До самой пенсии Казимир и Антонина Кошко отработали в сельском хозяйстве

img_6327 Антаніна і Казімір Кашко — прадстаўнікі шматпакутнага ваеннага пакалення, чыё дзяцінства і юнацтва прыпалі на ліхалецце. З 1954 года жывуць яны разам, шчыруюць. Выгадавалі дзяцей, дачакаліся ўнукаў, праўнукаў. Яны, а таксама суседзі, блізкія называюць іх бабуля Антося і дзядуля Казік.

Зараз у Валосавіцкім сельсавеце ёсць тры так званыя польскія вёскі: Весялова, Красналучка і Стайск. А калісьці ў наваколлі пераважалі хутары. Белы Клён, Зафіёўка, Белы Свят — іх назвы зараз мала хто ўжо памятае, нават цяперашняе Весялова тады, да рэвалюцыі, называлася Франтунова. А жылі на хутарах заможныя гаспадары, выхадцы з Польшчы, іх часта называлі шляхтай. Распавядае бабуля Антося:
— Наша сям’я жыла ў Зафіёўцы. У мамы з татам было шасцёра дзяцей. Нам дарослыя расказвалі, што пры цары жылося лепей, сытней, заможней. Каля нас стаяла капліца, куды на вялікія царкоўныя святы з усяго наваколля з’язджаліся вернікі-парафіяне. Прыязджалі на мажных конях, прыгожых вазках, мужчыны-шляхцюкі, жанчыны і дзяўчаты ў чаравіках і прыгожых сукенках. Усіх навакол частавалі печывам, пернікамі і цукеркамі.
А сям’я дзядулі Казіка жыла яшчэ заможней. Яго бацька Ігнацій Антонавіч на пачатку ХХ стагоддзя падаўся на заробкі, з’ехаў ажно ў Амерыку. Пасля рэвалюцыі вярнуўся, маючы капу грошай. Напачатку, расказвалі, меркаваў пабыць на Радзіме некаторы час ды зноў вяртацца, але… Памяняліся часіны, памянялася палітычная сітуацыя. Вырашыў Ігнацій ладзіць жыццё тут. Набыў хутар Белы Клён, ажаніўся з Франяй. Заўважым, што на момант жаніцьбы жаніх меў 40 гадоў, а нявесце толькі-толькі споўнілася 16. І такая розніца не сталася перашкодай для сямейнага шчасця. Шкада толькі, што не доўгі век быў яму наканаваны.
* * *
У 1926 годзе нарадзіўся Казік, а ў 1937-м, як польскага шпіёна, арыштавалі Ігнація. Малодшай дачушачцы было толькі два гады. Тата толькі паспеў сказаць: “Дзеткі, вучыцеся…” Мама з усіх сіл намагалася даць ім адукацыю, але ў той час пра такое заставалася хіба што марыць. Бацька згінуў у Оршы.
Бацьку бабулі Антосі Казіміра Паўлавіча Цупрыняка арыштавалі ў 1935 годзе.
— За што ў тыя гады арыштоўвалі? — абурана кажа бабуля Антося. — Касіў чалавек пожню ды заўважыў, што савецкая каса горшая за літоўку (каса, якая выраблялася ў царскія часы ў Вілейцы). І няма чалавека. Іншы прамовіў прыказку: “Дзякуй Сталіну-грузіну, што абуў нас у рызіну…” І той следам прапаў.
Насталі цяжкія, чорныя часіны. На Казіка, Антосю і дзясяткі іншых школьнікаў навешалі кляймо “дзеці ворагаў народа”, іх нават адсаджвалі асобна. Успамінае Казімір Ігнацьевіч:
— Дзіўныя былі часы. Мы хадзілі ў школу, а нас не выклікалі на ўроках. Мы хадзілі туды, як “на сяло”. А затым такіх, як мы, стала большасць, адносіны да ўсіх сталі роўнымі. Гэта пасля таго, як у дзвюх настаўніц у саміх мужоў арыштавалі. І мы, дзеці, і ўсе вяскоўцы ведалі даносчыкаў, з-за якіх людзей арыштоўвалі. На майго бацьку данос напісаў сусед па прозвішчы Плюта, шмат народу загубіў калгасны брыгадзір Жандарскі.
* * *
Бедна, галодна жылі вяскоўцы ў 1930-х — 1940-х гадах. Асабліва цяжка было вясной, калі леташнія прыпасы заканчваліся. Людзі хадзілі на калгасныя палеткі, шукалі і выкопвалі леташнюю бульбу. Добрым лічыўся дзень, калі ўдавалася знайсці і накапаць хаця б з паўвядра. У маі пачынала расці асака і лебяда.
Пры гэтым маладосць брала сваё. Ладзілі вячоркі, спявалі, танчылі. Хаця часам і абуць на ногі не было чаго.
— Самым папулярным музычным інструментам у наваколлі быў гармонік, — расказвае Казімір Ігнацьевіч, — а самым галоўным гарманістам — Раманоўскі. На цымбалах трынькаў Дрыгель, а на скрыпцы — Адольфа з Красналучкі. Некалькі чалавек умелі на бубне рытм адбіваць. У бацькі таксама гармонік быў, я на ім нават навучыўся патроху пілікаць, але закінуў занятак. Было гэта так. Праз дзень-другі, пасля таго, як тату арыштавалі, мама пайшла яго праведаць, перадачу панесла. За 20 кіламетраў прыйшла пешшу ў Лепель. Там ёй адмовілі ў сустрэчы, сказалі, што бацьку вывезлі. Яна ўсё зразумела. Увечары вярнулася дахаты, а ў нас — вячоркі. У сярэдзіне я сяджу ды на гармоніку граю. Як яна на мяне крычала! Абуралася, маўляў, бацьку забілі, а ты тут граеш! І мяне з таго часу ад гармоніка як бабка адваражыла.
