Домжарыцкая СШ Лепельскага раёна мяркуе падключыцца да міжнароднага праекта «Зялёная школа»

DSC_0073Летам Домжарыцкая СШ мяркуе падключыцца да міжнароднага праекта «Зялёная школа». Што гэта за праект, расказвае настаўніца біялогіі і яго будучы куратар Любоў Лукашук:
— «Зялёнаю школаю» мяркуем ахапіць вучняў амаль усіх узростаў — з першага па дзявяты клас. Будзе весціся шэраг факультатываў па курсах «Зялёная школа» і «Дзікая прырода Беларусі» па пяці накірунках. На факультатывах па энергазберажэнні будзем вывучаць структуру электраспажывання дома і ў школе і спосабы яго скарачэння. Водазберажэнне дасць адпаведныя веды ў галіне водных рэсурсаў і іх рацыянальнага выкарыстання. Факультатыў «Біяразнастайнасць» дапаможа дзецям зарыентавацца ў асяроддзі расліннага і жывёльнага свету, пазнаёміцца з яго відавой структурай. На асобных факультатыўных занятках будзем вучыцца выкарыстанню вытворчых адходаў, як іх пераапрацоўваць і г.д. Пяты накірунак работы — інфармацыйна-экалагічныя мерапрыемствы, у тым ліку ўзаемадзеянне са сродкамі масавай інфармацыі. Зразумела, удзел у праекце плануецца ў цесным супрацоўніцтве з навукоўцамі Бярэзінскага біясфернага запаведніка.
Пакуль жа, на прыступках да «зялёнай школы», у Домжарыцах вядзецца штодзённая карпатлівая праца па экалагічным выхаванні дзяцей, якому вырашылі тут прыдаць дадатковы імпульс. Гэта і зразумела: дзе яшчэ, як не ў цэнтры запаведніка, расціць і выхоўваць юных эколагаў і натуралістаў.
Вельмі цікавы атрымаўся сёлета традыцыйны «Марш паркаў». Адкрыўся ён літаратурна-музычнай кампазіцыяй, затым дзеці стваралі на асфальце малюнкі на экалагічныя тэмы. У межах гэтага ж мерапрыемства прайшоў і фестываль экалагічнай песні: спявалі пра прыроду і яе ахову, пра любімыя расліны і жывёл. Знайшлося месца і аматарам фотасправы. На фотаконкурс «Вясна прыйшла» паступілі фотаздымкі пра прыроду і людзей, пра першыя кветкі, жывёльны свет і г.д. А завяршыўся марш цудоўнай інфармацыйна-забаўляльнай праграмай ля вячэрняга вогнішча на спецыяльна абсталяванай пляцоўцы ля аглядавай вышкі, дзе ўжо не ўпершыню збіраецца школа на падобныя мерапрыемствы. Гулялі, спявалі, забаўляліся.
Сумесна з супрацоўнікамі турыстычнага аддзела запаведніка правялі віктарыну, прысвечаную Дню птушак, на якой паспаборнічалі чатыры каманды дзяцей розных узростаў. Рабілі сінічнікі і шпакоўні, найбольш актыўна — другакласнікі, якія ўсемярых зрабілі сем шпакоўняў.
Экалагічная асвета — справа не толькі ўнутрышкольная. Не так даўно на базе экалагічнага цэнтра запаведніка адбыўся экафорум «Чысты дом». Прыязджалі дзеці са Слабады. Ладзілі конкурс малюнкаў, прымалі ўдзел у акцыі па навядзенні парадку на зямлі.
Дарэчы, экалагічнае выхаванне ў Домжарыцах мае і пэўную камерцыйную афарбоўку. Напрыклад, дзеці збіраюць макулатуру. І не проста збіраюць, а спачатку ім расказваюць, для чаго патрэбна макулатура. Ці кожны з нас ведае, што адна тона зберагае дзесяць дрэў, іанізаваны кісларод для трыццаці чалавек, тысячу кілават электраэнергіі, дзвесце кубаметраў вады, якія выкарыстоўваюцца пры вытворчасці паперы. Сёлета ў школе пад час акцыі «Папяровы бум» сабралі каля васьмісот сарака кілаграмаў макулатуры. Яе збор ператварыўся ў добра адладжаны працэс.
— Бацькі ўжо загадзя ведаюць, што адбудзецца такая акцыя, — кажа намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Таццяна Хацкевіч, — і ўвесь год рыхтуюцца да яе. Назапашваюць старыя газеты і часопісы. Збіраем макулатуру ў магазінах, канторах. Некаторыя дзеці здалі па восемдзесят кілаграмаў.
На базе школы працуе турыстычны гурток. Навуковыя супрацоўнікі, якія яго вядуць, плануюць у будучым арганізаваць з дзецьмі падарожжа па рацэ Бярэзіна.
Уладзімір МІХНО.
На здымку: сябруюць домжарыцкія дзеці з прыродаю.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.