Дошкольники на Лепельщине время зря не теряют

У Горскім яслях-садзе Лепельскага раёна час не марнуюць. Выхавальнікі імкнуцца, каб за перыяд наведвання дашкольнай установы дзеці пазналі шмат карыснай інфармацыі пра наш край, яго гісторыю і традыцыі. З гэтай мэтай у рамках акцыі “Самыя прыгожыя месцы майго краю”, якая праводзіцца традыцыйна кожны год, арганізуюцца розныя мерапрыемствы, святы, экскурсіі.

Тым больш летняя пара — час, калі хочацца праводзіць на свежым паветры. На днях маленькія жыхары Горак наведалі раённы цэнтр, і, трэба сказаць, паездка для іх стала сапраўдным падарожжам з цікавымі станцыямі.

Выхавальнікі расказалі малым пра помнік Льву Сапегу, касцёл Святога Казіміра. Пасля гэтага пабавілі час на дзіцячай пляцоўцы ў парку, захапіліся хараством нашага возера, адчулі яго прахалоду ў спёку.

Аднак самай незабыўнай і пазнавальнай станцыяй стаў Цэнтр рамёстваў. І гэта нездарма! Тут працуюць творчыя людзі, якія займаюцца не толькі пашывам традыцыйных касцюмаў, але і даюць магчымасць наведвальнікам сваімі рукамі выпрабаваць тэхналогіі рамёстваў пад кіраўніцтвам.

Здавалася б, засвоіць веды пра ткацтва, ганчарства, саломапляценне, вышыўку дзецям 5-6 гадоў вельмі складана. На самой справе, залежыць, як інфармацыю падаць слухачам. У Цэнтры рамёстваў дакладна ведаюць, чым зацікавіць слухача, нават такога маленькага.

Больш за ўсё дзецям спадабаліся шматлікія рознакаляровыя вырабы, якія перадаюць атмасферу жыцця нашых продкаў. Як аказалася, некаторыя рэчы дзеці бачылі ў сваіх бабуль, ведаюць, для чаго яны прызначаны і нават як імі карыстацца.

Адна з галоўных рыс лепельскіх майстрых — гасціннасць, што адзначаюць не толькі лепяльчане, а і госці горада. Выхаванцы дашкольнай установы таксама адчулі, што ім тут заўсёды рады, а ў канцы экскурсіі яны атрымалі прыемныя сюрпрызы — бранзалеты-абярэгі.

Усе маленькія падарожнікі засталіся вельмі задаволеныя насычанай культурнай праграмай і ўжо дома з задавальненнем дзяліліся з бацькамі яркімі ўражаннямі.

На гэтым экскурсіі не скончыліся. Ужо на наступны дзень дзеці наведалі ўсім вядомы “Цар-дуб” у вёсцы Тадуліна, узрост якога, паводле ацэнак спецыялістаў, складае ад 250 да 400 гадоў.

Дзеці паспрабавалі памераць даўжыню дрэва, убачылі, што яно на самой справе вельмі вялікае і магутнае, адзначылі, што ў спёку можа закрыць ад сонца адначасова шмат людзей.

Як пабываць на прыродзе і не зрабіць сабе пікнік? Пра гэта таксама паклапаціліся выхавальнікі і бацькі. У кожнага дзіцяці быў з сабою сухі паёк, які на свежым паветры здаецца яшчэ больш смачным, чым за сталом на кухні.

А яшчэ падарожнікі загадалі жаданні і ў кары дуба пакінулі манеткі. Па павер’ях яны абавязкова павінны ў хуткім часе спраўздзіцца. Так, нашы падарожнікі, вяртаючыся ў родную вёску, спадзяваліся, што іх жаданні ўжо “стаяць дома на стале”.

У планах на летні перыяд яшчэ наведаць “ЛОДЭ” і арганізаваць шмат падарожжаў і вандровак, якія не толькі будуць цікавымі, а і пакінуць веды пра родны край.

Трэба адзначыць, што сваю мясцовасць маленькія жыхары Горак і суседніх вёсак ведаюць з самага маленства. Паходы на маляўнічае возера Пашына ўжо сталі традыцыйным. Таксама напярэдадні свята Вялікай Перамогі малыя наведваюць мемарыял «Вішанька», дзе ў 1944 годзе была поўнасцю выпалена вёска з аднайменнай назвай, у тым ліку знішчана 36 дамоў і спалена 114 мірных жыхароў гэтага населенага пункта.

Акрамя гэтага, дашкольнікі знаёмяцца з дзейнасцю вайсковых часцей, раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях і іншых структур і арганізацый.

Не магу не адзначыць тых, хто клапоціцца пра маладое пакаленне Лепельшчыны. Вялікі дзякуй выхавальнікам і іншым работнікам устаноў адукацыі, ад якіх у першую чаргу залежыць багацце ведаў юных лепяльчан!

Лета хутка праляціць, трэба лавіць момант…

Наталля Храпавіцкая.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.