Диплом I степени в номинации «Лучший торговый объект по реализации бумажно-чистовых товаров » занял лепельский коллектив

img_8844 Калектыў лепельскага магазіна-кнігарні “Літара” УП “Віцебскаблсаюздрук” сёлета на ХХІІ Міжнароднай спецыялізаванай выставе “СМІ ў Беларусі”, якая праходзіла нядаўна ў Мінску ў выставачным цэнтры БелЭкспа, атрымаў дыплом І ступені ў намінацыі “Лепшы гандлёвы аб’ект” па рэалізацыі папярова-белавых тавараў”.

У горадзе паспелі ўжо прывыкнуць да магазіна з густоўна аздобленым фасадам і красамоўнай беларускай назваю “Літара”. Размешчаны ён хоць і побач з цэнтрам горада, аднак на нешматлюднай і невялікай вуліцы Ленінскай, што вядзе ад плошчы Свабоды да гарадскога парку.
Праўда, улетку ў гэтым раёне, ля возера, не так ужо і нешматлюдна: багата людзей адпачывае, шмат турыстаў з блізкага замежжа і, прынамсі, з Расіі. І хоць адпачывальнікам летам не да чытання, а ўсё ж “Літары” яны не абмінаюць. Тут трэба сказаць, што не важна, дзе размешчана гандлёвая кропка, галоўнае, якая ў яе рэпутацыя. “Літару” ў горадзе больш ведаюць як “Глобус”. Менавіта так доўгія гады называўся магазін “Саюздруку”.
Зрэшты, у той час ён не меў такіх прыгожых фасаду і інтэр’еру, ды і асартымент быў дастаткова вузкага і спецыфічнага профілю — у асноўным канцтавары, прадметы для школьнага ўжытку ды газеты з часопісамі. Быў іншы час, але і іншы попыт.
Вось і Святлана Жыветава, старшы арганізатар рознічнага гандлю Лепельскага падраздзялення “Віцебскаблсаюздруку”, з якой гутарым, гэтакай жа думкі — пакупніцкая здольнасць была вышэйшай.
— Магазін існуе дзевятнаццаць гадоў, — распавядае Святлана Раманаўна, — спачатку мы з Таццянай Кандыбайла тут былі прадаўцамі. Пасля рэарганізацыі я стала арганізатарам рознічнага гандлю, а другім прадаўцом прыйшла Таццяна Лобкіс. Амаль тры гады таму памяняўся дызайн магазіна. Мы атрымалі новае абсталяванне, памянялі вітрыны, вонкавую рэкламу, вокны. Адмыслова працавала дызайнер з Віцебска.
— Прадаўцы — справа зразумелая, а якія вашы абавязкі?
— Самыя розныя: і работа з пастаўшчыкамі, і справаздачы прадаўцоў, і ўчастак кадравай работы, і іншыя. У нас сем кіёскаў, склады для тавараў і газет. У сістэме задзейнічаны адзінаццаць чалавек.
— Адкуль паступае прадукцыя?
— Тавары атрымліваем з базы “Віцебскаблсаюздруку”, але і не толькі. Нам дадзена права працаваць наўпрост з пастаўшчыком.
— І з якімі пастаўшчыкамі працуеце?
— Хачу зазначыць, што працаваць даводзіцца ва ўмовах жорсткай канкурэнцыі, бо мы не адзінае ў горадзе прадпрыемства па рэалізацыі друкаванай прадукцыі. І таму раскрываць усе “камерцыйныя таямніцы” не варта. Можна хіба назваць надзейных пастаўшчыкоў іншай спадарожнай прадукцыі, якой гандлюем. Гэта кандытарская фабрыка “Камунарка”, фабрыка “Знак густу” ў Заслаўлі і г.д.
Сапраўды, калі раней у “Глобус” хадзілі хіба па сшыткі ды сцізорыкі, то зараз у “Літары” можна і кавы набыць, і цукру, і алею, і цукерак, і мінералкі, нават буркамі цёплымі разжыцца на зіму, і мяккай цёплай коўдрай абзавесціся. Прызнацца, нават сам не чакаў убачыць тут такі багаты ды разнастайны асартымент. Жыццё змушае, бо ва ўмовах канкурэнцыі інакш не выжывеш. І ўсё ж асноўная прадукцыя па-ранейшаму профільная, адпавядае назве: бланкі розныя, граматы. Толькі аднае паперы некалькі відаў: спажывецкая газетная, каляровая, сем відаў друкавальнай, для факса і г.д. Ну і, вядома ж, газеты з часопісамі, кнігі.
Праўда, шчыра кажучы, выбар кніг мяне не надта ўразіў, асабліва мастацкай літаратуры на беларускай мове. Выбар небагаты. На вялікі жаль, літаратура вядомых яшчэ са школы пісьменнікаў амаль не прадстаўлена. Паасобныя выданні малавядомых аўтараў, і каштуюць дарагавата. Ну ды ў тым няма віны прадаўцоў, кошты ж яны не ўстанаўліваюць, ды і паступаюць кнігі з Віцебска. Цікава, па якой сістэме там фарміруюць заказы на кніжны густ для райцэнтраўскага чытача? Кажуць, няма попыту. Ды каб быў попыт, патрэбна ж прапанова.
А вось кніжак-казак дастаткова — прыгожа аформленыя, прыемна ўзяць у рукі. Ёсць і на роднай мове. Думаю, дзеткам яны спадабаюцца. Дарэчы, Святлана Раманаўна кажа, што заказалі яшчэ трыццаць беларускамоўных кніжак, у тым ліку дзіцячую беларускую энцыклапедыю. Так што пачакаем-пабачым.
Прадавец павінен быць псіхолагам, здольным прывабіць і зацікавіць пакупніка. Асабліва гэта важна прадаўцам у шапіках, ля якіх заўсёды бывае народ. Важна засяродзіць увагу на прадукцыі, якой гандлюеш, умела яе прапанаваць. У “Літары” прадаўцы вопытныя, амаль ці нават больш за дваццаць гадоў працуюць. У шапіках гандлюе кантынгент рознага досведу і ўзросту. Самаму старэйшаму прадаўцу, у Бароўцы, Валянціне Крывец — ужо семдзесят. Вядома, вопыту ёй не займаць.
У цэлым жа гандлёвыя кропкі “Белсаюздруку” паспяхова адаптаваліся да работы ва ўмовах рыначнай эканомікі. Скажам, у мінулым годзе тавараабарот толькі па безнаяўнаму разліку склаў каля шасцідзесяці тысяч рублёў, крыху меней — па наяўнаму. Таму не дзіўна, што работа прадаўцоў была высока адзначана на прадстаўнічай выставе.
Уладзімір МІХНО.
На здымку: прадавец магазіна “Літара” Таццяна Кандыбайла.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.