Дзе Палявежа ў Эсу ўпадае

IMG_0351Юшкі — невялікая вёсачка, першая на дарозе да Слабады ад скрыжавання з трасай Мінск — Віцебск. Расказваючы аб паходжанні яе назвы, старажылы абавязкова прывядуць паданне, якое чулі ад сваіх бацькоў і дзядоў. Нібыта каля двухсот гадоў таму, як толькі была пабудавана Бярэзінская водная сістэма, на адным з бліжэйшых шлюзаў на рацэ Эса наглядчыкам быў прызначаны Юшко, а пасяліўся ён са сваёй сям’ёй якраз на гэтым месцы.

Сям’я была вялікая, дзяцей у ёй гадавалася багата, таму шмат было людзей з адным прозвішчам. Па іх вёска і атрымала сваю назву. Старэйшая жыхарка Антаніна Трафімаўна Пшонка ўспамінае:
— У Юшках здаўна жылі сем’і з пяццю прозвішчамі: Міхно, Фраловы, Быкавы, Ляйко і, уласна, Юшко. Цяпер жа з карэнных прозвішчаў захаваліся толькі Міхно і Фраловы, нават Юшкоў у Юшках няма. Я сама да замужжа мела прозвішча Міхно, а як выйшла замуж за Васіля з суседніх Вілаў, так прозвішча і памяняла.
Як жылі юшкаўцы сто, дзвесце гадоў таму, пастараемся зараз уявіць. У гэтым нам дапамогуць успаміны старэйшых жыхароў вёскі — Фёдара Мікалаевіча, Ганны Кузьмінічны Фраловых і Антаніны Трафімаўны Пшонка.
Земляробства ў Юшках і цяпер з’яўляецца цяжкай працай, што казаць пра падзеі векавой даўніны. І адной з галоўных акалічнасцей была зямля. Вакол — лес, а ў лесе, як правіла, глеба пясчаная, жоўценькі пясочак перасыпаецца, рэдкая траўка прарастае, затрымліваюцца на ім хіба сосны за кошт сваёй каранёвай сістэмы, што сягае ўглыбіню — і адтуль пампуе вільгаць. Так і ў Юшках, дзе ні капні — усюды жоўценькі пусты пясочак. Каб зямля хоць трохі радзіла, вяскоўцы яшчэ з восені ўносяць на агароды гной. У каго было болей жывёлы — кароў, свіней, авечак, коней — мог лепш угноіць сваю зямлю. У савецкі час і цяпер гною можна выпісаць у гаспадарцы.
IMG_0356Другая цяжкая акалічнасць — вада. Каб гародніна на пяску не высахла, яе трэба рэгулярна паліваць. Таму вяскоўцы кожны дзень хадзілі з вёдрамі да рэчкі. Добра, калі напярэдадні прайшоў дождж — ён і агароды паліў, і ў бочкі са стрэхаў вада налілася, далёка бегчы не трэба. У адваротным выпадку па дзесяць-пятнаццаць судоў вады трэба прынесці.
Юшкаўцы спрадвеку карысталіся толькі рачной вадой. Каля вёскі працякае рака Эса, якая нясе свае воды ў возера Лепельскае. Другая рэчка, зусім невялікая, мае дзве назвы. Першая — Палявежа, зафіксавана на тапаграфічных картах, другая назва — Серабранка. Адкуль пайшлі гэтыя назвы, чаму адзін геаграфічны аб’ект мае дзве, ніхто са старажылаў нават не памятае. Расказвае Антаніна Пшонка:
— Палявежа выцякае з возера Доўгае, у нас яго яшчэ Прудкоўскім называлі, бо, як ісці з Юшак, перад самым возерам ёсць урочышча Прудок. Таму так юшкаўцы і называлі. Далей рэчка ідзе праз невялікае балота Антокаль. У тым Антокалі б’е шмат крыніц, вада з іх моцна жывіць Палявежу. Вада заўсёды была чыстая, сцюдзёная, мы яе заўсёды бралі, каб ежу гатаваць, бялізну мыць, паліваць. Рыбы даўней у Палявежы вадзілася шмат. Бывала, раніцай ці ўдзень увойдзеш у ваду, сакам пару разоў чарэпнеш — з паўвядра маеш. Хлопцы рэгулярна па рэчышчы праходзілі то з заходнікам, то з крыгай, заадно і дно ад расліннасці, бузы ачышчалі. Яно было цвёрдае, у любым месцы раку можна было ўброд перайсці. А зараз рэчку ніхто не чысціць, дно засмецілася. Як ступіш — ледзьве не па калена можаш у глей трапіць. Каля пяці гадоў таму бабры ў некалькіх месцах рэчышча перагарадзілі, узровень паднялі. Вада застойваецца, рыбы значна паменела.
