Доўгі шлях на Бацькаўшчыну

Пшонко Н.У 1979 годзе малады, зухаваты хлопец Коля Анікей, якога прыслалі на працу ляснічым Слабадскога лясніцтва, сціпла стаяў на парозе невялікай хаткі Марыі. Яна жыла адна, муж памёр ад тыфу напрыканцы вайны. Час ад часу брала да сябе на кватэру спецыялістаў, якія прыязджалі ў вёску на працу. Перавагу аддавала дзяўчатам. На гэты раз Марыя паддалася на ўгаворы Уладзі­міра Булаха ўзяць кватаранта, бо ў хлопца, які туліўся за плячамі суседа, яна ўбачыла рысы сваіх сыноў, што чакала доўгія гады.
Марыя Сямёнаўна распавядала Мікалаю пра сваіх сыноў, паказвала фотаздымкі. Старэйшы, Мікалай (1917 года нараджэння), пасля заканчэння Свядскай школы ў 1935 годзе паспеў папрацаваць загадчыкам магазіна ў Слабадзе. Затым падаўся ў Мінск, адтуль па накіраванні Сталінскага райваенкамата яго адправілі на вучобу ў лётнае вучылішча.
У званні старшага сяржанта з першых дзён вайны служыў лётчыкам-знішчальнікам 931-га зні­шчальнага авіяцыйнага палка 5-й паветранай арміі. Пілатаваў самалёт І-153 “чайка”. Авіятары стрымлівалі наступленне немцаў на Каўказ, вялі паветраную разведку, прыкрывалі чыгуначныя станцыі, пераправы, аэрадромы.
19 лістапада 1942 года Мікалай Пшонка ў чарговы раз вылецеў на баявое заданне, з якога не вярнуўся. Яго самалёт быў збіты агнём зенітнай артылерыі ворага і зваліўся ў лесе ля пасёлка Гойтх Туапсінскага раёна Краснадарскага краю. Толькі ў 1944 го­дзе маці атрымала “пахаронку”, дзе значылася, што Мікалай прапаў без вестак.
Павел быў маладзейшы за брата на тры гады. Пасля школы працаваў у калгасе. У 1940 годзе быў прызваны на службу ў войска, з’яўляўся курсантам Львоўскай палкавой школы. Недзе там, пад Львовам, у першыя месяцы вайны і губляюцца яго сляды. У пахавальным лісце на Паўла запісана, што ён прапаў без вестак у чэрвені 1941 года.
…Марыя Пшонка памерла, калі ёй было сто тры гады. На зямлі жанчыну так доўга трымала надзея, што дачакаецца з вайны сыноў. Нават праз многія дзесяцігоддзі яна не магла далёка адысціся з падворку, а раптам нехта з яе хлопчыкаў вернецца і не заспее маці дома.
Мікалай Анікей працягваў захоўваць у сваёй сям’і рэчы, якімі жанчына даражыла ўсё жыццё. Неаднойчы пераглядала рэліквіі жонка Мікалая Маргарыта, настаўніца гісторыі Слабадской школы. Яна і вырашыла сабраць як мага больш звестак пра братоў Пшонкаў, калі пашчасціць, то даведацца пра іх ваенны лёс. Шукала інфармацыю, дасылала запыты ў архіў Міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі, запісвала ўспаміны тых, хто памятаў землякоў. Назбіралася дастаткова матэрыялу на цэлую даследчую работу, якую і напісала разам са сваімі вучнямі. На жаль, на тую пару так і не ўдалося даведацца, дзе і пры якіх абставінах загінулі браты.
І толькі летась удалося вырваць з небыцця лёс Мікалая Пшонкі. Адбылося гэта дзякуючы пошукавай рабоце ваенна-патрыятычнага клуба “Подзвіг” з Геленджыка. У кастрычніку 2013 года ў пасёлку Гойтх пошукаўцы атрымалі звесткі пра месца падзення савецкага самалёта. Яшчэ ў 70-х гадах мінулага стагоддзя мясцовыя хлапчукі знайшлі на месцы падзення пісталет “ТТ”, які забраў участковы, і значок “Воін-парашутыст”, што атрымлівалі курсанты лётных вучылі­шчаў пасля першага скачка з парашутам.
