Детский клуб со сладким названием «Карамелька» открыл свои двери

img_5087Сям’я Аляксандра Ляончыка і Ірыны Арловай (жанчына ў шлюбе вырашыла захаваць сваё прозвішча) вельмі адметная. І найперш тым, што змагла зрабіць крок, на які не ўсе адважваюцца — усынавіла дваіх
дзяцей.

— Як вы адважыліся на такі адказны крок? — пытаюся ў Ірыны.
— З юнацтва, гадоў з 16, прыйшла да пераканання, што ў мяне будзе вялікая сям’я і абавязкова будуць усыноўленыя дзеці. І мужа паступова прыводзіла да гэтага ж. Некалькі разоў наведваліся ў сацыяльны прытулак, прывозілі туды падарункі. Ведаеце, многія людзі любяць прымаць падарункі, аднак і дарыць таксама прыемна. Асабліва дзецям у цяжкіх жыццёвых абставінах.
— Звычайна людзі, калі хочуць дапамагчы дзецям-сіротам, звяртаюць увагу ў першую чаргу на радню, дзяцей сваякоў, якія засталіся без апекі бацькоў. І нават у гэтым выпадку не часта адважваюцца на ўсынаўленне, часцей афармляюць апеку…
— Можна сказаць, і мы з Сашам з гэтым сутыкнуліся. Гаварылі нам, маўляў, не спяшайцеся, будзьце асцярожнымі, невядома, як пакажуць сябе гены былых бацькоў. Нават мама мяне адгаварыць спрабавала. Аднак мы настаялі на сваім. Пры гэтым афармлялі менавіта ўсынаўленне, а не апеку ці якую іншую форму.
* * *
Зараз у сям’і трое дзяцей. Спачатку з’явіліся ўсыноўленыя Аня і Вася, а крыху пазней нарадзіўся і Захар.
Аня і Вася — родныя сястра і брат, іх біялагічную маці пазбавілі бацькоўскіх правоў. Не будзем апісваць тых жорсткіх умоваў, у якіх былі дзеці, калі іх забіралі органы апекі. Скажам толькі, што дзяўчынка ў свае два гады амаль не вымаўляла ніводнага слоўца, не мела ніякіх навыкаў камунікацыі, узаемаадносін. Першы год сумеснага пражывання і выхавання стаў сапраўдным выпрабаваннем для сям’і. Трэба было шмат увагі і клопату ўдзяляць усыноўленым дзецям, а тут яшчэ і Захар нарадзіўся. Толькі сумеснымі намаганнямі Ірыне і Аляксандру ўдалося захаваць, а фактычна — нанава выбудаваць сваю сям’ю.
Затое зараз дзеці — не разлі вада, хоць і кожны са сваім характарам. Аня — жывая, няўрымслівая, спакойна сядзець на месцы не можа. Вася — процілеглы, спакойны, разважлівы. Захар жа ўдала спалучае рысы старэйшых сястры і брата. Як удалося з такіх розных па тэмпераментах дзяцей скласці шчаслівую сям’ю? Першае, безумоўна, гэта любоў і вялікая праца бацькоў, іх моцнае жаданне. Па-другое, дапамагла прафесія Ірыны. Па адукацыі яна псіхолаг, таму да тых ці іншых сітуацый і праблем падыходзіць не толькі з пункту погляду жыццёвай мудрасці, але і прыцягвае навуковыя дасягненні.
* * *
— У водпуску па доглядзе дзіцяці амаль увесь час была нібыта ў ізаляцыі, — успамінае Ірына, — кватэра, дзеці, кухня, вопратка-бялізна — з дня ў дзень адно і тое ж. Хіба што на вуліцы, гуляючы з дзецьмі, сустракалася з такімі ж маладымі маці. Размаўлялі, дзяліліся апошнімі навінамі, давалі адна адной парады. І неяк паступова лавіла сябе на думцы, што няблага было б, калі б адчыніўся які-небудзь гурток, секцыя ці клуб, дзе маці з малымі дзеткамі маглі б пабыць разам, пагаварыць, абмяняцца досведам, а дзеці б у той час пагулялі, з імі б пазаймаліся аніматары, выхавальнікі або, скажам, лагапеды ці іншыя спецыялісты. Так праляцелі тры гады дэкрэтнага водпуску. І адначасова выкрышталізавалася ідэя па прынцыпе: хто, як не я, калі, як не цяпер.
