Душманы насядалі, імкліва набліжаліся да верталётнай базы

43Ці мог уявіць сабе Генадзь Кастрыцкі, які нарадзіўся ў 1960 годзе ў вёсцы Двор Таронкавічы Валоса­віцкага сельсавета, што праз пэўны час ён трапіць на вайну ў чужой паўднёвай краіне, дзе перад ім будзе крайне небяспечны, бязлітасны вораг, і рубам штодзённа паўстане канкрэтны выбар: або ён знішчыць свайго непрыяцеля, або сам трагічна загі­не ў гэтай ваеннай мясарубцы?! А пакуль жа Генадзь заўзята гойсаў разам са сваімі равеснікамі па маляўнічым прыродным наваколлі, цудоўнай і непаўторнай па сваёй прыгажосці зямлі.
Аднак час імкліва бег, хлопчык рос і сталеў. У 1977 годзе Генадзь Кастрыцкі скончыў Грыгаравіцкую сярэднюю школу. Набытыя веды і выдатны стан здароўя дазволілі вясковаму хлопцу ў 1978 годзе паступіць на вучобу ў Віцебскі аэраклуб ДТСААФ. На працягу сямі месяцаў авалодваў ведамі і практычнымі навыкамі палётаў на верталётах МІ-1. Час вучобы быў залічаны як тэрміновая служба ў арміі з прысваеннем воінскага звання малодшага лейтэнанта.
Пасля вайсковай службы Генадзя Кастрыцкага неадольна пацягнула ў родныя мясціны. Працаваў трактарыстам у саўгасе “Валосавічы”.
Аднак узорваючы шырокія вясковыя палеткі, барануючы свежую раллю, выконваючы іншыя звыклыя работы на сельскагаспадарчай тэхніцы, Генадзь усё ж так і не змог поўнасцю забыць непаўторную прыгажосць высокіх нябёсаў. Таму ў 1980 годзе зноў вярнуўся ў армію, прайшоў трохмесячную падрыхтоўку на пілота баявога верталёта МІ-24 у Сызранскім вышэйшым лётна-авіяцыйным вучылішчы. Служыў лётчыкам-аператарам у авіяцыйным палку ў Пружанах Брэсцкай вобласці. Ажаніўся. Яго абранніцай стала лепяльчанка Люба.
Ды нечакана ў пачатку жніўня 1982 года паступіў загад аб накіраванні ў Афганістан. Прызямліўся ў горадзе Джэлалабадзе. Тут знаходзілася верталётная база, адкуль Генадзь Кастрыцкі лятаў на баявыя аперацыі.
— На працягу года службы ў Афганістане зрабіў 230 баявых вылетаў на МІ-24 па знішчэнні душманаў, — успамінае Генадзь Іванавіч. — Здаралася, што ў дзень даво­дзілася рабіць па 3-4 вылеты на варожыя пазіцыі. Аднойчы нават сем разоў узнімаўся ў неба, хаця гэта ўжо было на мяжы фізічных магчымасцей і наяўнага рэсурсу тэхнікі.
Без падтрымкі з паветра не абходзіўся ў той час і рух нашых ваенных калон па серпанціне дарог. Нашы верталёты выяўлялі і знішчалі засады душманаў, вялі агонь на паражэнне і ў выпадку нечаканага нападу на нашых ваеннаслужачых стваралі ўмовы для мінімізацыі страт тэхнікі, гібелі воінаў.
У Афганістане даведаўся і аб нараджэнні сына Дзмітрыя.
— За які подзвіг былі ўганараваны медалём “За баявыя заслугі”?
— Душманы неяк разгарнулі шырокае наступленне, імкліва набліжаліся да нашай верталётнай базы ў ваколіцах Джэлалабада. За ўмелае паражэнне ворага з паветра, паспяховае адбіццё атакі на нашы вайсковыя пазіцыі і быў адзначаны гэтай баявой узнагародай.
— Як склаўся лёс пасля вяртання з вайны?
— У пачатку жніўня 1983 года вылецеў з Афганістана на тэрыторыю СССР. Наогул, верталётчыкі тады не служылі ў баявых умовах больш за адзін год. У нас былі вельмі вялікія перагрузкі, ваеннаслужачыя больш не вытрымлівалі фізічна і псіхалагічна. Таму ратацыю лётнага саставу праводзілі кожны год.
Затым служыў у Германіі, Забайкаллі. Быў камандзірам верталёта, штурманам звяна. Даслужыўся да звання капі­тана. У 1992 годзе па стане здароўя быў звольнены ў запас.
Жыву з жонкай у Лепелі. Сын з сям’ёй асталяваўся ў Мінску, гадуе двух сыноў Арцёма і Мікіту, якія вучацца адпаведна ў першым і пятым класах.
Мікалай ГАРБАЧОЎ.
На здымку: Генадзь Кастрыцкі.
Фота з сямейнага архіва.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.