IMG_0358Толькі ў 60-70-ых гадах мінулага стагоддзя вяскоўцы сталі капаць студні на сваіх дварах. Цяпер калодзеж ёсць амаль у кожнага. Фёдар Фралоў расказваў, што, каб зладзіць студню, трэба было самому ўласнаручна адліць з бетону кольцы, бо ў родажы іх не было. Сам прыдумаў і зрабіў апалубку, звязаў з дроту арматуру, па вечарах замешваў раствор і заліваў яго. Урэшце, выкапаў сабе студню на шэсць кольцаў, балазе, грунт лёгкі, пясчаны. Вада ў ёй трымаецца на ўзроўні вады ў рэчках. Аднак чыстая, смачная, бо праходзіць прыроднае ачышчэнне праз шматметровы пясочны фільтр. А апалубку потым папрасіў сусед, каб таксама студню капаць. Так і дапамагалі вяскоўцы адзін аднаму.
Вакол Юшкаў зараз расце малады сасновы лес, падступаючы амаль да самых хат і агародаў. Дрэвы размешчаны стройнымі радамі, відаць, што іх садзілі клапатлівыя рукі. Акрамя гэтага, шмат дрэў у далейшым рассейвалася і акрамя сасонніку, дадаючы зеляніны наваколлю. Між тым у даўнія часы, асабліва ў першыя пасляваенныя дзесяцігоддзі, лесу ў наваколлі было няшмат. Усе землі, дзе было магчыма, пераворваліся і выкарыстоўваліся ў севазвароце, выпасе жывёлы, для сенажацяў. Усе, нават самыя маленькія палянкі, лужкі, абкошваліся ўручную, сена сушылася і звозілася ў стагі. Аднак малаўраджайныя землі паступова былі перададзены лясгасу і засаджаны лесам.
Як і для ўсёй Беларусі, Вялікая Айчынная вайна для Юшкаў з’яўляецца чорнай старонкай. Шмат вяскоўцаў палегла на франтах, у партызанах, шмат загінула мірных жыхароў. Пра адзін трагічны выпадак успамінае Фёдар Фралоў:
— Калі нашы вызвалялі Юшкі, мне ўжо было каля дзесяці гадоў. Бацькі сабралі нас, малых, няхітры скарб ды падаліся з вёскі, каб у балоце пераседзець, пакуль фронт міне. Адбылося гэта даволі хутка, нехта прынёс вестку, што можна ўжо вяртацца. Мы і прыйшлі ў сваю хату, нашы аднавяскоўцы — таксама. Адзін жа чалавек з сям’ёй затрымаўся, запрэжаная брыка загразла ў балоце. Урэшце, выехаў ён на дарогу. У аддаленні стаяў савецкі танк. Танкісты ўбачылі вазок ды ўдарылі па ім з гарматы. Уся сям’я загінула, акрамя адной дзяўчынкі, у якой толькі пазногаць на пальцы пашкодзіла. Танкісты потым на допыце тлумачылі, што падумалі, нібыта гэта паліцаі ўцякаюць.
IMG_0364А потым для вяскоўцаў надышлі гады мірнай стваральнай працы. Вёска тады ўваходзіла ў склад калгаса “Чырвоны ўсход”, які аб’ядноўваў Юшкі і Вілы. Антаніна Пшонка ўспомніла, як пачынала працаваць менавіта ў гэтай гаспадарцы. Аўтара гэтых радкоў зацікавіў прыведзены факт, і было вырашана зрабіць спробу знайсці больш інфармацыі. У архіве рэдакцыі захоўваюцца нумары газет амаль за ўсе пасляваенныя гады. У №2 за пятага студзеня 1950 года на другой старонцы ў паведамленні “Аб аднясенні калгасаў Лепельскага раёна да адпаведных груп па нормах паставак воўны дзяржаве” падаецца табліца з пералікам усіх калгасаў Лепельшчыны — 127. Адзін з іх — “Чырвоны ўсход” Свядскага сельсавета. Тады ж, у 1950 годзе, дзяржавай бярэцца курс на ўзбуйненне калгасаў, дробныя гаспадаркі аб’ядноўваюцца, далучаюцца да больш моцных. Ужо ў №100 за пятага снежня гэтага ж года ў зводцы даецца новы пералік гаспадарак раёна. Іх колькасць скарацілася да 43, калгаса “Чырвоны ўсход” сярод іх няма, хутчэй за ўсё быў далучаны да калгаса “Пражэктар”.
Увогуле, вёска Юшкі ва ўсе гады мела моцныя сувязі з суседнімі Віламі. Хлопцы і дзяўчаты часцей прыглядаліся менавіта да суседзяў. Напрыклад, Ганна Кузьмінічна Фралова родам з Вілаў, выйшла замуж за Фёдара Мікалаевіча, жыхара Юшак. Муж Антаніны Пшонка Васіль Усцінавіч таксама быў родам з Вілаў. Мяркую, сярод жыхароў гэтай вёскі было шмат карэнных юшкаўцаў.

