Двум жителям Лепельского района грозит уголовная ответственность за сбитого лося

34644 Нядаўна на Лепельшчыне адбыўся выпадак неадназначны, які прымушае задумацца. Непадалёк ад вёскі Рожна аўтамашынай быў збіты лось. Вадзіцель потым тлумачыў, што на дарогу перад ім раптоўна выскачылі тры жывёліны, дзве паспелі збегчы, а трэцяй не ўдалося. Уначы інспектары ДАІ і егеры шукалі збітую ахвяру, але не знайшлі, падумалі, што тая атрымала не надта цяжкія пашкоджанні і збегла далей у лес.

Раніцай па дарозе на “Жыгулях” ехалі мужчыны 1959 і 1960 гадоў нараджэння, адзін жыве ў вёсцы Рожна, другі – у Барсуках. У кувеце, у кустоўі заўважылі збітага лося-сяголетка. Рожненец і кажа прыяцелю: “Глядзі, колькі мяса марна прападае, давай возьмем сабе.” Прыяцель адмовіўся: “Мне мяса непатрэбнае. Але ты, калі хочаш, бяры.”

Мужчына ўсю тушу забіраць не стаў, адрэзаў толькі кумпяк, загрузіў у багажнік, прыяцель адвёз яго і груз дахаты.

Днём егер Бярэзінскага біясфернага запаведніка знайшоў збітага ноччу лося. Пайшоў па слядах, якія прывялі да… суседа.

Вясковец недаўмяваў, маўляў, нічога крымінальнага не рабіў, не паляваў, не браканьерыў, падабраў толькі тое, што на ўзбочыне дарогі ляжала. Аднак з 24 кастрычніка 2014 года ў Крымінальным кодэксе дзейнічае артыкул 282-1 (Незаконныя перамяшчэнне (транспарціроўка) або раздзелка дзікіх жывёл), па якім прадугледжана крымінальная адказнасць ад штрафа да пазбаўлення волі.

Васіль МАТЫРКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.