Десятиклассники утверждают, что пахнет лето свежими красками

img_2352А сапраўды — якога колеру лета? Ну, з першым яго месяцам усё зразумела. Кажуць, што ён блакітны. Ва ўсякім разе, так сцвярджае вядомая кожнаму з нас з дзяцінства песенька: “Счастливых дней карусель, синеватый апрель, зелёный май и июнь голубой”. Праўда, сёлета, калі май быў зусім не зялёным, а ці не паўмесяца палохаў чарнатою голых дрэў і нават белымі снегавымі мухамі, пальму зялёнага першынства я б перадаў чэрвеню. Думаю, са мною пагодзяцца і васьмікласнікі з сярэдняй школы №3, прынамсі, тыя з іх васьмёра чалавек, якія былі ў “Зялёным атрадзе”.
Для Дашы Боб, Насці Шушкевіч, Марыны Кулеш, Данілы Целіцы, Вадзіма Шамаля, Арцёма Місніка, Улада Самахвалава і Тані Жарнасек зелянейшага лета, як сёлетняе, не прыдумаеш. Ужо адразу па заканчэнні апошніх школьных урокаў дзеці запісаліся ў працоўны летнік і закасалі рукавы.
Справы ў школьным двары хапала. Для пачатку “паганялі” смецце. Затым узяліся за клумбы. Цяжка сёлета кветкам, марудна адаптуюцца яны да халаднаватага і зменлівага надвор’я. А вось траўка расце сабе і ў вус не дзьме. Не страшныя ёй ні начныя рэзкія ваганні тэмператур, ні іншая расліннасць. Баіцца трава толькі цярплівых падлеткавых рук. А што рукі ў іх цярплівыя, сумнявацца не даводзіцца. Гэта ж кожную травінку трэба акуратненька з клумбы выдаліць, каб кветкам не нашкодзіць.
Справіўшыся з пустазеллем, узяліся за пасадку дрэў. Пятнаццаць маладых туй трэба было высадзіць ля школы. Старанна завіхаліся дзеці з рыдлёўкамі, клапатліва і ашчадна, як і належыць з маленькімі, абыходзіліся з дрэўцамі. І зазелянеў школьны двор яшчэ адной алеяй з прыгожых зялёных туй.
Намеснік дырэктара па гаспадарчай частцы Святлана Шопа расказала, што дзеці з “Зялёнага атрада” прапалолі дзве тысячы сто семдзесят квадратных метраў газону. Немалая плошча!
І колькі ж яны заробяць? Так-так, гэта не якая-небудзь бясплатная школьная практыка. Гэта першыя вучнёўскія заробкі ў вытворчых брыгадах, арганізаваных па лініі Цэнтра занятасці. А не так мала заробяць. Для атрада, які займаецца азеляненнем, выдзелена дзве тысячы шэсцьсот шэсцьдзясят тры рублі. З іх семсот пяцьдзясят пяць затрачана на матэрыялы. Астатняе — зарплата працаўнікам. Падзяліце на восем чалавек, атрымліваецца болей як дзвесце пяцьдзясят рублёў. Такі вось першы заробак.
Лета ў самым разгары. І планы ў кожнага, вядома ж, грандыёзныя. Адны збіраюцца адпачыць у летніках, а то і злятаць з сям’ёю на паўднёвыя курорты, другія паедуць у вёску да бабулі ці дзядулі. Вядома ж, будуць займацца спортам і іншымі любімымі справамі. А захапленні разнастайныя. Даніла — праграміст і, калі верыць яго намерам, будучы лётчык грамадзянскай авіяцыі. Вадзім — хлопчык спартыўны, “турнікмэн”. Марына займаецца таэквандо і любіць інтэлектуальныя гульні, Насця танцуе ў “Зацеі”, а марыць стаць урачом, Даша ходзіць у “Зачаравашкі”. Верыцца, што ўсе іх мары абавязкова збудуцца, а лета прынясе ім яшчэ шмат рознакаляровых прыгожых дзён.
А чым лета пахне? Дзесяцікласнікі гэтай жа школы сцвярджаюць, што пахне лета свежымі фарбамі. Сабраўшыся ў другую вучнёўскую брыгаду — рамонтную, Андрэй Тарасевіч, Дзіма Барысёнак, Максім Юшкевіч, Мікіта Кулеш, Улад Мікалаеў і Мікіта Кажамякін, як сапраўдныя майстры, узяліся за адвёрткі, і пяцьдзясят камплектаў школьнай мэблі (пяцьдзясят сталоў і сто табурэтак) набылі выгляд новенькіх. А затым пайшлі ў ход пэндзлі. І запахла ў школе ў чэрвені вераснем. Помніцца, колісь і ў нашым дзяцінстве гэты незабыўны пах свежай фарбы клікаў за парты.
Школьнай рамонтнай брыгадзе належыць асвоіць тысячу пяцьсот сорак два рублі выдзеленых сродкаў. Амаль усе яны, за выключэннем затрат на набыццё шурупаў, пойдуць падлеткам на зарплату.
Такімі вось працоўнымі канікуламі пачалося лета ў СШ №3. А да верасня яшчэ вунь як далёка, і ўсё яшчэ наперадзе.
img_2356Уладзімір МІХНО.
На здымках: васьмікласнікі з “зялёнага атрада”; рамонтная брыгада дзесяцікласнікаў.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.