Долго еще не отпускали лепельчане и гости нашего города Дмитрия Войтюшкевича со сцены

img_5695Шмат прыемных сюрпрызаў падрыхтаваў для лепяльчан і гасцей нашага горада Міжнародны фестываль “У госці да Лепельскага цмока”. Адным з іх стала выступленне на Музычным Алімпе ў гарадскім парку знакамітага беларускага спевака і музыкі Зміцера Вайцюшкевіча. Разаграваць сотні гледачоў у амфітэатры не давялося: два гады таму канцэртная праграма шоумена ўжо гучала тут і выклікала шчырае захапленне, бурныя авацыі прыхільнікаў эстраднага мастацтва. Цяпер апладысменты, ухвальныя воклічы гучалі з самага пачатку спеваў эстраднага майстра. Госць хутка зрабіў прысутных жанчын прынцэсамі і каралевамі, што ім вельмі спадабалася, а затым пераключыўся на мужчын. Прапанаваў іх абараняць, берагчы, паколькі сярэдняя працягласць жыцця мужчын на дзесяць гадоў меншая, чым у жанчын. Наогул, у адной з песень, якую выканаў Зміцер, былі такія своеасаблівыя, дасціпныя словы: “Беларускія мужчыны прыходзяць на свет ва ўкусах камароў”.
Зміцер Вайцюшкевіч паказаў сябе як захапляльны вядучы кабарэ. Спевы ён спалучаў з раптоўнымі слоўнымі заўвагамі, трапнымі гумарыстычнымі каментарыямі і нават уцягваннем гледачоў у разгадванне асобных рэбусаў з тых песень, якія ён выконваў. Прынамсі, паабяцаў падарыць дыск са сваім апошнім альбомам пад назвай “У нашых снах” таму з гледачоў, хто першы скажа, куды буслы “хаваюць свае доўгія насы” ў песні “Калыханка”, верш да якой напісаў Генадзь Бураўкін. Перамагла ў гэтым экспрэс-конкурсе наша госця з Навагрудчыны Ганна Дудзіч, якая спецыяльна прыехала ў Лепель, каб прыняць удзел у Міжнародным фэсце. Пасля спявак пад гітару нестандартна, захапляльна выканаў сапраўдны дзіцячы хіт, пад слуханне якога засынаюць беларускія дзеці ўжо на працягу дзесяцігоддзяў.
Глыбокі адбітак на жыцці і творчасці Зміцера Вайцюшкевіча зрабіла тое, што яго бацька загінуў, калі хлопчыку было толькі тры з паловай гады. Будучага слыннага эстраднага спевака, які нарадзіўся ў 1971 годзе ў пасёлку Бярозаўка Лідскага раёна Гродзенскай вобласці, выхоўвала маці разам са школай і аднакласнікамі. Спявак цікава, займальна распавёў, як у дзяцінстве амаль кожнае лета адпачываў у піянерскім лагеры. Потым ён выканаў адзін са сваіх апошніх эстрадных хітоў — папулярную маладзёжную песню, напоўненую глыбокімі пачуццямі, трапнымі вобразамі і дасціпным гумарам. Гэты твор спявак прысвяціў медыцынскай сястры піянерскага лагера. Ды і няўжо магла камусьці не спадабацца нават з надзвычай патрабавальных гледачоў, якія прысутнічалі на эстрадным канцэрце, песня-балада пра “ваўка галоднага, няшкоднага”?!
Нікога не пакінула раўнадушным і песня-прысвячэнне сваёй маці, якую выканаў Зміцер Вайцюшкевіч. Хаця гэты эстрадны хіт гучыць на беларускай мове, ён уключаны ў адзін з самых папулярных кліпшартаў, якія транслюе расійскі тэлеканал “Шансон”. Штогод ён выступае з асобнай канцэртнай праграмай нават на Міжнародным фестывалі мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”.
Зміцер Вайцюшкевіч праспяваў пад гітару таксама эстрадныя песні на словы Уладзіміра Караткевіча, Адама Русака, Рыгора Барадуліна і іншых знакамітых беларускіх аўтараў.
У выглядзе шчырай удзячнасці за прадастаўленую магчымасць у чарговы раз наведаць Лепельшчыну адну са сваіх слынных песень, якія прагучалі на канцэрце, спявак прысвяціў старшыні райвыканкама Барысу Яфрэмаву.
Гледачы не сумавалі на эстрадным шоу Зміцера Вайцюшкевіча, заўзята падтрымлівалі яго апладысментамі, абменьваліся між сабой біяграфічнымі звесткамі аб эстраднай зорцы. Спявак жанаты з Галінай Казіміроўскай — артысткай спеўнага хору Белдзяржфілармоніі. Мае сына Язэпа і дачку Стэфанію.
Апошнім часам шмат гастралюе за мяжой — у Польшчы, Германіі, Амерыцы і іншых краінах. І паўсюдна сустракае беларусаў, якія сумуюць па месцы, дзе з’явіліся на свет. Песня “Я нарадзіўся тут” добра вядома прыхільнікам спевака і карыстальнікам інтэрнэту, бо яна — сапраўдны гімн роднай зямлі і своеасаблівая візітная картка Зміцера Вайцюшкевіча.
У канцы выступлення на Музычным Алімпе ў гарадскім парку Зміцер Вайцюшкевіч нагадаў, што ў беларусаў ёсць знакаміты брэнд — фактычна ўжо народная песня Ісака Любана на верш Адама Русака “Бывайце здаровы, жывіце багата!”, якую ён з задавальненнем выканаў у сваёй музычнай апрацоўцы.
Доўга яшчэ не адпускалі лепяльчане і госці нашага горада Зміцера Вайцюшкевіча са сцэны, а потым яшчэ гуртаваліся і паблізу возера Лепельскае, набывалі яго дыскі з песнямі і кнігу дарожных нататкаў спевака “Простыя словы” з уласнаручным аўтографам аўтара.
Мікалай ГАРБАЧОЎ.
На здымку: на сцэне амфітэатра гарадскога парка спявае Зміцер Вайцюшкевіч.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.