Для лепельской семьи Глазко спорт — это образ жизни

У чым сакрэт жаночага шчасця? Гэтае пытанне мне заўсёды хацелася задаць Ганне Глазко, з якой чытачы нашай газеты завочна знаёмыя.

На старонках раёнкі не рэдка з’яўляюцца нататкі пра дасягненні гэтай дзяўчыны і яе мужа Юрыя. Вядомыя на лепельскай зямлі спартсмены праслаўляюць наш край сваімі дасягненнямі ў лыжных гонках рознага ўзроўню.
Вырашыла, што прыйшоў час расказаць усім пра Ганну, Юрыя і іх дачушку Дашу.
— Дык у чым жа сакрэт шчасця? — задаю пытанне прыгожай, актыўнай, статнай дзяўчыне, якая заўсёды знаходзіцца на хвалі пазітыву.
— Не ведаю, — смяецца ў адказ мая суразмоўца. — У мяне з дзяцінства валявы характар, стараюся не марнаваць час на канапе ў сумным настроі. Заўсёды штосьці раблю, эксперыментую, імкнуся ісці наперад і гляджу ў будучыню з пазітывам, што б ні здарылася.
Так, на самой справе яна заўсёды ў дзеянні. Толькі бачыла ў сацыяльных сетках, што яна выпякала смачны пірог, ужо — на прагулцы з мужам і дачкой. А праз пэўны час Ганна займаецца творчасцю… да глыбокай ночы.
— Складана жыць у такім рытме?
— Зусім не, мяне ніхто не прымушае. Усё, што я раблю, выконваю з вялікім задавальненнем. Нават калі Дашы патрэбна штосьці ў дзіцячы сад, магу да позняга часу працаваць над вырабам. Ад выніку потым атрымліваю асалоду.
Дзяцінства Ганны прайшло ў вёсцы Докшыцкага раёна. Яна заўсёды сябравала са спортам, прадстаўляла сваю школу на раённых, абласных і рэспубліканскіх спаборніцтвах.
І нават калі пайшла працаваць, выступала ў розных спартыўных баталіях за арганізацыю, дзе рупілася, а часам і чужую.
— Выдатная фігура, здаровы лад жыцця… Напэўна, ніколі не было праблем з лішняй вагой?
— Глыбока памыляецеся. Быў перыяд, пасля нараджэння дачушкі, калі адчувала сябе зусім не ў форме. Разумела, што трэба штосьці мяняць. Здавалася, як і раней, займалася спортам, але ж памер вопраткі павялічыўся.
І вось напярэдадні свайго дня нараджэння ў 2018 годзе Ганна ўбачыла публікацыю пра Святлану Паваляеву, якая робіць нашых лепельскіх дзяўчат прыгожымі. Пасля сустрэчы з фітнес-трэнерам была выпрацавана дыета. Улічваючы, што ў мая суразмоўца на той час ужо выхоўвала маленькую дачушку, наведваць разам з іншымі жанчынамі спартыўную залу не мела магчымасці.
Такім чынам, Ганна працавала па індывідуальнай праграме амаль паўтара года. Тут абавязкова трэба дадаць, што яна з той кагорты людзей, якія па жыцці прытрымліваюцца прынцыпу: “Не магу падвесці чалавека, які траціць на мяне час!”.
— Даводзілася складаць сабе меню на тыдзень, дасылаць яго Святлане, абмяркоўваць, удакладняць, мяняць… Мая вага на той час была амаль 74 кілаграмы.
Дзяўчына на працягу ўсяго дня сачыла за лічбамі фітнес-бранзалета. І нават калі ўжо Даша і муж спалі, а яшчэ не было запланаваных 10 тысяч крокаў, пачынала рухацца да патрэбных лічбаў.
Праз тры месяцы, дзякуючы падтрымцы і прафесіяналізму Святланы, а таксама вялікай сіле волі Ганны, амаль 10 кілаграмаў зніклі ў нікуды.
Лыжаролерная гонка. Як усё пачыналася…
Так склаліся абставіны, што Юрыю Глазко, які ўсё сваё свядомае жыццё сябруе са спортам, па стане здароўя патрэбны былі рэгулярныя фізічныя заняткі на асобныя групы мышцаў. На сямейным савеце муж і жонка задумаліся, які від спорту будзе больш карысным і аптымальным у дадзеным выпадку.
— На лыжах мы заўсёды любілі катацца. Тым больш, такія фізічныя нагрузкі ўмацоўваюць сардэчна-сасудзістую і дыхальную сістэмы, развіваюць мышцы спіны, рук і ног. Мужу гэта было вельмі патрэбна. Зімой – усё зразумела, а як жа летам…
Лыжнікі для падтрымання добрай формы павінны трэніравацца цэлы год. Лыжаролеры — выдатная магчымасць не страціць форму за летні перыяд і палепшыць тэхніку. Юра даўно сябруе з лыжаролерамі, а я навучылася на іх катацца ў мінулым годзе.
Першы раз спрабавала на інвентары мужа, ды яшчэ ў яго вялікім абутку. Шматлікія падзенні мяне не пужалі, а толькі матывавалі на дасягненне сваёй мэты. У асноўным на трэніроўкі выязджаем у аграгарадок Поўсвіж.