* * *
Сёння Фёдар і Ганна Фраловы жывуць у першым доме злева, як заязджаеш у Юшкі з боку мінскай трасы. Перад домам — акуратны агародзік, на роўных градах растуць бульба, цыбулька, кроп і іншая гародніна. Вяскоўцы, нягледзячы на ўзрост, трымаюць каня. Бэт дастаўся ім, так бы мовіць, у спадчыну. Фёдар Мікалаевіч расказвае:
— Швагерка з мужам трымалі кабылку. Тая ажарабілася, з’явіўся гэты конік. Іх дзеці далі яму мянушку на сучасны манер — Бэт. Потым муж яе памёр, жанчыне каня трымаць цяжка было, таму прапанавала яго мне. А я ўжо мянушку не перайначваў, Бэт — дык Бэт. Конь спакойны, робіць усю працу. Цераз дарогу маю невялічкі агародзік, пасеяў там увесну крыху аўсу, цяпер пакрыху адкошваю ды скармліваю. А з нарыхтоўкай сена праблем няма, травы шмат зараз, толькі касі, не лянуйся. Зяць Сяргей Дзёмка дапамагае. Ды і дзеці, унукі не забываюць, наведваюць. Літаральна ўчора-пазаўчора гасцявалі ў нас, шуму-гаму было, хата не зачынялася, нам з жонкай усё ж весялей.
Антаніна Пшонка жыве за рэчкай Палявежай у дыхтоўнай хаце. Распавядае:
— Хата, дзе я зараз жыву, — мая бацькаўшчына. На гэтым месцы калісьці жыў мой дзед Васіль Міхно. Потым гэтую хату паставіў бацька Трафім. Мы з мужам таксама прыбудоўвалі, абнаўлялі хлявы, кладоўкі. Ужо дваццаць гадоў, як няма на свеце майго Васіля Усцінавіча. Добра, што дзеці, унукі не забываюць. Ёсць нават тры праўнукі, старэйшаму ўжо 16 гадоў. Яны ж дапамагаюць апрацоўваць невялікі агарод каля хаты. А з жыўнасці трымаю толькі ката, сабаку ды дзевяць курэй.
Акрамя Фраловых і Антаніны Пшонка ў Юшках сустрэў яшчэ двух карэнных жыхароў. Уладзімір Шамшур з’яўляецца пляменнікам, сынам сястры Антаніны Трафімаўны. Зараз ён жыве адзін у суседняй, таксама бацькоўскай, хаце. Сваё сямейнае жыццё не заладзілася, жонка з двума сынамі вярнулася на сваю радзіму ва Украіну, толькі зрэдзьчас тэлефануюць. Уладзімір Макаравіч успамінаў, што яго бацька быў родам з Гаразянак, у калгасе ж працаваў вартаўніком, таму меў стрэльбу-дубальтоўку. Мясам сям’я была забяспечана.
— У агарод перыядычна залазілі дзікі, і бацька што прыдумаў — страляў іх проста з хаты. Сядаў вось тут перад акном на табурэтцы, глядзеў на агарод. Ноччу дзіковы статак залазіў у бульбу, а ён — бах, і назаўтра ў нас клёцкі!
А цераз дарогу жыве яшчэ адзін Уладзімір — пляменнік Уладзіміра Макаравіча, сын яго сястры. Аднак пагутарыць з ім не ўдалося, мужчына спяшаўся па сваіх справах.
У Юшках, як і ў многіх вёсках Лепельшчыны, паступова з’яўляецца новая катэгорыя насельніцтва — дачнікі. Людзей вабяць маляўнічыя краявіды, цішыня, лес, багаты грыбамі і ягадамі. Не трэба забываць і пра магчымасць трымаць гаспадарку для падтрымання сямейнага бюджэту. Хату па суседстве з Фраловымі набыў лепяльчанін Уладзімір, апрацоўвае зямлю, завёў жывёлу.
На наступнай сядзібе жывуць Валерый Рыгоравіч і Валянціна Іванаўна, абодва — пенсійнага ўзросту. Яны прыязджаюць з Заслаўя, што за Мінскам. На пытанне, чаму і як былі выбраны менавіта Юшкі, мужчына адказаў:
— Па выхадзе на пенсію хацелася мець дачу, каб было дзе прыкласці рукі, я ж яшчэ не слабы, не хворы. Родам я з Полацкага раёна, таму і дачу хацелася мець дзе-небудзь у гэтым накірунку. Аб’язджаў мясцовасць, разглядаў розныя варыянты, праз сайты райвыканкама шукаў магчымыя для будоўлі ўчасткі. Некалькі разоў з сябрамі адпачывалі на базе паляўнічай гаспадаркі “Заранка”, таму гэтыя мясціны ведаў няблага. Урэшце, каля трох гадоў таму набыў гэты ўчастак. Зараз пастаўлены дом, некалькі гаспадарчых пабудоў, будую лазню з пакоем адпачынку. Словам, асталёўваемся тут капітальна.
— Звычайна як толькі людзі атрымаюць участак, адразу пачынаюць яго абгароджваць глухім плотам з вуліцы ды ад суседзяў. А паміж вашым і Валодзевым участкамі — толькі нітка шпагату на трох коліках, а з боку вуліцы — нічога, — заўважаю.
— А навошта абгароджвацца? Мы з суседам жывём дружна, нам няма чаго дзяліць. Ад вуліцы я пасадзіў шэраг елачак, з гадамі яны вырастуць — будзе яшчэ прыгажэй. Траву я падкошваю, каб занадта не вырастала — парадак. Толькі левы край майго ўчастка мяжуе з рэчкай Палявежай. Рэчка і бераг зараслі хмызняком, непрыемна. На наступны год хачу звярнуцца да мясцовай улады, каб дазволілі мне акультурыць месца. Хачу спілаваць хмызняк, акультурыць бераг ды выкапаць сажалку. Словам, планаў шмат, хапіла б толькі сіл, часу і грошай.
Вось такія яны, сучасныя Юшкі.

