатаграфаваць, — яны жвава і з імпэтам самі наблізіліся. А тут і гаспадар падышоў, запрасіў у дом выпіць гарбаты і пагутарыць.
Васіль Міхайлавіч і Марыя Ільінічна Собалі жывуць у вёсцы Радунь пастаянна. Вёска — малая радзіма галавы сям’і, а жонка родам з Вялікіх Дольцаў Ушацкага раёна, якія размяшчаюцца амаль адразу за вёскай Пышна Лепельскага раёна. Васіль Міхайлавіч служыў у міліцыі, быў інспектарам ДАІ, зараз жа — дбайны вясковы гаспадар, гадуе разнастайную жыўнасць. У яго гаспадарцы — птушка, у клетках сядзяць трусы, нядаўна забілі парася, а яшчэ — узгаданая раней атара авечак.
— Нядаўна я пагалоўе скараціў, — кажа суразмоўца. — У пэўны перыяд яно разрасталася да трыццаці галоў і больш.
— Жывёла ў вас на вольным выгуле. Не скардзяцца суседзі на патравы ў агародах?
— А каму скардзіцца? З суседзяў агароды апрацоўвае хіба што Мікалай Адамавіч на процілеглым баку Радуні, а бліжэйшая суседка, Іна Ларыёнаўна, апрацоўвае невялічкі агарод, да таго ж ён абгароджаны. Так што для авечак тут — прастора. А сёлетняй зімой увогуле выгадна было. Снег зямлю не пакрываў, дык авечкі з лістапада па красавік свабодна гулялі і скублі траву. Сена, нарыхтаванага летам, з’елі зусім мала.
— Ваўкі і бадзяжныя сабакі не з’яўляюцца?
— Бадзяжных сабак тут ніколі не было. А вось ваўкоў хапае. Цікава, што мы з жонкай неаднаразова чулі іх выццё, сам бачыў сляды звяроў, што набліжаліся да гаспадарчых пабудоў, паляўнічыя перыядычна ўчынялі на іх аблавы, але самому ваўкоў бачыць давялося толькі некалькі разоў, і тое — у бінокль. Бачна, праўду казалі старыя людзі, што ваўкі не палююць паблізу ад тых месцаў, дзе жывуць самі.
Дом Васіля Міхайлавіча і Марыі Ільінічны выгадна адрозніваецца ад іншых у Радуні. Ён цалкам абноўлены, усё зроблена з выгодамі па “гарадскіх” стандартах. Вось як кажа сам галава сям’і:
— У Радуні жыў мой дзед, яго хата стаяла насупраць маёй цяперашняй. Ён дапамагаў будаваць сядзібу бацьку, мы і самі жылі на радзіме шмат гадоў. У рэшце рэшт бацькава хата запатрабавала капітальнага рамонту. А тут даведаліся, што па прымальнай цане прадаецца даволі моцны суседні дом. Мы разважалі так: чым грошы ўкладаць у капітальны рамонт старога дома, лепш купіць трывалы, які не патрабуе ў бліжэйшыя гады значных капіталаўкладанняў. Так і зрабілі.
Аднак усё роўна адчуваецца гаспадарскі падыход: значна была ўцеплена сцяна, на якую дзьмулі пранізлівыя вятры, прыбудавана шырокая кухня, заменены дах. У такім доме прыемна жыць.

Радзіма заўсёды бліжэй
Апошняй суразмоўцай стала жыхарка крайняй хаты Іна Бурлейка. Адзімавала жанчына ў гарадской катэры ў дачкі. Вельмі сур’ёзна ўспрымае пагрозу захворвання віруснай інфекцыяй, таму размова па яе просьбе праходзіла на бяспечным аддаленні.
Нарадзілася і вырасла Іна Ларыёнаўна непадалёк, а ў вёсцы Радунь сустрэла свайго мужа. Усё жыццё адпрацавала ў жывёлагадоўлі. На пытанне пра сянажную траншэю на процілеглым ускрайку вёскі адказала:
— Так, у Радуні пасля вайны быў калгас імя Сталіна, потым ён называўся “Авангард”. Затым гаспадарка была аб’яднана з калгасам імя Леніна. Тут заўсёды была трывалая база, гадаваліся каровы, свінні і птушка.
— Ці памятаеце імёны старшыняў калгасаў у тыя часы?
— Не, не памятаю. Запомнілася толькі прозвішча старшыні калгаса імя Леніна — Хрыпач. Вельмі гаспадарлівы быў кіраўнік, дбаў і пра калектыўную гаспадарку, і пра дабрабыт калгаснікаў. Людзі пры яго кіраванні жылі заможна.
Жанчына сказала, што і зараз жыве нядрэнна: аўтакрама прыязджае рэгулярна, тавары падвозяцца ажно да хаты, дачка кожны дзень тэлефануе, спраўляецца пра здароўе і самаадчуванне. Пытаюся:
— А калі, не дай Бог, здароўе падвядзе, звяртаецеся на ФАП у Баброва?
— Шчыра прызнацца, не ведаю ні тэлефоннага нумара ФАПа, ні хто там працуе, — сказала жанчына і дадала. — Каб і надалей не ведаць.
* * *
Вось так адбылося маё знаёмства з яшчэ адной маленькай, але каларытнай, па-свойму адметнай вёскай Радунь Лепельскага раёна і яе цікавымі, самабытнымі жыхарамі.
Васіль МАТЫРКА.

One thought on “Деревня с «радостным» названием на Лепельщине

  • 21.04.2020 в 4:43 пп
    Permalink

    Вера Ивановна Ерашова с 1984 г работала учительницей начальных классов в Бочейковской средней школе Бешенковичского района. В 2019 году к ней приезжали бывшие ее выпускники начальных классов Бочейковской СШ. Он ее всегда помнят и очень ей благодарны.

    Рейтинг комментария:Vote +1+1Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.