Двор Парэчча

Сваю гісторыю, насычаную цікавымі фактамі мінуўшчыны, маюць не толькі вялікія, але і маленькія паселішчы. Адна з такіх вёсачак, Двор Парэчча, размяшчаецца на ўсходнім беразе маляўні­чага возера Чаросава.
Яшчэ паўтара стагоддзя таму на месцы колішняй вёскі стаяла панская сядзіба з гаспадарчымі пабудовамі. Такі тып пасе­лішча называлі фальваркам ці дваром. Бліжэй да панскага маёнтка была вёска Парэчча. Яе назва азначае месца каля ракі. Сапраўды, яна размешчана на беразе невялікай рачулкі, што ўпадае ў возера Дзявочае.
Спалучэнне двух слоў “двор” і “Парэчча” надало назву новаму паселішчу. Адбылося гэта акурат з прыходам да ўлады бальшавікоў у 1917 годзе. Паны збеглі, а сяляне, што калісьці на іх працавалі, засталіся жыць на сваім месцы.
Старажылы вёскі ўзгадваюць прозвішча колішніх уладальнікаў тутэйшых мясцін. Гэта паны Снарскія. Згодна са звесткамі, пададзенымі ў кнізе “Памяць. Лепельскі раён”, у 1878 годзе нашчадкам Яўбезія Снарскага належала 477 дзесяцін зямлі (519 гектараў). У гаспадарцы меўся вадзяны млын, які быў пабудаваны на ручаі, што злучае два бліжэйшыя возеры. Панскі пакой размяшчаўся на высокім беразе, недалёка ад возера Чаросава. Пасля 1917 года ў ім жылі простыя людзі. У гады Другой сусветнай вайны немцы прыстасавалі будынак пад склад з абмундзіраваннем, а потым яго спалілі.
Апошняя ўладальніца маёнтка Парэчча — Соф’я Снарская. Была жанчынай адзі­нокай, вялікіх багаццяў не мела, па той прычыне і заставалася незамужняй. Такія высновы зрабілі ў свой час старажылы вёскі. Яны ж распавядалі і пра тое, што сватаўся да Соф’і нейкі паніч. Ужо было ўсё падрыхтавана да вяселля, але ў апошні момант жаніх перадумаў браць за жонку бедную паненку.
Адна са старэйшых жыхарак вёскі Антані­на Бойка распавядала пры сустрэчы, што ў дзяцінстве, капаючы бульбу, знайшла залаты пярсцёнак. Па апісанні быў ён даволі шырокі, з чырвонага золата. Жанчына ўпэўнена, што тая знаходка належала Соф’і Снарскай. Акрамя кляйма і даты “1917”, на пярсцёнку былі выгравіраваны дзве вялікія літары “с”, якія маглі азначаць ініцыялы паненкі. Самае дзіўнае, што выпадак са згубленым кольцам — гэта не прыдумка, а рэальны факт. Толькі ў той час панскія слугі не здолелі знайсці ўпрыгожанне. Так некалькі дзесяцігоддзяў яно і праляжала ў зямлі.
Пасля таго, як усталявалася новая ўлада, Соф’я Снарская, пераапрануўшыся ў беднае сялянскае адзенне, непрыкметна пакі­нула сваю спадчыну. Людская пагалоска пранесла па наваколлях чутку, што сышла яна ў Польшчу да родзічаў. Як драпежнікі, кінуліся сяляне шукаць у панскіх пакоях золата, але так нічога і не знайшлі.
Адвіравалі над вёскай гады вайны і непрацяглага ўздыму. Зараз Двор Парэчча болей нагадвае дачны пасёлак.
Валерый Тухта.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.