Дурманная багна

image11981925Пачну з асабістых назіранняў. У знаёмых, а было гэта гадоў з пятнаццаць назад, сын паехаў вучыцца ў Расію. Вышэйшая навучальная ўстанова прэстыжная, а ён, залаты медаліст, лёгка адолеў прыступку. Першую. І пачалася вучоба. Бацькі як маглі дапамагалі. Часам сябе дужа моцна ўціскалі, апошнюю капейчыну слалі сыну. Маўляў, стане вялікім чалавекам, ім дапаможа пры патрэбе. Аднак праз два гады Юра пачаў слаць дадому ледзь не кожны месяц слёзныя пасланні, што ўсё занадта дорага, грошай не стае. Бацькі прадалі бабуліну кватэру, перавезлі старую да сябе.
Тым часам любімы сын, адзіная бацькоўская на­дзея, усё радзей стаў бываць дома ў час канікул. Што такое? Захваляваліся родныя. Падаліся ў Маскву. Кінуліся ў інтэрнат, а там Юры нямашака. З паўгода таму, кажуць, адлічылі за пропускі лекцый і непаспяховасць. Мае знаёмыя адразу веры не далі. Як так, залатая галава — і адлічаны. І за што — непаспяховасць!
Адшукалі Юру ў прытоне. Наўкола шпрыцы і непрыемны пах, а хлопцы і дзяўчаты — напаўтрупы… Юра злосна глядзеў пакутным затуманеным позіркам спадылба на родных лю­дзей, маліў даць баксы на дозу. Матуля няўцямна схапілася за трохногі брудны стол і спаўзла на замальцаваную, закіданую смеццем падлогу. Страціла прытомнасць…
Як пакінуць роднага сына. Забралі дадому. Шукалі клініку. Юра ж цягнуў з дому ўсё, што трапляла пад руку. Нават матуліна заручальнае кальцо знёс за дозу. Бацька ўладкаваўся на дзве работы, жонка падрабляла прыбіральшчыцай у магазі­не. Ледзьве цягнулі нагрувашчаны непад’ёмнымі праблемамі сямейны воз. Нарэшце так-сяк паднакапілі грошай, клініку знайшлі. І што? Юра сканаў ад перадазіроўкі. Гору бацькоўскаму не было межаў…
Зло ёсць зло. Наркатычнае — асаблівае. На пачатковай стадыі яно выкараняльнае, у тым ліку і ў моладзевым асяродку. Найперш бацькі павінны сачыць за сваімі нашчадкамі. Любыя падазроныя адхіленні ў паводзінах павінны не на жарты ўсхваляваць. Не ўтойваць трагедыю, а біць трывогу, змагацца за лёс нашчадка ўсімі магчымымі сродкамі!
А што людзі ў пагонах? Праваахоўныя органы Лепельшчыны многае робяць па выкараненні наркатычнага зла. Скажам, двойчы летась праводзіліся прафілактычныя акцыі «Стоп «Спайс!». Ва ўсіх установах адукацыі арганізоўваліся выступленні перад непаўналетнімі на дадзеную тэматыку з дэманстрацыяй відэа­фільма аб шкодных для фізічнага і псіхічнага здароўя наступствах ужывання наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў, а таксама прававых наступствах і крымі­нальнай адказнасці за незаконныя дзеянні ў дачыненні да такіх рэчываў (захоўванне, набыццё, збыт і інш.).
Гэта толькі адна відавочная грань масіраванага наступлення на вызначаным напрамку. У навучальных установах выяўляліся асобы і факты з пункту гле­джання аператыўнай цікавасці. У прыватнасці, атрыманы звесткі аб асобах, што навучаюцца ў Мінску і абласных цэнтрах, адкуль, па наяўнай інфармацыі, паступае асноўная маса курыльных сумесяў тыпу «Спайс».
Дарэчы, у цяперашні час актуаль­­най ­праб­­­ле­­май з’яўляецца распаўсю­джванне курыльных сумесяў з утрыманнем сінтэтычных канабіноідаў. Эфектыўнымі высілкамі міліцыі з незаконнага абароту канфіскавана 57,5 грама (600 разавых доз) курыльных сумесяў і рэагентаў. Тым не менш, пытанне пакуль застаецца адкрытым. І кропку ў паўсядзённых стасунках з маладзёжнай аўдыторыяй ставіць рана. Курыльныя сумесі па розных нелегальных каналах паступаюць па прызначэнні.