Урэшце наш раён і нават Віцебскую вобласць прадстаўляем на рэспубліканскім узроўні ў Кубку Рэспублікі Беларусь па лыжаролерах сярод аматараў і ветэранаў.
Як мы ўжо нядаўна расказвалі на старонках газеты, на дыстанцыі 15 кіламетраў класікай сярод мужчын Юрый Глазко падняўся на 3-ю прыступку п’едэстала, сярод дзяўчат на дыстанцыі 15 кіламетраў вольным стылем Ганна заняла 1 месца.
Сям’я Глазко прыехала на Лепельшчыну ў 2011 годзе і адразу ўлілася ў актыўную плынь раёна. На лепельскай лыжні яны заўсёды ў першых шэрагах. Калі трэба, і ў іншым відзе спорту паўдзельнічаюць.

Кожны год хвалююцца спартсмены, каб зіма была снежная. Як толькі выпадае дастатковы пласт белага покрыва, дапамагаюць пракладваць у горадзе лыжную трасу: шукаюць тэхніку, прыганяюць бураны, каб утрамбаваць яе.
Вельмі ўдзячныя Юрый і Ганна мясцовай уладзе, а таксама дырэктару раённага фізкультурна-аздараўленчага цэнтра Сяргею Буйніцкаму за тое, што былі набыты дзве пары прафесійных лыжаў для трэнiровак i спаборнiцивау.
Акрамя лыжнага спорту дружная сям’я Глазко займаецца бегам, яздой на веласіпедзе і іншымі фізічнымі заняткамі. Тут хочацца адзначыць, што і маленькая Даша, якая ў гэтым годзе пойдзе ў першы клас, ужо паступова далучаецца да актыўнага ладу жыцця.
Таксама дзяўчынка з вялікім задавальненнем дапамагае маці пры стварэнні сапраўдных шэдэўраў. Кветкі з гафрыраванай паперы, свяцільні ў выглядзе лялек з ізалону і іншыя цікавыя рэчы, вырабленыя маці і дачушкай, звычайна становяцца падарункамі для сяброў.


А яшчэ дзяўчаты пякуць смачныя пірагі, якія потым разам з татам і мужам смакуюць за сямейным сталом. А пасля вячэры могуць у даміно ці шашкі згуляць. Здавалася б, простыя жыццёвыя рэчы, аднак менавіта такія дробязі робяць іх дружнымі, яшчэ больш роднымі і блізкімі адзін да аднаго.
Як адзначае Ганна, для яе Юрый не толькі муж, а і самы блізкі сябар, а дачушка, увогуле, самы дарагі на свеце чалавек.
Заўсёды цёплыя словы пра Юрыя і Ганну кажуць загадчыца і выхавальнікі ясляў-сада №9, бо гэтая сям’я заўсёды прыходзіць на дапамогу, удзельнічае ў любым конкурсе, акцыі і не толькі…
Любіць спартыўная сям’я праводзіць вольны час на дачы ў Докшыцкім раёне, недалёка ад бацькоў Ганны. Так, на прыродзе, яны адпачываюць па-сапраўднаму — душой і целам.
А спорт для іх стаў ужо неад’емнай часткай жыцця, магчымасцю падтрымліваць круглы год добрую фізічную форму, трымаць сябе ў тонусе і весці здаровы і актыўны лад жыцця.
Наталля Храпавіцкая.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.