Догнала тетя Инна рептилию, посадила в коробку

img_1676Хочаце — верце, хочаце — праверце. Вось і загадчыца Слабадскога СДК Інэса Лябік не паверыла сваім вачам. Едзе яна надоечы на працу на машыне, і раптам дарогу ёй перабягае… Хто б вы падумалі? Не, зусім не чорная кошка, а шэрая чарапаха. Вы скажаце: “Не перабягае, а перапаўзае”. Ага! Каб жа так! Проста не бачылі, як чарапахі бегаюць. Дагнала цётка Іна рэптылію, пасадзіла ў каробку, на працу забрала. Дзяўчаты прыйшлі на танцы. Жартуе: “Зірніце, якую я вам танцорку прынесла”. У тых таксама вочы па яблыку. Галоўнае, ніхто не ведае, адкуль па Слабадзе чарапаха гуляе.
Для нашай Беларусі такая госця — увогуле суцэльны цуд. Рэдка сустрэнеш у краіне нашай чарапаху балотную, надзвычай рэдка. А тут, у Слабадзе, ні табе балот, ні азёр… і раптам гасціць у аграгарадку рэптылія.
Што ж з ёй рабіць? І тут успомніла цётка Іна пра хлопчыка-батаніка. Справа ў тым, што ёсць у Слабадзе чалавек, якому такі падарунак прынясе незвычайныя радасць і шчасце. Завуць яго Мікіта Бабаед, вучыцца ён у шостым класе і з прыродай размаўляе ў вялікую ахвоту. Кожную кузурку прывеціць, кожнага мятлічка абароніць, кожную птушку заўважыць. Што тут ужо казаць пра звяроў. Забягаючы наперад, скажу, што я таксама сустрэўся з Мікітам і з задавальненнем слухаў яго вясёлы дзіцячы шчэбет.
Хлопчык расказаў мне, як будаваў клетку для мятліка, як гадаваў і выгадаваў з куранят дарослую курыцу і пеўня. Сам, гэта былі не мамчыны куры, гэта, па яго словах, цётка яму персанальна падарыла. І Мікіта іх даглядаў, праўда, не ўсіх куранятак яму давялося вырасціць, некаторыя загінулі. А яшчэ прывезлі яму аднекуль двух трусоў. Колькі ж было ў малога радасці! Колькі ж было яму радаснага клопату! Ды зноў бяда, сабака нейчы ў хляўчук забраўся, клеткі паламаў, трусоў паеў.
Мікіта так вобразна і з такім хваляваннем пра ўсё гэта распавядаў, што было і смешна, і жаласна ў адначассі. Жылі чатыры хамячкі. У тых лёс аказаўся шчаслівейшы. Бегалі яны, бегалі, пакуль не забраліся пад падлогу і не знюхаліся з мясцовымі мышамі. І пайшлі гуляць па падворку гібрыды.
А вось у рыбак і зусім шчаслівы лёс. Жывуць яны дома ў вялізным, літраў на сто, акварыуме, дзе для іх створана ўся водная флора. Плаваюць сабе, спецыяльны корм ядуць ды вока людское цешаць. А яшчэ ёсць два маленькія акварыумы, у трохлітровых слоіках, і адзін нават у бакале. Гэта для “спецрыбак” — гуппі.
Ехалі з бацькам аднойчы па дарозе, перабягаў лось. Страшна было крыху, затое як хораша. Які ж слаўны ён, сахаты лясны прыгажун! Бачылі таксама дзвюх вавёрак, што абмяталі пушыстымі рыжымі хвастамі вершаліны дрэў, зайку, казуляў і нават дзікоў. І што цікава, дзікоў Мікіта зусім не баяўся, не тое, што сахатага.
Вось такі ў Слабадзе жыве хлопчык-батанік. Успомніла пра яго цётка Іна і вырашыла падарыць чарапаху. Ці трэба казаць, што Мікіта быў на сёмым небе ад шчасця. Назаўтра ж прынёс рэптылію ў школу, нібыта паказаць настаўніцы біялогіі. Ды той у школе не аказалася, і наш Мікітка хваліўся сваім шчасцем кожнаму сустрэчнаму. Дайшла чарга і да настаўніка гісторыі Валерыя Тухты. Убачыўшы цікавую знаходку, той, не доўга думаючы, пазваніў знаёмым у запаведнік, а тыя дапамаглі звязацца з Мінскай акадэміяй навук. Цікава было, ці ёсць у чарапахі гаспадар, ці сапраўды гэта наша родная беларуская балотная чарапаха. А для пэўнасці Мікіта сфатаграфаваў любіміцу на мабільнік. Фоткі ў акадэмію навук адправілі.
Прыгледзеліся там вучоныя і тут жа вызначылі, што ніякая яна не айчынная, а самая сапраўдная замежная госця — сухапутная паўднёвая чарапаха. І нават узрост па здымку вызначылі. Сказалі, што паўднёвай госці ўсяго дванаццаць гадоў. Для чарапашага веку гэта нішто, так сабе, садзікаўскага ўзросту чарапашаня. Карміць параілі дзьмухаўцамі, а калі тыя скончацца, лістотай усялякай, сенам. І папярэдзілі, каб у жывую прыроду не адпускалі. Маўляў, не выжыве ваша чарапашка ў суровых нашых прыродных рэаліях.
А тут раптам і сапраўдны гаспадар знайшоўся. Аказалася, у дзесяцікласніка Пашкі Ляйко бацька-дальнабойшчык быў у Казахстане, убачыў на дарозе чарапаху і прывёз у падарунак сыну. У Пашкі чарапаха гуляла вольна па ўсім садзе, балазе ён шчыльна агароджаны металапрофілем. Ела траўку. А яшчэ з задавальненнем уплятала бананы, якімі шчодра кармілі яе гаспадары. Аднак жа усё ж знайшла дзірку, ці то хтосьці брамку не закрыў. І пайшла гуляць па Слабадзе, пакуль не задумала ў клуб на танцы збегаць.
Засмуціўся, вядома, Мікітка, трэба любіміцу яе гаспадару аддаваць. Прынёс Пашку. А той пашкадаваў пачуцці малога: “Ты яе палюбіў? Хай жа ў цябе і застанецца”.
Зараз чарапаха жыве ў Бабаедаў. Месціцца ў невялікай ванне, куды насыпалі пяску, п’е з талеркі ваду, а заадно і купаецца ў ёй. Мікіта збірае для яе дзьмухаўцы. Гуляць па волі адпускаюць з асцярожнасцю і пад пільным наглядам. Маці, Вольга Іванаўна, дарэчы, настаўніца са Слабадской школы, казала, што чарапаха як “упыліла” аднойчы, ледзьве дагналі. Мікіта з задавальненнем сфатаграфаваўся з чарапашкаю. Для поўнага шчасця не хапае яму хіба… казы. Марыць, каб маці завяла козачку, і ён бы яе даіў, бо ўжо ўмее: даіў казу ў цёткі ў суседняй вёсцы.
Ёсць у хлопчыка і іншыя захапленні, вучыцца ў школе мастацтваў, ходзіць у тэатральную студыю, выразае з дрэва, танцуе, але няма для яго радасці большай, чым жывая размова з жывой прыродай.
Уладзімір МІХНО.
На здымку: Мікіта Бабаед са сваёй любіміцай.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.