«Другі хлеб» на сотках лепяльчан

Гутарым з галоўным аграномам — дзяржаўным інспектарам па каранціне і ахове раслін раённай інспекцыі па насенняводстве, каранціне і ахове раслін Ірынай Александровіч.

— Ірына Аляксандраўна, на сотках вяскоўцаў самай распаўсю­джанай культурай з’яўляецца бульба. Якая небяспека ёй пагражае?

— Бульбе процістаяць тры пагрозы: пустазелле, шкоднікі і хваробы. Змагацца супраць першага трэба традыцыйным спосабам — праполкай. Можна прымяняць і хімпрэпараты, якіх даволі шмат прапануецца ў апошнія гады. Небяспечныя для культуры каларадскі жук і фітафтора. Супраць іх таксама маецца шырокі шлейф прэпаратаў, якія дапамагаюць засцерагчы будучы ўраджай, важна толькі не ўпусціць час. Аднак гэта справы летнія. Зараз жа найбольш пагражаюць бактэрыяльная кальцавая гніль і нематода.

 — Пра першае захворванне магу сказаць, што гады са два яно было зафіксавана на палетках Лепельскай сортавыпрабавальнай станцыі, а вось пра нематоду чую ўпершыню…

— Так, два гады таму ўспышка кальцавой гнілі была зафіксавана на Лепельшчыне. Галоўная небяспека ў тым, што дыягнаставаць гэта захворванне можна толькі ў лабараторных умовах у Мінску. Калі своечасова гэтага не зрабіць, то праз пэўны час палі і клубні будуць заражаныя мікробамі, добрага ўраджаю чакаць не давядзецца. На шчасце, удалося своечасова дыягнаставаць гніль бульбы. Увесь ураджай з таго поля быў утылізаваны, уся бульбаапрацоўчая тэхніка — апрацавана дэзінфекуючымі хімпрэпаратамі, а на поле накладзены трохгадовы каранцін. Узбуджальнікамі гнілі бульбы з’яўляюцца мікраарганізмы, бактэрыі, якія жывуць і размнажаюцца ва ўсіх частках расліны ад клубня да сцяблоў і лістоў. Пры паражэнні ўраджай змяншаецца ўдвая, а паражоныя клубні вельмі дрэнна захоўваюцца, літаральна за пару месяцаў згніваюць.

— А што за нематода?

— Гэта шкоднік, чарвяк, які паражае спачатку карані, клубні, а потым, па меры росту, прані­кае ў сцяблы і лісты. Яго лічынкі перакрываюць хады для пажыўных рэчываў, самі харчуюцца імі, з-за чаго расліна паступова гіне. Цысты нематоды могуць захоўвацца ў рэштках каліўя, у глебе даволі доўга, што дазваляе шкодніку перажываць неспрыяльныя перыяды і з надыходам спрыяльных — зноў ажываць і актывізавацца.

— Якім жа чынам эфектыўна супрацьстаяць пагрозе?

— Надзейных хімпрэпаратаў, якія б давалі стапрацэнтную гарантыю гібелі бактэрый кальцавой гнілі бульбы і цыстаў нематоды, пакуль няма. Ды і як іх дастанеш, калі тыя хаваюцца ў слаях глебы? Самы лепшы спосаб барацьбы і прафілактыкі — рэгулярны севазварот. Агароднікам настойліва рэкамендую для гарантыі добрага і здаровага ўра­джаю выбіраць для пасадкі бульбы свежыя ўчасткі, на якіх да гэтага расла, скажам, трава, дзе за два — тры гады большасць небяспечных для бульбы шкоднікаў загінула. Другі важны чыннік поспеху на агародзе — якасны пасадачны матэрыял. Народная мудрасць “што пасееш — тое і пажнеш” тут пацвярджаецца самым прамым чынам. Акрамя гэтага, у апошнія гады выведзены шэраг сартоў бульбы, устойлівых супраць пашко­джання нематодай. Гэта такія папулярныя на Лепельшчыне сарты, як “скарб”, “сантэ”, “уладар”, “архідэя”, “рагнеда”, “лілея”. А вось сарты “брыз”, “ласунак”, “чарадзей” не з’яўляюцца нематодаўстойлівымі, таму пры іх пасадцы варта быць асабліва пільнымі пры выбары месца.

Васіль МАТЫРКА.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.