Домжарыцкая СШ Лепельскага раёна

Вывучаюць родны край

Вучні школы сёлета шмат падарожнічалі пешшу, вывучаючы родны край. Малодшыя класы пабывалі ў паходах па тэрыторыі запаведніка — прайшлі па экалагічнай сцяжыне, ля вальераў і г.д. Старэйшыя ездзілі з экскурсіяй у Лепельскі краязнаўчы музей, наведалі “Скарбонку”, цікавіліся вырабамі ткацтва, выставамі карцін мясцовых мастакоў.

Турыстычны гурток

Сёлета на базе школы адкрыўся турыстычны гурток, якім кіруе Аляксей Багавец.

Працуе гурток ад раённага цэнтра дзяцей і моладзі. У дзвюх групах дзеці авалодваюць практычнымі і тэарэтычнымі навыкамі турызму — вучацца сабраць рукзак, правільна раскласці вогнішча, паводзіць сябе ў турпаходзе і г.д. Завершыцца праца гуртка напрыканцы года экскурсіяй ці паходам.

Выбірай што хочаш

У школе працуюць развіццёвыя факультатывы для вучняў малодшых класаў: “Вучыся гаварыць правільна”, “Роднае слова”, “Чароўная скарбонка”, “Вучыся думаць творча”, “Рашэнне тэставых задач”. Вучням сярэдняга школьнага ўзросту прапанаваны факультатывы: “Спартыўныя гульні”, “Зялёная школа”, “Разьба па дрэве”, “Займальная інфарматыка”, “Фізіка вакол нас”. Вучні дзявятага класа займаюцца на факультатывах “Генеалагічнае дрэва маёй сям’і”, “Алгебра вучыць разважаць”. Група дзесяцікласнікаў вывучае на павышаным узроўні матэматыку і фізіку.

Не старэюць душой

Не старэюць душой ветэраны педагагічнай працы, часта бываюць у школе жаданымі гасцямі. Вось і на святкаванні Дня настаўніка можна было пабачыць настаўнікаў-ветэранаў Іну Яўгенаўну Філіпаву, Пятра Ягоравіча Марцінкевіча, Алену Антонаўну Аўтушку. Яны выступілі з добрымі пажаданнямі вучням, паглядзелі канцэрт. Вучні ўручылі ім прыгожыя віншавальныя паштоўкі, запрасілі за “салодкі стол”. Хлопчыкі і дзяўчынкі дапамагаюць ветэранам па гаспадарцы — і дарожкі пачысціць, і дровы скласці.

Ушанаванні

Да Дня пажылых людзей школа па спісах сельскага Савета падрыхтавала паштоўкі-віншаванні жыхарам мікрараёна сталага веку. А ў межах падрыхтоўкі да Дня маці вырашана было аказаць дапамогу адзінокім жанчынам. На святочны канцэрт у школу прыйшло шмат матуль. Вучацца ў Домжарыцах дзеці такіх паважаных аднавяскоўцамі шматдзетных маці, як Таццяна Пацэй, Аксана Спільная, Алена Аўтушка і іншыя.
Віктар ЛЯШЧЫНА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.