Дыплом і мяккая мэбля

IMG_3871Напрыканцы мінулага года рэспубліканскі прафсаюз работнікаў АПК разам з рэдакцыяй “Сельскай газеты” абвясцілі конкурс сярод сельскагаспадарчых прадпрыемстваў і арганізацый на ўзорны парадак і лепшае добра­ўпарадкаванне. Спаборніцтва праводзілі ў некалькіх намінацыях. У адной з іх, на лепшую малочнатаварную ферму, перамогу атрымаў робатызаваны комплекс СВФ “Заазер’е” ў Старым Лепелі. Уручаць заслужаную ўзнагароду прыехалі старшыня рэспубліканскага прафсаюза работнікаў АПК Уладзімір Навумчык і намеснік галоўнага рэдактара “Сельскай газеты” Мікалай Шчарбачэня.
Уладзімір Фаміч сказаў:
— Беспарадак заўсёды ідзе поруч з бязладдзем, безгаспадарчасцю, абыякавасцю. Падлічана, штогод з-за гэтых фактараў народная гаспадарка Беларусі не далічваецца больш за трыльён рублёў. Таму пытанні добраўпарадкавання выхо­дзяць у разрад дзяржаўных. Вельмі рады ўручыць вам заслужаную ўзнагароду, жадаю, каб вы не зніжалі тэмпаў, а працавалі яшчэ лепей!
— Я — вясковец, мой бацька працаваў загадчыкам фермы, а маці — даяркай, — зазначыў Мікалай Шчарбачэня. — Яшчэ падлеткам дапамагаў ім, карміў жывёлу, пасвіў. Вельмі добра памятаю тагачасныя фермы: бруд, смурод. Гумавыя боты не заўсёды ратавалі ад гразі, асабліва ў дажджлівае надвор’е. А мама даіла кароў уручную, малодшы брат часта ёй дапамагаў. Зараз жа — зусім іншая справа. Усюды заасфальтавана, на працу можна прыходзіць у басаножках. Апошняе слова ў малочнай вытворчасці — робатызаваныя комплексы, як тут, у Старым Лепелі. Віншую ўвесь калектыў з перамогай!
Госці перадалі дыплом працаўнікам.
Акрамя дыплома жывёлаводы атрымалі яшчэ і грашовую прэмію, на якую быў набыты камплект мяккай мэблі для пакоя адпачынку.
Пасля гэтага гаспадары запрасілі гасцей на невялікую экскурсію па вытворчым аб’екце. Робатызаваны комплекс — адзін з маякоў сельгасвытворчасці ў Віцебскай вобласці. Цалкам праект ацэньваецца ў 60 мільярдаў рублёў. Амаль палова гэтых сродкаў была затрачана на закупку, устаноўку і наладжванне навейшага абсталявання.
Комплекс працуе крыху больш за паўгода, выходзіць на праектную магутнасць. У прыватнасці, адзін будынак запоўнены дойнымі каровамі, другі — цялушкамі, якія, ацяліўшыся, ідуць на раздой. На сёння з іх даюць прадукцыю больш за 150 галоў, надой на карову — 22 кілаграмы малака за суткі.
Малако са Старога Лепеля здаецца толькі гатункам “экстра”. Даяркі атрымліваюць ад чатырох да шасці мільёнаў рублёў у месяц.
На развітанне гаспадары падарылі гасцям кнігу пра роднае прадпрыемства.
Васіль МАТЫРКА.
На здымку: Мікалай Шчарбачэня і Уладзімір Навумчык уручаюць дыплом Святлане Ляйко.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.