Для кожнага яблычка — свой час

4 ліпеня 002Напэўна, работнікі дзіцячага сада ў аграгарадку Вялікі Поўсвіж мелі рацыю, калі ў адказ на маю просьбу расказаць пра сваю ўстанову паціскалі плячыма: “А што тут расказваць, садзік як садзік, жывём як усе”.
Садзік як садзік… Вось толькі адзін цікавы момант: да іх прывозяць дзяцей некаторыя бацькі нават з Лепеля. Прынамсі, мяне гэты факт здзівіў. Спрабаваў высветліць у загадчыцы Алесі Бедункевіч, магчыма, гэтыя сем’і маюць мясцовыя карані. Аказалася, зусім не. Проста ўдалося пераканаць бацькоў, што выхаванне ў малакамплектным дзіцячым садку ні колькі не горшае, чым у любым “крутым” гарадскім. А чаму яно ўласна тут павінна быць горшым? Вось яны, паўсвіжане, пабывалі на абласным семінары, паездзілі па розных дзіцячых садах і прыйшлі да цвёрдай высновы, што іх — ніколькі не горшы.
4 ліпеня 003Пайшла мода ў дашкольных навучальных установах націскаць на адукацыйны працэс. Вунь дзяўчынка ў адным з дзіцячых садоў дэманстравала свае веды ў галіне шчыльнасці рэчыва. А ці не зарана пяцігадоваму дзіцяці заглядваць у лабірынты фізікі? Атрымліваецца, як у той папулярнай дзіцячай песенцы: “Нагружать всё больше нас стали почему-то, нынче в школе первый класс вроде института». Для кожнага яблычка — свой час. Яшчэ паспеюць дзеці вырасці, і каму трэба стаць вундэркіндам, той ім стане.
Чым вясковае дашкольнае выхаванне горшае за гарадское? У Поўсвіжы, магчыма, меней камп’ютараў у садку, чым у гарадскіх? Дык ці гэта горш? Цяперашнія дзеці і так амаль з калыскі перасяляюцца да манітораў і планшэтаў, простыя звычайныя дзіцячыя забавы на вуліцы — рэдкасць і экзотыка. Прыбавіць камп’ютар малому ведаў, а вось здароўя дакладна не прыбавіць.
Выхавальніца Таццяна Кажан распавядае, з якім захапленнем дзеці займаюцца фізкультурай, музыкай, маляваннем, проста пазнаннем навакольнага свету. Малыя вядуць спецыяльныя сшыткі па матэматыцы і курсе “Чалавек і свет”. Кожны тыдзень месяца — новая тэма: знаёмства з групай, вывучэнне садавіны і гародніны, дрэў, грыбоў і г.д. Летась рабілі музей лістоты, аформілі альбом, назіралі за ветрам, дажджом, мурашкамі і г.д. Няма магчымасці ездзіць па экскурсіях, няма транспарту, а вось у музей даўніны да мясцовага краязнаўцы Васіля Шкіндзера схадзілі з задавальненнем. Таццяна Мікалаеўна ўжо не першы год у сферы дашкольнага навучання. Яна запэўнівае, што дзецям гэта вельмі падабаецца, бо яны надзвычай цікаўныя, дапытлівыя. Быў хлопчык, якому вельмі падабалася назіраць за жыццём дажджавых чарвякоў. Ён увогуле па натуры батанік. Стаў іх збіраць. Астатнія таксама захапіліся. У выніку хлопчык ледзьве не плакаў ад крыўды, што яго сябры сабралі больш.
Пазнаваць свет і асэнсоўваць сябе ў ім дзецям падабаецца і без камп’ютара, у жывой прыродзе. Праўда, не ўсё, чым захапляюцца дзеці, лічаць прымальным некаторыя дарослыя. Адсюль і зусім не бясспрэчнае перакананне, што ва ўмовах малакамплектнага дзіцячага сада і пры дэфіцыце так званых тэхнічных сродкаў выхавання надзвычай цяжка выхоўваць якасна. З такой пазіцыяй можна паспрачацца, бо жыццё паказвае адваротныя прыклады. Асоба выхавальніка — важней за любыя сродкі.
— Дзіму прывяла маці, — расказвае Таццяна Мікалаеўна. — Бачу, без настрою хлопчык. Ён у нас з характарам. Не хоча распранацца. Я яго ўзяла на рукі, пакачала-развесяліла. Усё стала нармальна. Дзяцей любіць трэба — і гэта галоўнае. А як жа цікава яны бачаць гэты свет, як пацешна размаўляюць! “Максімка, дзе быў?” “Хварэў”. “І што балела?” “Галава. Не, ну цуд цудны, балела галава, а ўколы давалі попе”.
Сваё дзіцяці Таццяна спачатку вазіла ў гарадскую школу, пасля перавяла ў мясцовую, лічыць, што тут зусім не горшае дадуць выхаванне.
4 ліпеня 011У Поўсвіжы сямнаццаць дзяцей. Ёсць тэлевізар, DVD, па якім глядзяць мультфільмы, Хапае і розных цацак. Штосьці робяць сваімі рукамі, тое-сёе купляюць не без фінансавай дапамогі бацькоў. Памяшканне вялікае. Зараз, калі працуе ўсяго адна група, і зусім вольныя плошчы засталіся. Шкада, што капітальнага рамонту не было ўжо даўно — няма сродкаў. Але ж тут дзеці, тут павінна ўсё блішчэць, быць яркім, прыгожым. Касметычны рамонт робяць на ўласныя сродкі, часам дапамагаюць бацькі. Ды ці шмат яны могуць дапамагчы?! Ведаем, якія заробкі на сельгаспрадпрыемстве. Тым не менш персанал знаходзіць магчымасць штогод сёе-тое паднавіць, пафарбаваць, асвяжыць. Восем чалавек персаналу. Кацельня ў нас свая. Качагары — на ўсе рукі майстры, дапамагаюць па гаспадарцы. Зімою ў садзе цёпленька. Вокны на зіму старанна заклейваюць, цяпло эканомяць.
Загадчыца працуе тут першы год, прыязджае з горада, пакуль толькі ўваходзіць у курс справы. Ёй старанна і шчыра дапамагаюць вопытныя выхавальнікі Таццяна Кажан і Ларыса Лапко, абедзве мясцовыя. Маюць добры кантакт з бацькамі, у іх і стаж вялікі, і першая катэгорыя.
Сад працуе па праграме “Пралеска”. Летам — адзін варыянт, зімою — другі. Вялікае значэнне надаецца музыцы, фізкультуры. Дворык чысты, утульны, з прыгожымі альтанкамі, аздоблены рознымі казачнымі персанажамі. Садзік як садзік.
Уладзімір МІХНО.
На здымках: за абедам; прыгожы дворык Поўсвіжскага сада.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.