Девять жителей Слободского края служили на флоте

Наша краіна, па сваім геаграфічным становішчы, не з’яўляецца марской дзяржавай, але мае багатую марскую гісторыю. На працягу многіх стагоддзяў лёс беларусаў быў звязаны з удзелам у ваенна-марской гісторыі Расійскай імперыі, а затым Савецкага Саюза. Сярод ваенных маракоў нямала і лепяльчан, у тым ліку і ўраджэнцаў Слабадскога сельсавета.

На працягу навучальнага года слабадскія школьнікі шукалі звесткі пра сваіх землякоў, якія  ў розныя гістарычныя эпохі служылі ў Ваенна-марскім флоце, збіралі для школьнага музея марскія рэчы і прадметы. Вынікам клапатлівай краязнаўчай работы стала музейная экспазіцыя, на адкрыццё якой былі запрошаны госці, былыя ваенныя маракі Пётр Кліманскі і Уладзімір Сездзін. Падчас сустрэчы госці распавялі пра спецыфіку марской службы, якая працягвалася  тры гады, што на цэлы год больш чым у іншых радах войск Узброеных Сіл Савецкага Саюза. Цікава было даведацца і пра марскія традыцыі, выконваць якія – святы абавязак кожнага марака.

Пётр Кліманскі нарадзіўся ў Слабадзе, паспеў скончыць мясцовую сярэднюю школы і адно з мінскіх прафтэхвучылішчаў, калі надышоў час ісці ў войска. Дасведчаны ў вайсковай справе родзіч, калі пабачыў у павестцы нумар каманды, сказаў, што Пётр будзе служыць на флоце. Так яно і сталася. У вучэбцы, якая знаходзілася ў латвійскім горадзе Ліепая, атрымаў спецыяльнасцьэлектрыка. Пасля чаго накіравалі для праходжання службы на эскадраны мінаносец “Стремительный”, прыпісаны да Балтыйскага флоту. Гэта быў ужо далёкі 1979 год. У той самы час на Балтыйскім флоце служыў аднавясковец Пятра Міхаіл Пшонка. Хлопцам нават атрымалася сустрэцца, пра  што на ўспамін застаўся сумесны здымак, зроблены ў адной з фотастудый Ліепаі. Служба Міхаіла Пшонкі падыходзіла да заканчэння, праз год ён быў  ужо дома, а вось у Пятра Кліманскага марская служба толькі пачыналася. У 1980-м яго перавялі ў Ленінград на эсмінецСовременный”, на якім з Балтыкі ў складзе экіпажа зрабілі пераход у Чорнае мора. У 1982 годзе, агулам адслужыўшы тры гады і два месяцы, у званні старшыны другой стацці Пётр Кліманскі вярнуўся дадому.

Уладзімір Сездзін  родам з Далік, таксама выпускнік Слабадской школы. У 1986 годзе трапіў служыць на Ціхаакеанскі флот, на вялікі супрацьлодачны карабель “Петрапаўлаўск”. Акрамя асноўнай спецыяльнасці механіка Уладзімір засвоіў яшчэ шэраг смежных спецыяльнасцей, прайшоў лёгкавадалазную падрыхтоўку. Пра службу засталіся толькі самыя станоўчыя ўспаміны. Некалькі разоў хадзіў у дальнія паходы, якія цягнуліся па некалькі месяцаў, за што атрымаў нагрудны знак “За дальні паход”. Са службы звальняўся ў званні галоўнага карабельнага старшыны. Ужо шмат год Уладзімір Фёдаравіч працуе настаўнікам фізічнай культуры Слабадской школы.  Час ад часу сваім вучням распавядае пра  рамантыку марской службы.

Мараком быў і дзядуля шасцікласніка Цімафея Гарбачова з Аношак. Разбіраючы дзядулевы рэчы, у альбоме хлопец знайшоў яго фотаздымкі, зробленыя падчас службы. Гарбачоў Аляксей служыў на Балтыйскім флоце з 1951 па 1955 год, тэрмін службы на флоце ў той час складаў чатыры гады.

У  1950-я гады на Чарнаморсім флоце служыў Іван Шалкоўскі са Свядзіцы, прадзед дзевяцікласніцы Даны Белавусавай.  З тога часу захавалася марская форма Івана Шалкоўскага і скураны чамадан, па тагачасных мерках даволі дарагая рэч. З гэтым чамаданам Іван прыехаў са службы на моры.

На цяперашні час вядомы прозвішчы дзевяцярых жыхароў слабадскога краю, якія служылі на флоце. Двое з іх – Антон Матэльскі з хутара Рэпішча і Емельян Змітрачонак са Свядзіцы, служылі на моры яшчэ ў пачатку ХХ стагоддзя.

Вывучэнне марской гісторыі сельсавета стала яшчэ адной старонкай мінулага краю, якую напісалі даследчыкі Слабадской школы. Для хлопчыкаў і дзяўчынак, як празнанне іх намаганняў, стала ганаровым тое, што ў адкрыцці экспазіцыі прынялі ўдзел непасрэдна  ваенныя маракі, людзі пра каторых яна і распавядае.

Валерый Тухта

На здымку: Пётр Кліманскі і Уладзімір Сездзін

Фоты аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.