Девятнадцатилетний лепяльчанин начал употреблять наркотики с юного возраста.

375d26a083b94e7fadd3e9730be361af_lg3eec4bТэма не новая на старонках “Лепельскага краю”. Тэма, дададзім, даволі далікатная і не толькі. Бяда падпільноўвае юнакоў і дзяўчат, як кажуць, на кожным кроку. Могія “сядзяць” у сацыяльным сеціве. А там спакус зашмат. У тым ліку і расповеды пра наркатычны “кайф”. Да трагедыі, такім чынам, адзін крок. Маладыя людзі спрабуюць “для прыколу” адчуць уздзеянне дурману на свой арганізм. Думаюць, пакаштуюць зелля адзін разок і спыняцца. Ды прывыканне вокамгненна наступае.
І багна дурманная засмоктвае ў твань, як кажуць, з галавой. І каб не быць галаслоўным, прывяду нядаўні выпадак. Дзевятнаццацігадовы лепяльчанін пачаў спажываць наркотыкі з юнага ўзросту. Прыахвоціўся трывала. Трапіў у поле зроку праваахоўных органаў. Потым — на лаву падсудных. Такія перыпетыі лёсу, мабыць, не вельмі напужалі. Хаця прасочваецца і іншая прычына. Не мог, відаць, утрымацца ад заганнай звычкі. Мякка сказана. Гэта ўжо дыягнастуецца не як звычка, а як хвароба. Па ўласнай, заўважым, ініцыятыве і па ўласным жаданні. Родныя і блізкія не спынілі яго падзенне. Маглі, аднак чамусьці як след не зрэагавалі. І маюць тое, што маюць.
Нібы нейкая звышнатуральная пачвара падбухторвала юнака на новыя дозы. І шлях набыцця быў даволі просты — праз інтэрнэт. Знаходзіў пастаўшчыка, плаціў грошы, забіраў дурман з нейкага патаемнага месца. І спажываў. Шыла, кажуць, у мяху не схаваеш. Так і ў нашым выпадку. Паўторна трапіў хлопец у міліцэйскі “нерат”. Яго затрымалі ў неадэкватным стане на плошчы Свабоды Лепеля. Далейшы лёс юнака даволі незайздросны.
— У сферы процідзеяння незаконнаму абароту наркатычных рэчываў праводзіцца актыўная работа па ключавых напрамках, — кажа начальнік раённага аддзела ўнутраных спраў падпалкоўнік міліцыі Аляксандр Дуранаў. — Прымаемыя захады ахопліваюць усе галіны прававога і сацыяльнага жыцця рэгіёна. Сёлета дзейнасць зацікаўленых суб’ектаў у барацьбе з наркаманіяй прыкметна актывізавалася, павялічылася колькасць і якасць правядзення інфармацыйна-тлумачальных гутарак ва ўстановах, арганізацыях і на прадпрыемствах. У раённай газеце “Лепельскі край” рэгулярна друкуюцца артыкулы антынаркатычнай накіраванасці, аб шкодзе наркаманіі і прававых наступствах удзелу ў незаконным абароце забароненых сродкаў.
У грамадскіх месцах размешчаны ўлёткі з антынаркатычным кантэнтам. Ва ўстановах аховы здароўя на відэаманіторах штодня транслююцца відэаролікі па названай тэме, як і на бягучым электронным радку па вуліцы Чуйкова. Агульная задача ўсіх суб’ектаў прафілактыкі накіравана на прывіццё насельніцтву негатыўнага стаўлення да сацыяльна небяспечнага зла.
Зразумела, аб станоўчых момантах вырашэння праблемы пісаць і гаварыць прыемна. Пры ўсім тым навідавоку і пралікі ды ўпушчэнні. Вобразна кажучы, лыжка дзёгцю ў бочцы мёду. Скажам, да гэтага часу застаюцца не выкананымі асобныя пункты рашэння Лепельскага райвыканкама ад 18 лістапада 2016 года. У прыватнасці, па вуліцы Чуйкова павінен быць размешчаны рэкламны шчыт антынаркатычнай накіраванасці, як і адпаведны надпіс на гарадскім аўтобусе. Выкананне ў другім выпадку даручалася філіялу аўтатранспартнага прадпрыемства №14 г. Лепеля ААТ «Віцебскаблаўтатранс». Нічога не зроблена.