— З зацікаўленымі ведамствамі праводзяцца аператыўна-прафілактычныя мерапрыемствы, накіраваныя на папярэджанне злачынстваў, звязаных з незаконным абаротам наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў у рэгіёне, — адзначыў начальнік аддзела ўнутраных спраў райвыканкама Мікалай Латышаў. — У мэтах недапушчэння пасеву, вырошчвання, збору і распаўсюджвання наркатычных культур, прыняцця да парушальнікаў мер у адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам, атрымання аператыўнай інфармацыі летась, напрыклад, шырокамаштабна ажыццёўлена адмысловая праграма «Мак-201».
— Памятаю такую. Спа­дзяваліся на высокую выні­ковасць. Што ж атрымалі на выхадзе?
— Мяркуйце самі. Выяўлена 28 фактаў вырастання нарказмяшчальных культур: 23 — маку, чатыры — канопляў. Знішчана 56,3 кілаграма раслін маку на плошчы 54,7 квадратнага метра. Складзена 17 пратаколаў аб адміністрацыйных правапарушэннях. У рамках праграмы адпрацаваны ўсе адміністрацыйныя ўчасткі, адбыліся прафілактычныя гутаркі з насельніцтвам.
Меры мэтанакіраваныя, дзеянні рашучыя. На тым не спынілі махавік антынаркатычнага наступлення. Правераны ўмовы захаванасці і магчымасці незаконнага збыту нарказмяшчальных і псіхатропных рэчываў ва ўстановах аховы здароўя (у красаві­ку і лістападзе 2013 г. рэалізаваны мерапрыемствы па спецыяльнай праграме «Допінг -2013»). Дэталёва абследаваны аб’екты, якія выкарыстоўваюць лекавыя прэпараты з утрыманнем наркасродкаў. Пабывалі супрацоўнікі міліцыі і ў аптэках унітарнага прадпрыемства «Фармацыя», уважліва прагле­дзелі медыцынскія рэцэпты на атрыманне наркатычных лекавых прэпаратаў і псіхатропных рэчываў. Якая мэта? Выяўленне падробленых рэцэптаў.
Зверылі апрыходаванне атрыманых ад аптэк наркатычных лекавых прэпаратаў, выкананне парадку водпуску наркатычных лекавых сродкаў участковымі медыцынскімі сёстрамі для іх увядзення хвораму ў працэдурных кабінетах і на даму, выкананне парадку знішчэння выкарыстаных ампул, а таксама парадку спісання і знішчэння наркатычных сродкаў з мінулым тэрмінам прыдатнасці…
Па выніках аператыўна-службовай дзейнасці раённага аддзела ўнутраных спраў па лініі наркакантролю і процідзеяння гандлю людзьмі было распачата 18 крымінальных спраў.
З пачатку бягучага года адбылося пяць злачынстваў у сферы незаконнага абароту наркотыкаў. Лепяльчанін Л., 1995 года нараджэння, на момант догляду супрацоўнікамі міліцыі захоўваў пры сабе здробненае рэчыва расліннага паходжання масай 1,97 грама, якое змяшчае ў сваім складзе наркатычнае рэчыва. Або другі прыклад. Жыхар горада А. таксама затрыманы са скруткам з дурманным зеллем. У стадыі расследавання ў Следчым камітэце знаходзіцца тры крымінальныя справы ў адносінах жыхароў г. Лепеля.
Трывогу выклікае і такі факт. Ва ўрача-нарколага ўстановы аховы здароўя «Лепельская ЦРБ» на ўліку знаходзяцца дзевяць чалавек з адпаведным дыягназам. Наўрад ці ўсе трапілі пад нагляд спецыяліста.
Наркатычная залежнасць не ўзнікае на голым месцы. Прывыканне адбываецца даволі хутка. І пазбавіцца ад згубнай звычкі вельмі цяжка. Курс лячэння працяглы, і тут вельмі многае залежыць ад самога чалавека. А лепей за ўсё — прадухіліць бяду, накіраваць вастрыё прафілактычнага патэнцыялу на выкараненне прычын скочвання людзей у дурманную багну. Пабочных назіральнікаў быць не павінна. Ніхто не застрахаваны ад небяспечнай ва ўсіх сэнсах навалы.
Уладзімір
ШАЎЧЭНКА.

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.