Буйных фрагментаў самалёта не захавалася. У невялікай варонцы былі знойдзены рэшткі лётчыка, сярод якіх элементы парашутнай сістэмы і гузікі з зоркамі ад гімнасцёркі. Па захаваных фрагментах быў вызначаны тып самалёта — І-153 “чайка”. На адным са знойдзеных лючкоў быў выбіты нумар 7812, а на фрагменце скрыні ад кулямётных стужак — нумар 7822, які таксама мог быць завадскім нумарам самалёта. Астатнія абломкі крылатай машыны знайшлі ў кучы металалому на ўскраіне пасёлка. На адной з канструкцый фюзеляжа вы­дзяляўся нумар 6646. Паводле архіўных дакументаў, самалёты лічылі­ся ў кнігах уліку 5-й паветранай арміі, якая змагалася на Туапсінскім накірунку.
У распараджэнні геленджыкскіх пошукаўцаў былі спісы страт самалётаў 5-й паветранай арміі, пачынаючы са снежня 1942 года. Самалётаў І-153 з нумарамі 7822 і 6646 у гэтых дакументах не было. Значыць, “чайкі” з гэтымі нумарамі былі страчаны раней — у кастрычніку ці лістападзе 1942 года.
Аналіз раёна выканання баявых заданняў савецкімі лётчыкамі, а таксама звестак, атрыманых з нямецкіх архіваў пра месцы, дзе былі збітыя імі савецкія знішчаль­нікі І-153, дазволіў устанавіць, што знойдзены самалёт не мог быць страчаны ў кастрычніку 1942 года. У справе “Лётныя здарэнні 931 ЗАП” утрымліваюцца запісы пра тое, што лейтэнант Краснабаеў не вярнуўся з баявога задання з раёна Навагінская-Шаумян-Гойтх. Адносна старшага сяржанта Пшонкі занатавана наступнае: “19.11.1942 г. пры штурмоўцы войскаў праціўніка ў раёне Гойтх — г. Камяністая збіты малакалібернай зенітнай артылерыяй. Зваліўся ў лес 1 км паўднёва-ўсходняй Гойтх на тэрыторыі, занятай праціўнікам, лётчык загінуў.” У той час тут дыслакаваўся 98-ы горна­стралковы полк немцаў. Знойдзеныя на месцы падзення фрагменты авіяцыйных ракет пацвярджаюць тое, што самалёт выконваў задачу па штурмоўцы пазіцый праціўніка.
Шкада, але нумароў самалётаў у актах расследавання прычын лётных здарэнняў не ўтрымлівалася. Сітуацыю праясніла інфармацыя з ЦАМА Расійскай Федэрацыі. У прыватнасці, у справе “Спіс страт самалётаў і матораў 931 ЗАП за лістапад 1942 г.” указваецца, што самалёт І-153 №6646 быў страчаны “пры баявой рабоце 19.11.1942 года”. У дакладной пра страту крылатай машыны запі­сана, што пілатаваў яе старшы сяржант Пшонка.
Такім чынам, карпат­лівая работа па ўстанаўленні загінулага лётчыка была завершана. Неўзабаве былі знойдзены і яго родзічы. У Слаба­дзе жыве стрыечная сястра Мікалая Зінаіда Садоўская, а стрыечныя браты Сцяпан Пшонка і Уладзімір Пшонка — у Мінску.
Вечны спакой астанкі лётчыка, нашага земляка Мікалая Пшонкі, знайшлі ў роднай зямельцы. Ён пахаваны з воінскімі ўрачыстасцямі на могілках у Слабадзе, побач са сваёй маці…
Валерый ТУХТА.
На здымку: Мікалай Пшонка.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.