Тата бабулі Антосі Казімір Цупрыняк патрапіў у калонію ў бухце Нагаева. Яму напачатку пашанцавала, узялі на лесапілку. Хоць праца была і цяжкая, аднак кармілі пры гэтым дастаткова, ды яшчэ і грошы нейкія зарабляў. Бабуля Антося ўспамінае:
— Тата некалькі лістоў напісаў, нават грошы дасылаў. У 1941 годзе тэрмін яго зняволення падыходзіў да заканчэння, аднак пачалася Вялікая Айчынная вайна. З зэкаў сабралі вайсковае падраздзяленне, выдалі вінтоўкі і кінулі ў першую лінію. Там тата і загінуў.
Страшным выпрабаваннем стала ссяленне хутароў. Адбывалася гэта наступным чынам: прыходзілі старшыня сельсавета, старшыня калгаса, упаўнаважаныя з раёна, усе пры наганах, і загадвалі перасяліцца з усёй маёмасцю ў вёску. Тэрміну давалі тры дні. І нікога не турбавала, як жанчына адна, з малымі дзецьмі на руках будзе перавозіць хату, гаспадарчыя пабудовы, як будзе абуладкоўвацца на новым месцы. Франя Валянцінаўна з дапамогай старэйшых сыноў змагла перавезці толькі зруб хаты. Дагэтуль дзядуля Казімір са слязамі ўспамінае тыя дні. У хаце не было ані падлогі, ані столі. Страха — жэрдкі з накладзеным на іх мохам, праз які вада цурком лілася ўнутр. Замест печы — вогнішча пасярод хаты, вокны і дзверы занавешаны мешкавінай.
* * *
З даўніх часоў жыхары мясцовых вёсак і хутароў цвёрда прытрымліваліся каталіцкай веры. У 1930-я гады актывісты, змагаючыся супраць рэлігіі, разабралі капліцу, перавезлі яе на мехдвор і зрабілі рамонтныя майстэрні другой Лепельскай машынна-трактарнай станцыі (МТС) у Новых Валосавічах. Пасля вайны ў будынку зрабілі інтэрнат, а ў 1952 годзе ён згарэў. Распавядае дзядуля Казік:
На вялікія святы як толькі ні прымушалі людзей выходзіць на працу! Аднак нашы стараліся прытрымлівацца традыцый продкаў. Актывістка Сакалоўская хацела парушыць іх уласным прыкладам, са сваёй брыгадай пайшла пілаваць лес на Вялікдзень. На яе на дзялянцы стагадовая елка ўпала, загінула на месцы. Іншая летам у вялікае свята пайшла жаць — яе маланкай забіла. Пасля таго вера ў людзей яшчэ больш умацавалася, ніякія актывісты і начальства перайначыць ужо не маглі.
Дагэтуль народ успамінае, як за адзін дзень аднавілі капліцу. Мужчыны напілавалі дошак і зладкавалі будынак, а жанчыны наткалі палатна, аздобілі яго і зрабілі ўпрыгажэнні. Старажылы ўпэўнены, што сама Маці Божая абараніла іх потым, калі пад час чарговай карнай аперацыі вяскоўцы стаялі перад кулямётам. Нечакана аднекуль з’явіўся самалёт, з яго скінулі пакет з паперай. Карнікі прачыталі тую паперу і адмянілі расстрэл.
Пасля распаду Савецкага Саюза аднавіліся службы ў капліцы, ксяндзы рэгулярна прыязджалі, праводзілі абрады. Часта бывалі ў гасцях і ў хаце Кашко. Дагэтуль старыя ўспамінаюць здарэнне і прыгаворваюць: “Цуд здарыўся!”. Гады чатыры таму адбыўся ў іх пажар, ад свечкі загарэўся абрус, агонь перакінуўся на фіранкі, шпалеры. У куце віселі іконы, усе згарэлі, апроч адной, дзе святы Іосіф з дзіцяткам-Езусам. І агонь згас сам сабой. Прыехалі пажарныя, у пакоі поўна дыму, чаду, а агню няма, толькі канапа курыцца. Пасля гэтага дзеці — Валерый, Віктар і Таня — зладзілі ў бацькоў вялікі рамонт, і хата абнавілася.
* * *
Да самай пенсіі Казімір і Антаніна Кашко адпрацавалі ў сельскай гаспадарцы. Муж быў слесарам спачатку ў МТС, потым у саўгасе. Успамінаў, як цяжка было асабліва да вайны і ў першыя пасляваенныя гады. Якую працу давалі падлетку? Баранаваць на кані. Дзённая норма — чатыры гектары. За гэта налічвалі адзін працадзень, за які ўвосень давалі кілаграм збожжа.
Зараз жа яны прызнаюцца, што жывуць няблага, толькі здароўе падводзіць, гады даюць аб сабе знак. Нягледзячы на гэта, дзядуля Казік мінулым летам яшчэ няблага упраўляўся з касой, наводзіў парадак вакол сядзібы. Ды і бабуля Антося не сядзіць склаўшы рукі.
Васіль МАТЫРКА.
На здымку: бабуля Антося і дзядуля Казік Кашко з цудадзейнай іконай.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.