На шэрагу аб’ектаў райспажыўтаварыства адсутнічаюць улёткі антынаркатычнай накіраванасці. Такая задача ставілася ў мэтах выканання пункта 26 плана «Мерапрыемстваў па супрацьдзеянні незаконнаму абароту наркотыкаў, прафілактыцы іх спажывання, у тым ліку сярод дзяцей і моладзі, сацыяльнай рэабілітацыі асоб, хворых на наркаманію на тэрыторыі г. Лепеля і Лепельскага раёна на 2017 год». Напамін аб неабходнасці размяшчэння такіх улётак быў адпраўлены Лепельскім РАУС у студзені 2017 года. Кааператары адрэагавалі… маўчаннем, так і не зрабілі квартальную справаздачу аб рэалізацыі плана.
Мы ўжо прамым тэкстам гаварылі аб тым, што найбольш схільныя да ўжывання наркотыкаў моладзь, навучэнцы. Адным з важных элементаў кампаніі барацьбы з гэтым сацыяльным злом прадугледжвалася не радзей за адзін раз у паўгоддзе праводзіць бацькоўскія сходы ва ўстановах адукацыі па названай тэматыцы з прыцягненнем медыцынскіх работнікаў, супрацоўнікаў праваахоўных органаў. Адказным з’яўляецца аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама. Рашэнне так і засталося на паперы на той час.
— У сувязі з прыцягненнем асобных навучэнцаў установы адукацыі «Лепельскі дзяржаўны агратэхнічны каледж» да крымінальнай або адміністрацыйнай адказнасці за незаконны абарот наркатычных сродкаў, — падкрэсліў Аляксандр Дуранаў, — раённы выканаўчы камітэт рэкамендаваў дырэктару Алегу Лебедзю арганізаваць факультатыўныя заняткі антынаркатычнай тэматыкі. Неабходна распрацаваць графікі і тэмы заняткаў, узгадніць іх з раённым аддзелам унутраных спраў, камісіяй па справах непаўналетніх, установай аховы здароўя “Лепельская цэнтральная раённая бальніца”.
Прыгадваю мінулагоднюю гутарку з адным з вядучых у краіне псіхолагаў. Адкрыў свой нататнік і цытую яго разважанні: “Лепшым метадам барацьбы з нарказалежнасцю з’яўляецца прафілактыка. Хваробу заўсёды лягчэй папярэдзіць, чым утаймаваць. На жаль, прафілактыкі на ўзроўні дзяржавы часцяком бывае недастаткова. Куды больш эфектыўнай аказваецца прафілактыка ў наркалагічных клініках.
Прафілактыка нарказалежнасці ажыццяўляецца намаганнямі прафесійных псіхолагаў. З аднаго боку, дазваляе сфарміраваць негатыўнае стаўленне да зелля. З іншага боку, прафілактычныя мерапрыемствы, якія праводзяцца прафесійнымі псіхолагамі, дапамагаюць ліквідаваць розныя псіхалагічныя і псіхасацыяльныя праблемы, якія маглі б стаць прычынай ужывання наркотыкаў.
Прафесійная прафілактыка з’яўляецца асновай барацьбы з нарказалежнасцю”.
І напрыканцы такая выснова. Нічога новага не адкрываю, гэта банальная ісціна, але ўсё ж… Барацьба з наркаманіяй не магчыма высілкамі аднаго органа або арганізацыі. Для атрымання эфектыўнага выніку патрабуецца комплексная і зладжаная дзейнасць усіх суб’ектаў прафілактыкі і іншых зацікаўленых органаў і арганізацый.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.