* * *
На развітанне запытаўся ў Ганны Кузьмінічны і Фёдара Мікалаевіча:
— Калі ў вас быў самы шчаслівы перыяд жыцця?
— На дзяцінства выпала вайна, — успамінае Ганна Кузьмінічна, — у маладосці цяжка працавалі ў калгасе. Гадавалі дзяцей, вялі сваю гаспадарку, будаваліся — не было часу і магчымасці жыць для сябе, для свайго задавальнення. Затое зараз жывем шчасліва. У нас ёсць усё: дзеці, унукі, свой дом. Гаспадарка хай сабе і невялікая, затое свая. Працуем, каб толькі не сядзець склаўшы рукі. Пенсію дастаўляюць своечасова, аўталаўка прыязджае двойчы на тыдзень. Доктар Людміла Іванаўна Пшонка са Слабады нас рэгулярна наведвае. Так што лепей за ўсё нам жывецца менавіта цяпер.
Васіль МАТЫРКА.
На здымках: Фёдар Мікалаевіч і Анна Кузьмінічна Фраловы; дача ў Юшках; Уладзімір Шамшур ля бацькоўскай хаты; Антаніна Трафімаўна Пшонка — старэйшая жыхарка вёскі.
Фота аўтара.

One thought on “Дзе Палявежа ў Эсу ўпадае

  • 18.08.2016 в 10:45 пп
    Permalink

    Вельмi прыемная новасць!

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.