Добрыя справы «Добрага сэрца» лепяльчан

521 Спачатку дзяўчаткі… плакалі. Не, яны, вядома, не заліваліся слязьмі і, тым больш, не паказвалі гэтага дзецям, да якіх прыйшлі пагасціць. Можна плакаць душою. А калі душа спагадлівая, ранімая, то нават і лёгка. Менавіта такая добрая душа ў Надзі Батуры, у Лалі­ты Рубанік, ды і ва ўсіх, хто запісаўся ў «Добрае сэрца». На­дзейка і Лаліта вучацца ў ліцэі, ужо другакурснікі. Палюбілі ліцэй, прывыклі тут, заўсёды навідавоку, у гушчыні падзей. Актывісткі. Удзельнічаюць напоўніцу ва ўсім культурна-грамадскім жыцці ўстановы — танцуюць, спяваюць, у гуртках у розных рукадзельнічаюць.

Зараз вось з вялікай ахвотай далучыліся да цікавага дабрачыннага праекта «Добрае сэрца», ініцыятарамі і кіраўнікамі якога сталі настаўніца Таццяна Перхуровіч і педагог-арганізатар Святлана Стэльмах.

Неяк ездзілі ў Вялікі Поўсвіж да помніка загінулым у Вялікую Айчынную вайну землякам. Ліцэй узяў шэфства над помнікам. Ездзілі ўчатырох. Яшчэ два хлопцы былі — Дзіма Міхайленка і Андрэй Журко. Зачысцілі помнік, літаральна адшліфавалі, каб фарба добра трымалася, пасля пафарбавалі, прыбралі вакол. Вяртаючыся назад разам са Святланай Анатольеўнай, загаварылі пра гурток «Добрае сэрца». А неў­забаве Таццяна Мікалаеўна прапанавала выступіць у карэкцыйным цэнтры. Грунтоўна рыхтавалі канцэрт. Песні, танцы, вершы — у асноўным пра маці, якраз да свята. А вось калі прыехалі ў цэнтр, у дзяўчат слёзы навярнуліся з непрывычкі. Было да слёз шкада дзетак, якім цяжка ў жыцці…

Неўзабаве прывыклі, палюбілі гэтых дзяцей і пасябравалі з імі. І калі наступным разам паступіла прапанова прыехаць яшчэ раз, каб проста пагуляць з дзецьмі, адгукнуліся з радасцю і вялікім задавальненнем. Калі першы раз, на канцэрце, былі і хлопцы, то зараз, «пагуляць», паехала некалькі дзяўчат з гуртка. Гулялі з дзецьмі ў лато і шарыкі, чыталі ім казкі, выразалі з паперы кветкі і зорачкі. Дзве гадзіны праляцелі незаўважна, а затым дзеці не хацелі іх адпускаць. І выхавальнікі былі вельмі задаволеныя, і наказвалі, каб наступны раз прыехалі са сваімі вырабамі, якія рыхтуюць у гуртку. Лаліта з На­дзеяй жывуць у інтэрнаце і хо­дзяць у гурткі саломапляцення і керамікі. Яны вучацца на прадаўцоў, а ім бы быць педагогамі, меўшы такое добрае сэрца. Зрэшты, а хіба прадаўцу зашкодзіць спагадлівасць і ўменне кантактаваць з людзьмі.

522 Узарэ на Ушаччыне сваё поле трактарыст Коля Лунёнак, павядзе «фуру» Лёшка Ставер з-пад Бягомля. Бо і палетку, і тэхніцы таксама патрэбна добрае чалавечае сэрца. Коля акрамя прафесіі трактарыста вывучыцца ў Лепелі на вадзіцеля аўтамабіля, слесара і лесніка, Лёшка праслаўляе родны ліцэй у спартыўных баталіях па валейболе, баскетболе, нядаўна ў Оршу на футбол ездзілі. Ну ды гэта як бы між іншым. А аб’ядноўваюць гэтых падлеткаў усё тыя ж добрыя справы «Добрага сэрца». Хлопцы — першакурснікі, пакуль яшчэ толькі далучаюцца да гэтых спраў, а распавядаючы пра іх, хвалююцца.

У гуртку каля дваццаці падлеткаў-валанцёраў. Павесялілі ўжо на мінулы Новы год дзетак з сацыяльнага прытулка песнямі і жартамі, паелі з імі ў добрай кампаніі пірагоў. Неўзабаве плануюць падрыхтаваць рэтра-праграму і паехаць з ёю у Камень у «Святлі­цу», каб пагрэць сэрцы адзінокім бабулям і дзядулям любімымі іх песнямі.

А ў самім ліцэі прыдумалі свята добрых спраў. Падрыхтавалі да яго канцэрт, а ў фае неўзабаве вырасце «дрэва добрых спраў», галіны якога будуць утрымліваць усё тое добрае, што зрабілі навучэнцы. Спадзяюся, крона ў гэтага дрэва бу­дзе разгалістая і пышная, а карані добра замацуюцца на глебе гэтай навучальнай установы.

На здымках: «Добрае сэрца» — за добрымі справамі.

 Уладімір МІХНО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.