Аляксандр зноў падтрымаў Ірыну, і жанчына з энтузіязмам узялася за працу. Дзіцячы клуб з салодкай назвай “Карамелька” адчыніў свае дзверы ў доме №90а па вуліцы Калініна ў Лепелі, побач з камерцыйнай аптэкай, і прымае першых наведвальнікаў.
— Наш клуб разлічаны на прыём дзетак ад аднаго году з маці, — расказвае Ірына. — Праводзім гульні, ладзім святы, арганізуем заняткі з педагогамі, псіхолагамі як для дзяцей, так і для іх бацькоў. Старэйшых дзетак рыхтуем да школы.
— Цана пытання?
— Плануем прапаноўваць заняткі па два разы на тыдзень па адной гадзіне. Месячны абанемент — 40 рублёў.
— Ці не занадта дорага?
— Не думаю. На днях мы праводзілі пробныя заняткі, за чатыры дні іх наведалі 70 дзяцей з маці. Многія адразу ж афармлялі абанементы. Людзі самі разумеюць, што нельга сядзець у чатырох сценах, што абавязкова трэба і ім, і дзецям выходзіць, гуляць, развівацца. З іншага боку, і клуб нясе пэўныя расходы, якія трэба аплачваць. У першую чаргу гэта арэнда памяшкання, камунальныя плацяжы за ацяпленне, ваду, электраэнергію і інш., падаткі. Да таго ж мы набылі дываны на падлогу, дзіцячую мэблю, горкі, цацкі. Прычым, заўважу, яны не вечныя, праз пэўны час трэба будзе набываць новыя. Нанятым спецыялістам таксама трэба будзе плаціць — вось на гэтыя патрэбы ў першую чаргу і накіроўваецца абаненцкая плата.
* * *
eikqiwidnvaІдэя дзіцячага клуба бачыцца не як бізнэс-праект, сур’ёзных грошай на гэтым не заробіш, няма ў Лепелі значнага плацежаздольнага попыту на падобныя паслугі. Гэта больш праект сацыяльны, у рамках якога Ірына ажыццяўляе ідэю самарэалізацыі, самазанятасці, і разам з тым спрабуе даць магчымасць дзясяткам іншых маці і дзяцей не сядзець месяцамі дома, зрэдку выходзячы на вуліцу ці ў парк пагуляць, а таксама самарэалізавацца ў невялікіх групах і вялікіх калектывах.
І пры новай для сябе справе, своеасаблівым сацыяльна накіраваным бізнэсе, Ірына не забывае пра дабрачыннасць. Праўда, часу для яе становіцца ўсё менш і менш. Аднак нядаўна яна знайшла зручны спосаб.
— Для дзіцячага клуба патрабавалася, каб быў адкрыты разліковы рахунак і аформлена пластыкавая электронная карта для разлікаў, — распавядае жанчына. — Мы традыцыйна даўно карыстаемся паслугамі лепельскага разлікова-касавага цэнтра “Белаграпрамбанка”, таму зноў звярнуліся туды. Нам параілі карту “Дакрананне”. Яе асаблівасць у тым, што пры кожным плацяжы адлічваецца 0,3 працэнта ад сумы, грошы ідуць на дабрачынныя мэты. Яшчэ 0,3 працэнта туды ж накіроўвае банк. 0,6 працэнта — не такія ўжо і вялікія грошы, аднак з кропелек складаюцца ручаі, якія разам зліваюцца ў паўнаводныя рэкі. Магчыма, камусьці для выратавання якраз не хапае некалькіх капеек…
Сацыяльны праект дзіцячага клуба “Карамелька” ўдала стартаваў, праводзяцца заняткі, арганізаваны і праведзены святы адкрыцця, модны сярод моладзі Хэлоўін, у якім прынялі ўдзел 35 дзяцей з маці, а некаторыя і татаў прывялі. Аня, Вася і Захар па меры сіл дапамагаюць маме. Захар, як сапраўдны эксперт, дапамагаў выбіраць і набываць цацкі, а старэйшыя ўпрыгожылі сцены малюнкамі. А бліжэйшым часам Ірына плануе правесці пірацкую вечарыну.
Васіль МАТЫРКА.
На здымках: Ірына Арлова атрымлівае карту “Дакрананне”; Хэлоўін у дзіцячым клубе.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.